Да праблемы выкарыстання асобных формаў дзеепрыметнікаў у сучаснай беларускай мове

Нядаўна ў рэдакцыю “Каталіцкага Весніка” звярнулася чытачка (на жаль, яна не назвала сябе) з пытаннем, якое нам падаецца надзвычай актуальным.

Прапануем фрагмент з яе допісу без купюр: “Вядома, што для беларускай мовы не характэрна ўжыванне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу з суфіксамі -уч-, -юч-, -ач-, -яч- і суфіксамі —ем-, -ім-. У беларускай мове выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікі з суфіксамі -л-, -ш-, -ўш-, -ан-, -ян-, -ен-, -т-. Некаторыя мовазнаўцы лічаць за норму выкарыстанне дзеепрыметнікаў з суфіксамі -уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ем-, -ім- у навуковым і публіцыстычным стылях. Аднак у гэтых стылях у першую чаргу павінны ўжывацца менавіта правільныя формы дзеепрыметнікаў. Таксама і ў школьным падручніку па беларускай мове напісана, што дзеепрыметнікі з суфіксамі -уч-, -юч-, -ач-, -яч- абмежавана выкарыстоўваюцца ва ўстойлівых зваротах тыпу рухаючая сіла, кіруючая роля, гаворачая асоба, вісячы замок і інш. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: няўжо беларуская мова не мае сваіх сродкаў для напісання такіх “устойлівых зваротаў” менавіта па-беларуску і якія яшчэ ўстойлівыя звароты маюцца на ўвазе пад словамі “і інш.”?”

Адразу хацелася б выказаць нашую шчырую падзяку аўтару пытання, паколькі праблема выкарыстання названых формаў дзеепрыметнікаў з’яўляецца сапраўды надзвычай актуальнай. Паспрабуем разабрацца.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі –уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ем- (-ом-), -ім- ужываюцца вельмі абмежавана, пераважна ў публіцыстычным, афіцыйна-справавым і навуковым стылях, а таксама ў складзе пэўных тэрмінаў, навуковых паняццяў і ў асобных устойлівых спалучэннях. Тут гаворка ідзе менавіта пра згаданыя нашай чытачкай канструкцыі кшталту рухаючая сіла ці кіруючая роля. Дарэчы будзе заўважыць, што названыя вышэй стылі з’яўляюцца досыць кансерватыўнымі з пункту гледжання змяненняў іх лексічных рэсурсаў. Так склалася, што новыя словы ці словаформы далёка не адразу прыжываюцца ў адпаведных тэкстах.

Нярэдка і цяпер можна пачуць меркаванне, што без дзеепрыметнікаў з прыведзенымі вышэй суфіксамі нельга абысціся. Але яшчэ Кузьма Чорны пісаў, што ён ніколі не дапусціць ужывання нават у мастацкім маўленні формаў наккшталт варкуючыя галубы ці сінеючае неба. А Якуб Колас падкрэсліваў, што “без усякай патрэбы і радыё, і беларускія газеты засмечваюць мову неўласцівымі ёй формамі, як выдаткаваемая, засылаемыя, брыгада ўзначальваемая, навучаючыяся, якія не бытуюць у беларускай мове”. Навуковец і пісьменнік Анатоль Клышка скрупулёзна прааналізаваў і аргументавана давёў неўласцівасць беларускай мове дзеепрыметнікаў з суфіксам –уч- (-юч-) у сваім вядомым артыкуле “Пра лямант “уючых” і “лемантуючых” (часопіс “Полымя”, №7. – 1964. – С. 162 – 170).

У сярэдзіне ХХ стагоддзя ўвогуле назіраўся актыўны працэс русіфікацыі беларускай мовы, калі ў слоўнікі настойліва ўпіхваліся нехарактэрныя для нас словаформы. Усё гэта рабілася з адной мэтай: максімальна наблізіць беларускую мову да рускай, каб нашая мова страціла свае спрадвечныя адметныя рысы. Зрэшты, заўважалася гэта яшчэ і ў 80-ыя гады. Да прыкладу, у двухтомным “Руска-беларускім слоўніку” (1989 г.) амаль да кожнага рускага дзеепрыметніка на –ащий— (-ящий-), —ущий— (-ющий-), —емый-, —имый— падаюцца аднамадэльныя “беларускія” адпаведнікі: асвяжаючы, брыючы, дубліруючы, думаючы, любячы, лечачы і інш. Падкрэслім яшчэ раз: гэта не дзеепрыслоўі, а менавіта дзеепрыметнікі (!?) У спалучэннях гэта выглядала б так: асвяжаючы напой, брыючы палёт, дубліруючы экіпаж, думаючы вучань, любячы бацька, лечачы ўрач. Бадай, кожны, хто валодае хаця б мінімальным моўным густам, добра ўсведамляе, што прыведзеныя канструкцыі не маюць нічога агульнага з беларускай мовай. У чым прычына іх выкарыстання ў нашай мове? Думаецца, іх дзве. Па-першае, гэта нізкі ўзровень моўнай кваліфікацыі аўтараў, у чыіх тэкстах мы знаходзім падобныя словаформы. А па-другое, гэта свядомае імкненне да выкарыстання больш “папулярных” канструкцый, паколькі аналагічныя ёсць у рускай мове. На думку такіх гора-аўтараў, вядомыя ўсім формы дзеепрыметнікаў больш дакладна раскрыюць сэнс, перададуць думку. Але такі падыход наносіць непапраўную шкоду культуры нашай мовы.

На практыцы для найбольш дакладнай перадачы сэнсу слоў і канструкцый пры перакладзе на беларускую мову часта выкарыстоўваюцца прыметнікі. Прывядзём колькі прыкладаў: подходящийпрыдатны; скользящийслізготны; звукопроводящийгукаправодны; вызывающийабуральны; уничтожающийзнішчальны; зовущийзаклікальны; дребезжащийбразгатлівы; сияющийзіхатлівы; скорбящийтужлівы; быстрорастущийхуткарослы; пламенеющийагністы; прилегающийсуседскі; начальствующийначальніцкі; седеющийсіваваты; последующийдалейшы; негодующийабураны і г.д.

Таксама сэнс дзеепрыметніка можа быць перададзены праз адпаведны беларускі назоўнік: отдыхающийадпачывальнік; нападающийнападнік; сочуствующийспачувальнік; выступающийвыступоўца; ведущий вядоўца; говорящиймоўнік; служащийслужбовец і інш.

Але вернемся да пачатку нашай размовы. Аўтарка пытання, сярод іншага, таксама заўважае, што і неўласцівыя беларускай мове фарманты ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў кшталту рухаючая сіла, кіруючая роля, гаворачая асоба, вісячы замок. І тут узнікае лагічнае пытанне: а ці можна абысціся без словаформаў з суфіксамі –юч-, —яч-, —ач-? Аказваецца, можна. Мы можам таксама ў пэўных кантэкстах выкарыстаць адпаведна канструкцыі рухальная сіла, кіроўная роля, моўная асоба, вонкавы замок (у сэнсе, не ўнутраны, які ўрэзаны, не ўмантаваны ў дзверы).

І яшчэ раз звернемся да допісу нашай чытачкі. Яна, у прыватнасці, дадае: “Але не заўсёды лёгка правільна ўтварыць форму дзеепрыметніка (прыкладам, як правільна: кіравальны, кіраўнічы або кіраваны). Буду вельмі ўдзячная аўтару моўнай рубрыкі “Каталіцкага Весніка” за дапамогу ў правільным перакладзе на беларускую мову дзеепрыметнікаў, якія даволі часта сустракаюцца”.

Адразу адзначым, што не заўсёды можна аднаслоўна перадаць сэнс рускага дзеепрыметніка на беларускую мову менавіта беларускім дзеепрыметнікам. І гэта цалкам натуральная з’ява. Як і наадварот: далёка не кожнае беларускае слова ці словазлучэнне можа быць аднаслоўна перададзенае па-руску. Дастаткова тут прыгадаць, што ў нашай мове ёсць больш за дзве тысячы слоў (!), якія з’яўляюцца безэквівалентнымі ў рускамоўным дачыненні. Прыгадаем дзеля прыкладу хоць бы назоўнікі буслянка, гарбарня, цагельня, дранікі, імшара і г.д. Сэнс гэтых і сотняў іншых беларускіх слоў не можа быць дакладна перададзены на рускую мову аднаслоўна, бо ў рускай мове проста няма такіх лексічных рэсурсаў. Але паспрабуем дапамагчы нашай чытачцы і прапануем найбольш прымальныя, як нам падаецца, беларускія варыянты да прапанаваных ёй канструкцый. Для больш дакладнага разумення сэнсу праілюструем кожную пазіцыю кароткім кантэкстам.

Квітнеючая (краіна) – квітучая краіна або краіна, якая квітнее: Неверагоднай прыгажосці краявіды ёсць у нашай квітучай краіне.

Знікаючыя (віды раслін і жывёл) – знікальныя або якія знікаюць: Апошнім часам фіксуецца ўсё больш гатункаў знікальных раслін.

Гаручыя сланцы – гарэлыя сланцы: Здабыча гарэлых сланцаў – наша прыярытэтная задача.

Існуючая (рызыка) – наяўная ці існая рызыка: Наяўная рызыка перавышае магчымыя даходы.

Адстаючыя (вучні) – вучні, якія адстаюць: Неабходна лепш працаваць з вучнямі, якія адстаюць у вучобе.

Дзеючае (заканадаўства) – дзейнае заканадаўства: Рашэнне прынятае згодна з дзейным заканадаўствам.

Выконваемыя (работы) – выканальныя працы (работы) або працы (работы), якія выконваюцца: Выканальныя працы патрабуюць больш сур’ёзнага кантролю.

Працуючыя (жанчыны) – працоўныя жанчыны; жанчыны, якія працуюць: Асаблівая ўвага павінна надавацца працоўным жанчынам.

Аплачваемы (водпуск) – аплачвальны адпачынак (водпуск): У мяне цяпер аплачвальны водпуск.

Кіруючыя (кадры) – кіроўныя кадры: Рашэнне будзе прымацца нашымі кіроўнымі кадрамі.

Займаемая (пасада) – пасада, якую нехта займае ці проста пасада: Майго суседа звольнілі з пасады.

Свабоднаканвертуемая (валюта) – свабодна канвертаваная (канверсаваная) валюта: Цяпер зусім не праблема набыць свабодна канвертаваную (канверсаваную) валюту.

Прымаемыя (меры) – меры, якія прымаюцца ці проста меры: Для ўрэгулявання сітуацыі будзе дастаткова тых мераў, якія ўжо прымаюцца.

Вышэйстаячыя (органы) – вышэйшыя органы: Канчатковае рашэнне застанецца за вышэйшымі органамі.

Бягучы (інструктаж) – цяперашні (сённяшні) інструктаж ці проста інструктаж: Усе павінны прысутнічаць на сённяшнім інструктажы.

Змываючыя і абясшкоджваючыя (сродкі) – змывальныя і абясшкоджвальныя сродкі: Сёння ў крамах прапануюцца розныя змывальныя і абясшкоджвальныя сродкі.

Паступаючы на работу – кандыдат на пасаду: Мы правялі размову з чарговым кандыдатам на пасаду.

Работнік лічыцца не маючым дысцыплінарнага спагнання – лічыцца, што працаўнік не мае дысцыплінарнага спагнання: Калі чалавек усё асэнсаваў і раскаяўся, то лічыцца, што працаўнік не мае дысцыплінарнага спагнання.

Ён лічыцца не падпадаючым пад спагнанне – лічыцца, што ён не трапляе пад спагнанне: У такой сітуацыі лічыцца, што ён не трапляе пад спагнанне.

Маючыя памеры сродкаў на прэміраванне – наяўны памер сродкаў на прэміяванне: Наяўны памер сродкаў на прэміяванне не дазволіць заахвоціць усіх працаўнікоў.

Выплаты стымулюючага характару – стымулявальныя выплаты: Стымулявальныя выплаты прадугледжаныя для працаўнікоў з адпаведным прафесійным досведам.

Яшчэ раз падкрэслім, што не заўсёды нам трэба імкнуцца да ўжывання дзеепрыметніка ў беларускай мове толькі таму, што ў адпаведнай рускай канструкцыі выкарыстоўваецца адпаведны рускі дзеепрыметнік. Наша мова самадастатковая, мы можам перадаць сэнс любога сказа ці словазлучэння досыць дакладна, не парушаючы культуры маўлення. Зразумела, што гэта патрабуе добрага ўзроўню валодання мовай.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял паспрыяе нашым чытачам у больш якасным засваенні мовы, дапаможа лепш арыентавацца ў выбары патрэбных граматычных формаў і дазволіць пазбегнуць непажаданых, нехарактэрных для нас канструкцый.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку