Ці варта ў беларускай мове выкарыстоўваць прыслоўе “насамрэч”?

У вуснай і пісьмовай практыцы апошніх пятнаццаці-дваццаці гадоў істотна пашырылася слова насамрэч. Але гэтае прыслоўе не фіксуецца “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” (ТСБМ, Мінск, 1977-1984), няма яго і ў “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” (ТСБЛМ, Мінск, 1996). Дык ці варта выкарыстоўваць у беларускай мове прыслоўе насамрэч?

Паспрабуем разабрацца.

Слова насамрэч ужываецца ў нашай мове як сінонім да ўласнабеларускага прыслоўя сапраўды і калькаванага з рускай мовы спалучэння на самай справе (пар. рус.: на самом деле). Можна меркаваць, што гэта слова ўтворанае паводле аналогіі з пададзеным у ТСБМ з паметай абл. прыслоўем насамперш (Т. 3, с. 304), якое, зрэшты, выкарыстоўваецца ў сучаснай маўленчай практыцы ўсё ж абмежавана. А вось лексема насамрэч даўно і трывала замацавалася не толькі ў вусным маўленні, але і ў публіцыстычным стылі, рэгулярна фіксуецца ў сродках масавай інфармацыі.

Прывядзём канкрэтныя прыклады: Калыханка – насамрэч самая ўзроставая праграма беларускага тэлебачання (Звязда, 14.01.11); Чаму Назарбаеў насамрэч даў дабро на рэферэндум? (Новы час, 28.01.11); Насамрэч у Беларусі вельмі мала майстроў валяння… (Віцебскі праспект, 27.01.11); Месца будаўніцтва знаходзіцца насамрэч насупраць ужо існуючай рэзідэнцыі, у адной з затокаў Мінскага мора (Наша ніва, 13.07.11); Насамрэч, беларусаў ва ўсім свеце за межамі нашай краіны – мільёны (Наша слова, 27.07.11); Насамрэч нават скептыкам сёння зразумела: варыянт вядзення спраў на паперы – больш дарагі для дзяржавы, чым электронны (Звязда, 16.05.12).

Звернем увагу, што названае прыслоўе выкарыстоўваецца на старонках самых розных выданняў – ад цэнтральных да рэгіянальных. А гэта сведчыць пра яго літаратурны статус, тым больш што лексема пададзена і ў акадэмічным “Слоўніку беларускай мовы” (Мінск, 2012, с. 437).

Такім чынам, кожны носьбіт беларускай мовы можа смела карыстацца па-свойму адметным, у пэўнай ступені вытанчаным прыслоўем насамрэч, якое дакладна, трапна перадае сутнасць з’явы.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку