Цікавае мерапрыемства? Цікавая імпрэза? Як лепш сказаць па-беларуску?

Апошнія два дзесяцігоддзі ў нашай мове паралельна выкарыстоўваюцца назоўнікі мерапрыемства і імпрэза. Гэта датычыць і штодзённай вуснай камунікацыі, і пісьмовай практыкі. Але як выглядае сітуацыя з ужываннем названых слоў з пункту гледжання культуры мовы? Паспрабуем разабрацца.

Праведзеныя намі псіхалінгвістычныя даследаванні паказваюць, што лексема мерапрыемства міжволі асацыюецца з нейкай “казёншчынай”, з савецкай рэчаіснасцю, з афіцыйна-справавым ці прынамсі публіцыстычным стылем. А слова імпрэза атаясамліваецца звычайна з чымсьці ўзвышаным, мастацкім, нефармальным. Назоўнік імпрэза ўжываўся яшчэ ў старажытнай беларускай мове, найчасцей са значэннем “пачынанне, задума”. Зразумела, што ў савецкі час слова не выкарыстоўвалася ў нашай мове, хутчэй, з ідэалагічных меркаванняў. Але напрыканцы 90-ых гадоў мінулага стагоддзя названая лексічная адзінка даволі трывала замацавалася ў беларускай лексіцы. Яе фіксуе, у прыватнасці, выдадзены ў 2009 годзе “Слоўнік новых слоў беларускай мовы” (Мінск, с. 151) як сінанімічнае да апелятыва мерапрыемства. І таксама падае акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012, с. 316). Рэгулярна ўжываецца слова імпрэза ў розных сродках масавай інфармацыі: Напярэдадні дзесяць мясцовых бізнэсоўцаў абвясцілі акцыю – той, хто будзе мець квіток з імпрэзы, атрымае зніжку на іх тавары і паслугі (Наша слова, 7.12.11); На імпрэзу “Пад вернай зоркай Венерай”… сабралася шмат аматараў творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (Мы і час, 21.01.12); Купалаўскі музей падрыхтаваў сваю імпрэзу (Краязнаўчая газета, №9, сакавік, 2012).

Але ці заўсёды існуе магчымасць узаемазамены назоўнікаў мерапрыемства і імпрэза? Не, не заўсёды. У асобных кантэкстах немагчымая іх узаемазамена, гэта значыць, што тоеснасць значэння названым словам усё ж неўласцівая. Так, напрыклад, мы не скажам, што “праводзілі імпрэзы па азеляненні тэрыторыі” ці “імпрэзы па вакцынацыі насельніцтва”. Тут падыходзіць якраз словаформа мерапрыемствы. Інакш кажучы, у любой маўленчай сітуацыі можна выкарыстаць слова мерапрыемства, але не кожны раз імпрэза.

Але калі гаворка ідзе пра нешта ўрачыстае, святочнае, то сінанімічны патэнцыял названых назоўнікаў актуалізуецца ў поўнай меры і яны абодва могуць паралельна ўжывацца ў межах выказвання: Вельмі пранізлівым атрымаўся фінал афіцыйнай часткі імпрэзы, калі выступоўцы раптам укленчылі… Мерапрыемства скончылася вясёлым салютам (Віцебскі праспект, 16.09.2010); Сардэчна дзякуем літаратарам… за ўдзел у імпрэзе. Бо падобныя мерапрыемствы сапраўды яднаюць усіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства… (Наша слова, 29.12.2010); У бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася імпрэза ў рамках святкавання 100-годдзя беларускай паэткі Ларысы Геніюш, што цягам усяго году шэрагам мерапрыемстваў і падзей святкуецца па ўсёй Беларусі (Наша слова, 10.11.2010); Напярэдадні Дня абароны роднай мовы па ўсёй Беларусі праходзяць адмысловыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму святу. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску адбылася імпрэза з удзелам Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча (Звязда, 19.02.2011). Як бачна, у прыведзеных кантэкстах дзякуючы выкарыстанню слова імпрэза ўдаецца лёгка пазбегнуць нематываванага паўтору, стылістычна аздобіць выказванне. Выбар той ці іншай лексічнай адзінкі залежыць не ў апошнюю чаргу ад унутраных адчуванняў моўніка, ад сфарміраванага ў яго вобраза і асацыяцый, якія выклікае гэты вобраз у пэўных сітуацыях. І, несумненна, вялікае значэнне мае моўны густ чалавека. Зразумела, што лексема імпрэза стварае больш моцны эмацыйны фон, чым “казённы” назоўнік мерапрыемства. Таму пры выбары аднаго з двух названых сінонімаў з мэтай павышэння культуры маўлення варта аддаваць перавагу назоўніку імпрэза. Напрыклад, фраза Мы былі на цудоўнай імпрэзе з нагоды юбілею калегі гучыць лепш, чым Мы былі на цудоўным мерапрыемстве з нагоды юбілею калегі.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі