“Не бойцеся быць прыладамі ў Божых руках, каб распальваць надзею ў многіх, у вельмі многіх сэрцах, якія пакутуюць”, — заклікаў Святы Айцец каталіцкую моладзь Перу.
Папа Леў XIV скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Нацыянальнага дня моладзі, які праходзіць з 30 ліпеня па 2 жніўня 2026 года у Чулуканасе. Гэты горад асабліва блізкі Папу, бо менавіта адтуль, у 1985 годзе, ён распачаў сваё місіянерскае служэнне ў Перу, якое выконваў на працягу дваццаці гадоў. У сустрэчы, арганізавай мясцовым епіскапатам бяруць удзел тысячы юнакоў і дзяўчат з розных дыяцэзій краіны.
“Ад усяго сэрца дзякую вам за тое, што адгукнуліся на гэтую ініцыятыву, якая абнаўляе і ўмацоўвае жыццё Касцёла”, — сказаў Святы Айцец на пачатку свайго прывітання.
“Дэвіз, які аб’ядноўвае вас на гэтай сустрэчы – “Будзь адважным, Хрыстус жыве”. Менавіта ўпэўненасць у жывой прысутнасці Пана сярод нас з’яўляецца тым унутраным агнём, які заклікае нас быць адважнымі і выйсці з зоны камфорту індывідуалізму, каб стаць часткай супольнасці братоў і сясцёр у веры, будаваць сапраўдныя сяброўскія адносіны і сведчыць, што жыць у еднасці з Хрыстом сапраўды магчыма”, — падкрэсліў Пантыфік.
Папа Леў XIV заклікаў юнакоў і дзяўчат шырока расчыніць свае сэрцы, каб прыняць дары, якія Пан пажадае шчодра падарыць ім. “І тое, што вы перажывяце падчас гэтай сустрэчы, не пакідайце толькі для сябе, няхай гэта не застанецца толькі на фотаздымках у вашых тэлефонах ці ў відэа ў сацыяльных сетках. Дзяліцеся гэтым, сведчыце пра гэта сваім жыццём, бо сёння многія людзі маюць патрэбу ў такім радасным і натхняльным сведчанні, якое можа даць малады чалавек, закаханы ў Хрыста. Не бойцеся быць прыладамі ў Божых руках, каб распальваць надзею ў многіх, у вельмі многіх сэрцах, якія церпяць”, — дадаў Святы Айцец.
Напрыканцы відэазвароту Папа даручыў моладзь заступніцтву Маці Божай. “Няхай Яна выпрасіць для вас ласку быць Хрыстовай “соллю зямлі і святлом свету” на гэтай дарагой перуанскай зямлі”, — сказаў Леў XIV.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!