У папярэднім артыкуле нашай моўнай старонкі мы разглядалі некаторыя паланізмы, што апошнім часам актыўна ўжываюцца ў беларускай мове. У сённяшнім выпуску нашай моўнай старонкі крыху пагаворым пра функцыянаванне ў сучаснай беларускай мове слоў цюрскага паходжання ці інакш, цюркізмаў.
З просьбай пра гэта да аўтара матэрыялу звярнулася тая самая спадарыня Ганна К. з Мінска, якая цікавілася і мэтазгоднасцю выкарыстання ў камунікацыі шэрагу паланізмаў. У прыватнасці, нашая чытачка піша: “Я ведаю, што ў рускай мове захавалася шмат слоў цюрскага паходжання: юбка, сарафан, сопоги, халат, кафтан і іншыя. Іх там сапраўды шмат. А як з гэтым у беларускай мове? І ці можна было б прысвяціць гэтаму пэўны асобны артыкул?” Нам падаецца, што кароткая характарыстыка ўжывання ў сучаснай беларускай мове цюркізмаў можа быць цікавая для многіх нашых чытачоў. Таму шчыра дзякуем сп-ні Ганне за падказку тэмы, і паспрабуем сцісла асвятліць прапанаванае пытанне.
Так, на самай справе ў рускай мове замацавалася вельмі шмат слоў цюрскага паходжання, што з’яўляецца вынікам адпаведных стадый яе развіцця. Нам цяжка нават здагадацца, што агульнавядомыя і ўжывальныя штодня словы кшталту деньги, лошадь, хозяин, чердак, товарищ, казна, кофе – гэта цюркізмы, настолькі трывала яны ўкараніліся ў рускамоўную камунікацыю, як вусную, так і пісьмовую.
Беларуская мова мела іншыя шляхі свайго развіцця, дзе ўплыў цюрскіх слоў, гэта значыць, пазычанняў найперш з татарскай і турэцкай моў, быў абмежаваны. Таму і да нашага часу дайшла не такая вялікая група цюрскай лексікі, як у рускай мове. Разгледзім некаторыя лексіка-семантычныя групы цюркізмаў сучаснай беларускай мовы. Тыя пазычанні, што не надта часта ўжываюцца, праілюструем прыкладамі з мастацкай літаратуры, каб узнавіць у памяці іх значэнне і прыгадаць яшчэ раз фрагменты з твораў айчынных пісьменнікаў.
*Назвы асобаў: атаман, басурман, казак (Басурман – пра чалавека іншай веры, пра іншаземца: – Ах, басурман! Ах, паразіт! Як ты асмеліўся так спаганіць сан Свяшчэнны? Эдуард Валасевіч);
*Назвы жывёлаў: баран, барс, бугай, сабака (Бугай – самец буйной рагатай жывёлы; бык: Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Платон Галавач);
*Назвы памяшканняў, пабудоў: кабак, мячэць, шалаш (Мячэць – малітоўны дом у мусульман: На ўскрайку стаяла старая мячэць, куды па вялікіх мусульманскіх святах набівалася нямала народу. Сцяпан Александровіч);
*Назвы адзення: армяк, каптан, халат (Армяк – старадаўняя сялянская верхняя вопратка з тоўстага саматканага сукна ў выглядзе світкі: За коньмі па лугах, па лесе / Ў старэнькім сноўдаў армяку. Сцяпан Гаўрусёў);
*Назвы прадметаў харчавання: балык, лаваш, халва (Лаваш – прэсны хлеб у выглядзе аладкі, праснака: Дзяўчына спрытна падала на стол яшчэ гарачы лаваш. Сцяпан Гаўрусёў);
*Назвы колераў: буланы, буры, кары (Буры – шаравата-карычневы: Чорныя, як смоль, валасы і буры ад загару твар, высокі рост і магутныя плечы Арцёма вылучалі яго сярод астатніх у людскім патоку. Мікола Ваданосаў).
Тут мы прапанавалі толькі некаторыя лексіка-семантычныя групы цюркізмаў. Зразумела, што іх ёсць больш. Але, акрамя гэтага, варта назваць досыць папулярныя ў Беларусі прозвішчы, што маюць цюркскае паходжанне. Да прыкладу, гэта Бабаеў, Камай, Солтан, Шахновіч і інш. Ці, скажам, геаграфічныя назвы: Баўбасава, Туркі, Турэц, Чавусы і інш. Як бачна, не толькі агульныя назоўнікі ці прыметнікі маюць цюрскае паходжанне, але і некаторыя ўласныя назвы. А вяртаючыся да пытання нашай чытачкі сп-ні Ганны, заўважым, што ў беларускай мове ёсць цюркізмы, хоць іх непараўнальна менш чым у рускай.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для ўсіх, хто цікавіцца станам сучаснай беларускай мовы, яе лексічным складам.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
