Рыцар з рыштункам ішоў па бруку: германізмы ў сучаснай беларускай мове

У папярэдніх выпусках нашай моўнай старонкі мы разглядалі лексічныя адзінкі, што прыйшлі да нас з польскай і цюрскіх моваў, а яшчэ раней – англіцызмы, гэта значыць, пазычанні з англійскай мовы. Некаторыя чытачы “Каталіцкага Весніка” прапануюць працягнуць аналіз слоў іншамоўнага паходжання, якія рэгулярна ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове. Нам падаецца гэтая прапанова сапраўды цікавай, цалкам слушнай. Таму сёння мы крыху пагаворым пра даволі вялікі пласт лексікі, якая прыйшла да нас з нямецкай мовы, ці разгледзім, інакш кажучы, германізмы.

Германізмаў у нашай мове насамрэч шмат. Толькі сярод лексікі актыўнага ўжытку, гэта значыць, якой мы карыстаемся з большай ці меншай частотнасцю амаль штодня, этымалагічна нямецкіх слоў налічваюцца сотні. І звычайна мы не здагадваемся, што тое ці іншае слова – не спрадвечна беларускае, бо настолькі арганічна лексема ўпісалася ў граматычную і лексічную сістэмы нашай мовы, для нас яно проста сваё, звыклае. Як, да прыкладу, назоўнікі дах, шуфляда, шыльда, вандроўка, ліхтар, цэх, бровар і г.д. Дарэчы, гісторыкі мовы падаюць як першае зафіксаванае ў старажытнай беларускай мове нямецкае слова назоўнік мытапошліна, якое адзначаецца яшчэ ў дамове Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам у 1229 годзе. Заўважым, што нашае цяперашняе слова мытня мае адзін корань са згаданым ужо назоўнікам мыта.

Даволі вялікая група германізмаў трапіла ў беларускую мову праз пасярэдніцтва польскай, таму сёння мы маем значную колькасць слоў, агульных для ўсіх трох моў – нямецкай, польскай, беларускай: абцас, малюнак, махляр, кафля, цэгла і інш.

Можна назваць некаторыя граматычныя прыметы германізмаў. Гэта, у прыватнасці, спалучэнні шт, шп у пачатку слова: штанга, штурм, штандар, шпага, шпалеры, шпіль і інш.; спалучэнне хт у сярэдзіне слова: вахта, шахта, шляхта і інш.; словы з суфіксамі –ар, -яр: рыцар, муляр, гандляр і інш. Цяпер паспрабуем прывесці некаторыя лексіка-семантычныя групы германізмаў, пакажам ужыванне асобных лексічных адзінак у творах беларускіх пісьменнікаў, праілюструем гэта адпаведнымі фрагментамі мастацкіх тэкстаў.

  • Будаўнічая лексіка: гмах, дрот, цвік, цэгла, брук. Брук – укладзеная каменем праезная частка вуліцы, дарогі, плошчы (Ідзе так дзядзька і па бруку / Адзін за дзесяць робіць груку. Якуб Колас);
  • Назвы прадметаў побыту: келіх, шуфляда, шыба, куфаль (кухаль). Куфаль (кухаль) – бакал для піва (Сабе Апейка папрасіў кухаль піва. Пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Іван Мележ);
  • Вайсковая лексіка: варта, куля, пляц, рыштунак. Рыштунак – набор, сукупнасць прадметаў, прыстасаванняў, неабходных для якой-небудзь дзейнасці (Лапецька як апантаны імчаўся дадому, хапаў свой паляўнічы рыштунак і неўзабаве на бліжэйшым балоце ці ў лесе грымела сапраўдная кананада. Макар Паслядовіч);
  • гандлёвая лексіка: вага, вартасць, кірмаш, кошт, рэшта. Рэшта – частка чаго-небудзь, якая засталася (Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. Іван Шамякін);
  • кулінарная лексіка: булка, вафля, гатунак, глазура, шмалец. Шмалец – гусіны тлушч (А зімой без кажуха, валёнак, не абмазаўшы твар шмальцам, і носу не вытыркай. Іван Навуменка);
  • прафесійная лексіка: бухта, вагон, вентыль, друк, шпіталь. Шпіталь – лячэбная ўстанова, звычайна вайсковая (На ганку шпіталя нас сустракае маладзенькая дзяўчына – у белым адзенні санітаркі і ўся ў святле калідора. Янка Брыль).

Зразумела, што мы прывялі толькі некаторыя лексіка-семантычныя групы германізмаў, згадалі толькі пэўныя словы, якія выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове. А вось яшчэ колькі лексем нямецкага паходжання, што вядомыя кожнаму носьбіту беларускай мовы: папера, крама, фурман, цукар, фартух, атлас, коўдра, рэнтген, вентылятар, футра, цыркуль і г.д. Таксама варта звярнуць увагу, што ў беларускай мове ўжываюцца і пэўныя ўстойлівыя спалучэнні, якія паходзяць з нямецкай моваы. У прыватнасці, гэта канструкцыі рабіць з мухі слана (aus einer Mucke einen Elefanten machen), шукаць іголку ў стозе сена (eine Stecknadel im Heuhaufen suchen), адчуваць сябе як рыба ў вадзе (sich fuhlen wie ein Fisch im Wasser), душа ў пяткі ідзе (Das Herz fallt in die Hesen) і інш.

Як бачна, пазычанні з нямецкай мовы актыўна ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове, належаць да розных тэматычных груп, яны адаптаваныя пад патрабаванні беларускай граматычнай сістэмы, карэлююць з правіламі беларускага літаратурнага вымаўлення. І, яшчэ раз падкрэслім, большасць германізмаў так цесна знітаваная з нашай мовай, што некалі пазычаныя нямецкія словы даўно ўжо не ўспрымаюцца як чужародныя.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны і пазнавальны для ўсіх, хто цікавіцца сучасным станам беларускай мовы, а таксама асаблівасцямі яе лексічнага складу.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук

для друку для друку