Паспяховы эксперымент на Сіцыліі: 17-гадовы падлетак, асуджаны за цяжкае злачынства, пераехаў з турмы на працу ў закрыты кляштар

17-гадовы падлетак, які здзейсніў цяжкае злачынства, быў адпраўлены ў закрыты цэнтр для непаўналетніх у Б’янкавіле, недалёка ад Катаніі. Цяпер, у рамках рэабілітацыі, па ўласным выбары, са згоды суддзі і сацыяльных службаў, ён будзе працаваць у закрытым кляштары кларысак рамонтнікам і садоўнікам.

Сястра Крысціяна Скандура шмат гадоў займалася душпастырскай працай у турмах і папраўчых дамах, распрацоўваючы праграмы рэабілітацыі. У мінулым годзе, на другі дзень свята Божага Нараджэння, яна запрасіла групу непаўналетніх правапарушальнікаў у кляштар: «На першы погляд, турма і жыццё ў кляштары мала чым адрозніваюцца. На вокнах краты. Аднак турма — гэта пакаранне, а кляштар — гэта выбар. Гэта быў першы раз, калі маладыя госці былі ў закрытым кляштары і сёстры не прывыклі прымаць наведвальнікаў».

Спачатку 17-гадовы юнак не мог зразумець, чаму сёстры абралі ізаляцыю, форму абмежавання свабоды. Аднак пазней ён пайшоў шляхам веры. Цяпер ён удзельнічае ў святых Імшах і парафіяльных ініцыятывах.

Сястра падкрэслівае, што праца ў кляштары дае юнаку магчымасць задумацца пра сябе і сваё жыццё. Яна адзначае, што цішыня ў кляштары як мага лепш спрыяе гэтаму. Яна сцвярджае, што хлопец зразумеў, што цішыня — гэта не цяжар, ​​і што ціхае чаканне — гэта не марнаванне часу, якое трэба чымсьці запоўніць.

Сімона Марчыяна, якая займаецца адукацыяй у цэнтры для непаўналетніх, дзе жыве 17-гадовы юнак, распавяла, што першапачаткова ідэя адправіць маладога правапарушальніка працаваць у кляштар была ўспрынятая са здзіўленнем і скептыцызмам. Аднак паступова, з цягам часу, усе пераканаліся ў ёй. Эксперымент аказаўся паспяховым.

gosc.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку