Сёстры цыстэрыянкі з Францыі з’яўляюцца захавальніцамі ўнікальнага мастацтва вырабу шакаладу

На працягу амаль 150 гадоў цыстэрцыянскія манахіні з абацтва Боневаль, размешчанага ў самым цэнтры дэпартамента Аверон, культывуюць унікальную для Францыі традыцыю: вытворчасць шакаладу ад пачатку да канца. Будучы адзінымі французскімі законнымі сёстрамі, якія авалодалі гэтым поўным працэсам, яны вырабляюць дзве тоны шакаладу штогод, застаючыся вернымі спадчыне сваіх папярэднікаў і бенедыктынскаму прынцыпу «ora et labora».

«З таго часу, як я ў Боневалі, я ніколі не ела столькі шакаладу!» — смяецца сястра Анастасія. Цыстэрцыянскія сёстры штодня працуюць кандытарамі. Усё пачалося ў 1875 годзе, калі абацтва было зноў адкрыта пасля рэвалюцыі дзесяццю законнымі сёстрамі. Правіла святога Бенедыкта і яго «oration et labora» (ці ora et labora) фарміравалі жыццё законніц. Сёстры шукалі спосаб зарабіць на жыццё і чэрпалі натхненне ў абацтве Эгебель, якое ў той час ужо вырабляла шакалад. Гэтая дзейнасць афіцыйна пачалася ў 1878 годзе, што дазволіла ім заставацца ў кляштары, вернымі сваёй місіі.

Шакаладная фабрыка ў самым сэрцы абацтва

Цікава, што сёстры самі закупляюць сыравіну і вырабляюць шакалад. Яны — адзіныя французскія законніцы, якія робяць гэта нават сёння. Гэты працэс патрабуе мноства машын: «У нас у абацтве ёсць сапраўдная шакаладная фабрыка. Гэта невялікі вытворчы цэх!» — тлумачыць сястра Бернадэт. Спачатку сёстры працавалі вельмі рамесна і выраблялі вельмі мала. Сёння ўсё механізавана, у тым ліку ўпакоўка, якая займае шмат часу. Два кандытары працуюць з сёстрамі, каб забяспечыць бесперабойную вытворчасць.

Супольнасць з дваццаці трох цыстэрцыянскіх законніц з Боневаля, якія паходзяць з Францыі, Польшчы і Габона, прапануе каля пятнаццаці розных відаў шакаладных плітак, якія можна набыць у краме абацтва, на іх сайце або ў рамесных крамах кляштара. Нядаўна гэты асартымент быў пашыраны дзякуючы імпарту какавы з Перу, Сан-Тамэ, Мадагаскара і Эквадора.

«Большасць зерняў паступае з Ганы і Кот-д’Івуара», — падкрэслівае сястра Бернадэта. «Мы купляем цукар у Францыі, і ў залежнасці ад рэцэпту дадаем малако або фундук». Аднак прадукт, якім абацтва славіцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, з’яўляецца malakoff. Гэтая плітка з праліне працягвае радаваць наведвальнікаў Боневаля. Гэта старадаўні рэцэпт, які ўдасканальваўся дзесяцігоддзямі, сакрэт якога вядомы толькі сёстрам.

Трэці флагманскі прадукт: маленькія шакаладныя пліткі з лікёрам. «Цукеркі, якіх вы не знойдзеце больш нідзе, у адрозненне ад класічных „Mon Chéri“!», — запэўнівае сястра Анастасія. Сёстры зараз распрацоўваюць новыя смакі і эксперыментуюць з віскі і нават Chartreuse.

Сярод нядаўніх інавацый — пясочныя ружы, спрэды і «вытанчаныя неапалітэны» — маленькія, вельмі тонкія квадрацікі шакаладу з падсмажаным рысам, пакрытыя фундуком або фісташкамі.

Рэпутацыя з гадамі расце і прыцягвае новых наведвальнікаў. «Мы не робім нічога асаблівага для рэкламы саміх сябе. Многія людзі спецыяльна прыязджаюць за нашым шакаладам, што заўсёды нас здзіўляе», — прызнаецца сястра Анастасія. У пачатку 20-га стагоддзя сёстры нават удзельнічалі ў кірмашах, каб прадэманстраваць свой шакалад, атрымліваючы сімвалічныя ўзнагароды. Аднак, нягледзячы на ​​гэты поспех, сёстры часам адчуваюць трывогу.

«Мы залежым ад коштаў на какава, і, на жаль, нам даводзіцца іх павышаць. Дзякуючы нашаму паўрамеснаму вытворчаму працэсу, нашы шакаладкі становяцца амаль прадметам раскошы», — кажа сястра Бернадэта. «Мы вырабляем каля дзвюх тон шакаладу ў год!» — падсумоўвае сястра Анастасія: «Гэта прадукт, якім мы вельмі ганарымся. Гэта спадчына працы нашых старэйшых сясцёр і ўсяго інжынернага духу, які яны развілі».

pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку