Пюрэ, рагу, антрыкот? А можа, безэ? Галіцызмы ў сучаснай беларускай мове

Мы працягваем знаёмства з лексікай іншамоўнага паходжання, якая ўжываецца ў сучаснай беларускай мове. У папярэдніх артыкулах мы разгледзелі англіцызмы, паланізмы, цюркізмы, германізмы. Сёння ж паспрабуем крыху пагаварыць пра галіцызмы, гэта значыць, словы, якія прыйшлі да нас з французскай мовы. Галіцы́змы (фр.: gallicisme ад лац.: Gallicus – «гальскі») – гэта, зрэшты, толькі афіцыйная назва адпаведнай групы лексікі. У рэальнасці большасць запазычанняў з французскай мовы, што выкарыстоўваецца сёння ў нас, мае лацінскае паходжанне і не суадносіцца непасрэдна з мёртвай цяпер гальскай мовай. Гэта значыць, што словы з лацінскай мовы ўжываліся ў французскай мове, і якраз праз французскую трапілі да нас і замацаваліся ў беларускай мове. Але ў лінгвістыцы прынята такія словы называць менавіта галіцызмамі.

Гісторыкі мовы мяркуюць, што пазычанні з французскай мовы пачалі пранікаць у старабеларускую мову недзе напрыканцы XV – пачатку XVI стст. І найчасцей яны абазначалі назвы адзення, страў ці пэўныя вайсковыя паняцці. Гэтыя групы галіцызмаў дастаткова частотныя і ў сучаснай беларускай мове. Прыгадаем хаця б назоўнікі жакет, камбінезон, рагу, пюрэ, марынад, дэсант, сяржант, гарнізон і інш. Згаданыя словы добра вядомыя ўсім носьбітам беларускай мовы, хоць і захоўваюць пэўныя фанетычныя і марфалагічныя прыметы іншамоўнасці. Дарэчы, найбольш выразнымі фанетычнымі прыметамі галіцызмаў з’яўляюцца наступныя: а) пачатковыя склады бю, пю, фю (бювар, пюрэ, фюзеляж); б) спалучэнні лье, нье ў сярэдзіне слоў (барэльеф, віньетка); в) спалучэнні —аж, —яж у канцы слоў (масаж, грыльяж); г) спалучэнні трох ці нават чатырох зычных у сярэдзіне слова (амплуа, антракт, дывертысмент, экспрэсіянізм). Ну і, безумоўна, варта памятаць, што найчасцей і ў беларускай мове галіцызмы захоўваюць націск на апошнім складзе, як гэта ёсць у французскай мове.

Прывядзём колькі прыкладаў галіцызмаў з розных лексіка-семантычных груп і праілюструем ужыванне некаторых з іх адпаведнымі фрагментамі з мастацкай літаратуры.

  • Назвы адзення: манто, камбінезон, фрак, жакет. Жакет – кароткая жаночая верхняя адзежына (У хату ўвайшла высокая жанчына ў сінім жакеце і з цёплай белай хусткаю на галаве. Мікола Ваданосаў);
  • Назвы страў: безэ, антрыкот, пюрэ, рагу. Рагу – страва з дробна парэзанага і ўтушанага з гароднінай мяса або ўтушанай гародніны з вострым соусам (Цётка Роза нарыхтавала яшчэ рагу з труса, якога на вачах Толі падстрэліў дзядзька. Міхась Лынькоў);
  • Вайсковыя паняцці: дэсант, сяржант, гарнізон, пароль. Пароль – сакрэтнае ўмоўнае слова або фраза для апазнавання сваіх людзей на вайсковай службе або ў канспіратыўных арганізацыях (Пароль і адрас Сашу дала сваячка – падпольшчыца Ядзя Дубіцкая. Іван Новікаў);
  • Лексіка са сферы мастацтва: антрэпрыза, бенуар, бенефіс, канферансье. Канферансье – артыст, які аб’яўляе нумары праграмы на эстрадным прадстаўленні, канцэрце і займае гледачоў у перапынках паміж нумарамі (Гасцей весяліў спецыяльна запрошаны з горада канферансье – немалады ўжо чалавек, гадоў за сорак. Іван Пташнікаў);
  • Назвы асобаў паводле іх дзейнасці: белетрыст, візажыст, мадэльер, паштальён. Паштальён – паштовы супрацоўнік, які разносіць карэспандэнцыю адрасатам (Як і заўсёды, пошту Хадкевічу прынесла паштальён Вера. Алена Васілевіч);
  • Назвы тэхнічных дэталяў: амартызатар, вантуз, пасатыжы, рысора. Рысора – пругкая частка ў экіпажы, аўтамабілі, вагоне, якая знаходзіцца паміж восямі і кузавам і служыць для змякчэння штуршкоў пры яздзе (Было відно, што калі яшчэ так праехаць, то не толькі шкло не вытрымае, а і рысоры наўрад ці астануцца цэлыя. Аляксей Кулакоўскі);
  • Назвы навуковых тэрмінаў і паняццяў: гейзерыт, бензол, жалон, азот. Азот – хімічны элемент, бясколерны газ, які не падтрымлівае гарэння, складае значную частку паветра, з’яўляецца адным з галоўных элементаў жыўлення раслін (Міхась быў добрым аграномам, казаў, што раслінам тут не хапае азоту, таму яны такія нягеглыя. Аляксей Кулакоўскі);
  • Назвы прадстаўнікоў фаўны: бабуін, газель, жырафа, кальмар. Кальмар – галаваногі марскі малюск, мяса якога з’яўляецца каштоўным харчовым прадуктам (На востраве жылі рыбакі, таму частаваліся госці нават кальмарамі. Алена Васілевіч).

Мы прапанавалі вышэй толькі некаторыя лексіка-семантычныя групы галіцызмаў, якія ёсць у сучаснай беларускай мове. Трэба сказаць, што значная частка гэтых пазычанняў належыць да лексікі абмежаванага ўжытку, гэта значыць, выступае ў якасці навуковых ці прафесійных тэрмінаў, абазначае пэўныя спецыяльныя паняцці. Але вялікая колькасць лексем французскага паходжання добра вядомая для ўсіх.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для нашых чытачоў, дапаможа лепш арыентавацца ў лексічным складзе сучаснай беларускай мовы.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук

для друку для друку