12 красавіка ў свята Божай Міласэрнасці вернікі касцёла Св. Яна Хрысціцеля ў Волме (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) віталі арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, ксяндза Паўла Эйсманта і айца францішканіна Паўла Раманчука.
Перад пачаткам святой Імшы айцец Павел бліжэй пазнаёміў парафіянаў з асобамі блаславёных мучанікаў з Пяршаяў айца Ахілеса і айца Германа, святароў з Ордэну святога Францішка ў часы Другой Сусветнай вайны. Прамоўца адзначыў, што блаславёныя з’яўляюцца прыкладам веры для кожнага, і пажадаў знайсці ў іх сяброў, да якіх можна звяртацца за дапамогай і падтрымкай у розных жыццёвых сітуацыях. Таксама айцец Павел падрабязна распавёў пра апошнія дні зямнога жыцця блаславёных мучанікаў. 32-гадовы айцец Ахілес Пухала і 33-гадовы айцец Герман Стэмпень свядома і дабравольна прынялі мучаніцкую смерць 19 ліпеня 1943 года ад рук катаў з гестапа, хоць былі за дзень да таго папярэджаныя аб небяспецы. Яны вырашылі да канца застацца разам з парафіянамі, не пакінулі іх, не ўцяклі.
На пачатку святой Імшы айцец Павел Раманчук перадаў рэліквіі блаславёных мучанікаў пробашчу парафіі ксяндзу Юрыю Бараўнёву. Кожны прысутны ў святыні атрымаў абразок з выявамі айца Ахілеса і айца Германа і малітвай праз іх заступніцтва.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тройчы прывітаўшы вернікаў воклічам «Хрыстос уваскрос!». У гаміліі арцыпастыр засяродзіў увагу на праяўленні Божай Міласэрнасці ад стварэння свету. Чалавек у раі праявіў непаслухмянасць, здзейсніў першародны грэх. Затым людзі парушалі 10 Божых запаведзяў, чалавецтва было дэфармавана грахом. Бог праявіў Міласэрнасць і паслаў у свет Свайго Адзінароднага Сына, Які прыняў на Сябе ўсе грахі свету. Хрыстус збавіў кожнага чалавека і ўстанавіў сакрамант пакаяння. Іерарх зазначыў, што супакой у сэрцах людзей – аснова супакою ў свеце. Крыніцай Міласэрнасці з’яўляецца Святое Пісанне, а таксама аб’яўленні Езуса святой сястры Фаўстыне. Абраз Езуса Міласэрнага моцна прамаўляе да нас. Прамяні, якія выходзяць з сэрца Езуса, сімвалізуюць хрост і пакаянне. Езус ідзе да кожнага. Трэба давяраць Езусу і быць удзячнымі за наша збаўленне.
Напрыканцы святой Імшы ксёндз Юрый выказаў словы падзякі шаноўнаму арцыпастыру Тадэвушу і святарам.
Парафіяне таксама шчыра падзякавалі ганаровым гасцям за супольную малітву.
Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце вернікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і звярнуліся з малітвай да блаславёных мучанікаў Ахілеса і Германа.
Пасля блаславення ўсе мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі блаславёных мучанікаў.
Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
























