Англіцызмы ў сучаснай беларускай мове

У сённяшнім выпуску моўнай старонкі мы пагаворым пра ўжыванне ў сучаснай беларускай мове слоў, пазычаных з англійскай мовы, ці інакш, англіцызмаў. Тэму падказаў нам чытач “Каталіцкага Весніка” з Віцебска спадар Аляксей С. У сваім лісце да аўтара моўных матэрыялаў ён, у прыватнасці, піша: “Апошнім часам іншамоўныя словы проста запаланілі беларускую мову. І ў тэлевізійных праграмах, і ў газетах, не кажучы ўжо пра інтэрнэт, усюды сутыкаешся са словамі, значэнне якіх не заўсёды зразумелае. Яшчэ гадоў дваццаць таму такога, здаецца, не было. А цяпер нібыта і абысціся не можам без гэтых іншамоўных выразаў. Усе гэтыя батлы, квэсты, сэлфі, драйвы, дрынкі… Вось і ўзнікла ў мяне пытанне: а як гэта ацэньваюць лінгвісты? Ці сапраўды наша мова не можа існаваць без такой колькасці чужых слоў?”

На наш погляд, закранутая спадаром Аляксеем тэма сапраўды цікавая і актуальная, тым больш што і іншыя нашыя чытачы раз-пораз звяртаюць увагу на дадзеную праблему. Таму паспрабуем крыху асвятліць узнятае пытанне.

Імклівае развіццё тэхналогій у розных сферах жыцця на пачатку ХХІ стагоддзя на самай справе прывяло да істотных змяненняў ў лексічнай сістэме беларускай мовы. Паступова ў камунікацыі замацоўваюцца новыя словы для абазначэння з’яў і паняццяў, якіх раней не існавала або якія называліся інакш. Гэта звязана, зрэшты, не толькі з паскарэннем развіцця міжнародных культурных, эканамічных ці палітычных кантактаў, але і з працэсам лічбавізацыі, калі інфармацыя перадаецца надзвычай хутка і ў розным выглядзе. І тут роля новых лексем вельмі істотная. Пераважная большасць такіх неалагізмаў – гэта, безумоўна, англіцызмы, што з’яўляецца лагічным адлюстраваннем статуса англійскай мовы як асноўнай у свеце. Яны трапляюць у нашу мову або непасрэдна з мовы-асновы, або праз пасярэдніцтва іншых моў, пераважна рускай.

Яшчэ чвэрць стагоддзя таму брытанскі лінгвіст Роберт Філіпсан прапанаваў канцэпцыю “Linguistic Imperialism”, згодна з якой існуе моўная іерархія, дзе англійская займае галоўную пазіцыю. І прыблізна ў гэты ж час у беларускую мову паступова, але няўхільна і ўсё больш інтэнсіўна пачалі пранікаць англіцызмы.

Падобная лінгвістычная з’ява цяпер ужо дастаткова выразна выяўляецца ў розных сферах, але найперш хіба ў беларускім публіцыстычным тэксце і мае не толькі свае камунікацыйныя падставы, але і, скажам так, камунікацыйныя наступствы. Бо ўсё большая колькасць запазычанняў самым непасрэдным чынам уздзейнічае на лексічны складнік сучаснага беларускага тэксту ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, так ці інакш змяняе характар успрымання матэрыялу чытачом ці слухачом, паколькі патрабуе ад яго адпаведнага ўзроўню валодання слоўнымі інавацыямі.

Увядзенне ў кантэкст англіцызмаў нярэдка тлумачыцца жаданнем аўтара надаць матэрыялу нейкае адценне моднасці, загадкавасці, таямнічасці ці нават эксклюзіўнасці. Гэта такая спроба пайграць на пачуццях чытача, падштурхнуць яго да разважання над нечым новым, не да канца асэнсаваным, а таму апрыёры цікавым. Прывядзём колькі прыкладаў з перыядычнага друку: Бугурты, коннае міле і фаер-шоу (Загаловак, Звязда, 7.08.19); Варкаўт і брэйк-данс у Віцебску (Загаловак) Фестываль маладзёжных субкультур пройдзе ў сталіцы “Славянскага базару” (Падзагаловак, Звязда, 13.07.18); Людзі спрабуюць рэалізаваць у жыцці тое, што вынеслі з трэнінгаў коўча. Коўч – гэта спецыяліст, які стварае ўмовы для раскрыцця ўнутранага патэнцыялу кліента… Коўч праводзіць заняткі і курсамі, і праз адзінкавыя сустрэчы (Сямейная газета, 14.02.19).

Можна меркаваць, што нярэдка англіцызмы выконваюць у тэксце ролю адмысловых маркераў агульнага эмацыянальнага фону, максімальна набліжаюць чытача да аўтара ў своеасаблівым віртуальным дыялогу, дазваляючы яму лёгка ўвайсці ў сутнасць матэрыялу. Дык вось такімі маркерамі могуць выступаць агульнавядомыя лексемы, цытаты з нейкіх папулярных выслоўяў ці фразы з кінафільмаў. Напрыклад: Для мужчыны дапушчальныя два “дрынкі” спіртнога… Для жанчыны адпаведна адзін “дрынк (Звязда, 10.01.18); Калі работа “ў кайф(Пастаўскі край, 05.01.2020); Асаблівы “кайф” сядзець у такой цёплай купелі, калі на дварэ халодна і снежна (Пастаўскі край, 15.08.2020); Апошні красавіцкі ўік-энд дасць старт новаму турыстычнаму сезону (Звязда, 14.04.17); Усё зроблена – проста супер! (Загаловак, Веснік Глыбоччыны, 17.08.19); Усё скончылася хэпі-эндам (Звязда, 29.01.20). Можна меркаваць, што “моднае” замежнае слова падсвядома ўспрымаецца шараговым чытачом як пэўны сігнал высокага стылю, вучонасці, прэстыжнасці, нават рэспектабельнасці.

Зразумела, што зусім па-іншаму ў стылістычна-прагматычным плане глядзеліся б у прыведзеных вышэй мікракантэкстах на месцы вылучаных англіцызмаў іх магчымыя, звыклыя нам беларускія адпаведнікі: дзве порцыі спіртнога; адна порцыя; праца ў задавальненне; асаблівае задавальненне; апошнія красавіцкія выхадныя; зроблена – проста цудоўна; усё скончылася шчасліва. Іншае пытанне, як наяўнасць англіцызмаў ацэньваць з пункту гледжання чысціні маўлення, з боку захавання культуры беларускага слова.

Яшчэ адзін цікавы аспект выкарыстання англіцызмаў у сучаснай беларускай мове звязаны са шляхамі пранікнення да нас запазычаных лексем, са спосабамі іх ужывання і граматычнымі формамі, якія ўжо склаліся. Дык вось працэс запазычвання можа адбывацца, у прыватнасці, шляхам транскрыпцыі, калі беларускімі літарамі перадаецца па сутнасці аўтэнтычная гукавая афарбоўка лексемы: Злавіць хакатонскі драйв (Загаловак) Як педагогі і прафесіяналы ІТ-сферы знайшлі агульную мову? (Звязда, 30.03.19); Калі няўпэўнены драйвер едзе побач у суседняй машыне, па магчымасці, паспрабуйце змяніць паласу руху (Звязда, 19.03.19); Сінаптычны трэнд – снежаньскія туманы (Звязда, 15.12.2020); Сусветныя трэнды – за разумную ўрбанізацыю (Звязда, 25.06.2021); Пра што маўчаць аматары хайпу (Звязда, 04.09.2021). Асцярожна: вішынг! (Загаловак)… У нашай краіне пачасціліся выпадкі тэлефоннага махлярства – вішынгу (Звязда, 23.11.19). Пры гэтым зноў жа цікава было б разгледзець альтэрнатыўныя варыянты, больш характэрныя для беларускай мовы. Так, у першым кантэксце можна было сказаць Злавіць хакатонскі варушняк, у другім – няўпэўнены кіроўца, далей – сінаптычная тэндэнцыя; сусветныя тэндэнцыі; аматары ажыятажу; тэлефоннае махлярства. Падкрэслім, прапанаваныя магчымыя сінанімічныя лексемы не абавязкова павінны быць уласнабеларускія, але яны прынамсі значна больш знаёмыя шараговаму чытачу. Гэта якраз і стрымлівае журналістаў ад іх ужывання, калі на мэце – менавіта дадаць да кантэксту пэўны элемент таямнічасці, нават нейкай адмысловай экстравагантнасці. І мусім прызнаць, што мэта такім чынам найчасцей дасягаецца.

У гэтым сэнсе досыць паказальныя, як нам падаецца, фрагменты з публікацый у раённым выданні “Веснік Глыбоччыны”. Прывядзём колькі прыкладаў: У аграэкасядзібе “Утрына” прайшоў ворк-шоп (калектыўны занятак) па экалагічным утрыманні хатніх жывёл і энімал-тэрапіі (лячэнні хатнімі жывёламі)… Грамадзяне… атрымалі магчымасць асвоіць элементы каніс-кросу і дог-трэнінгу… У праграме мерапрыемства быў дадзены майстар-клас па ігры на дзіджэрыду – духавым музычным інструменце абарыгенаў Аўстраліі, знаёмства з умовамі жыцця індзейскіх “ціпі (02.06.21); У аграсядзібе “Конны фальварак” на Глыбоччыне прайшлі калектыўныя заняткі (ворк-шоп) па энімал-тэрапіі і экалагічным утрыманні дамашніх жывёл (25.09.21). Ужыванне ў межах адносна невялікага мікракантэксту адразу некалькіх англіцызмаў наўрад ці можна было сабе ўявіць яшчэ гадоў дзесяць назад. Цяпер жа гэта нярэдкая ўжо з’ява, хоць і не заўсёды абгрунтаваная. У дадзеным канкрэтным выпадку, беручы пад увагу, што раённыя газеты прызначаныя найперш для сельскага чытача, у якога звычайна менш ведаў у англійскай мове і кола зацікаўленняў не вельмі шырокае праз пастаянную адсутнасць вольнага часу, паўстае лагічнае пытанне: ці атрымаецца дакладна зразумець сэнс вылучаных лексем? Зусім не факт. Разам з тым мэта зацікавіць публікацыяй, прыцягнуць да яе ўвагу, бадай, будзе дасягнутая.

Адказваючы на пытанне нашага чытача спадара Аляксея, адзначым, што павелічэнне долі англіцызмаў у нацыянальным лексіконе – гэта не толькі характэрная для беларускай мовы з’ява. Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў іншых еўрапейскіх мовах. І гэта аб’ектыўная рэальнасць, супрацьстаяць якой наўрад ці магчыма. Але нічога катастрафічнага для нашай мовы тут хіба няма. Наадварот, гэта толькі пацвярджае агульнаеўрапейскі трэнд на павышэнне частотнасці англамоўных лексем, падкрэслівае, што наша мова развіваецца, не стаіць на месцы. Акрамя таго, пашыраецца сінанімічнае поле нашай лексікі, што дазваляе мець большы выбар слоў у працэсе камунікацыі. І нярэдка менавіта англіцызмы дазваляюць максімальна дакладна перадаць сэнс выказвання. Да прыкладу, як адназначна перадаць значэнне слоў сэлфі, уікенд, булінг, вішынг? Бадай, наўрад ці гэта магчыма.

З іншага боку, пагодзімся з тым, што нярэдка англіцызмы ў пісьмовым тэксце ці ў вусным маўленні ўскладняюць разуменне сэнсу. Але і тут можна знайсці станоўчыя моманты, бо так міжволі можна засвоіць нейкія новыя для сябе лексічныя адзінкі, навучыцца разумець іх значэнне, што бачыцца вельмі важным чыннікам у сучасным глабалізаваным свеце.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі