Тэму чарговага матэрыялу для моўнай старонкі “Каталіцкага Весніка” падказалі адразу дзве чытачкі нашай газеты, прычым незалежна адна ад адной. Так яшчэ месяцы тры назад да аўтара звярнулася спадарыня Ганна К. з Мінска, якая цікавілася стаўленнем лінгвістаў да ўжывання паланізмаў у сучаснай беларускай мове. “Вось у маёй суседкі па лецішчы ўнучка выходзіць замуж, – піша сп-ня Ганна. – Дык яе бабуля так між іншага апісвае будучага ўнука: “Ты б бачыла, які гэта выкшталцоны хлопец! І з добрай радзіны…” Пры гэтым гаворым мы з ёй звычайна па-беларуску, няхай і не на чыстай мове. Дык вось у мяне пытанне: а ці ўжываюцца сёння ў нашай мове такія відавочна польскія словы, як “выкшталцоны”, “радзіна”?”
Іншая нашая чытачка, спадарыня Наталля П. з Віцебска, цікавіцца мэтазгоднасцю выкарыстання ў беларускай літаратурнай мове слоў кшталту стасункі, страйк, выбітны і некаторых іншых, якія сапраўды часта фіксуюцца ў камунікацыі. “Ці не засмечваем мы мову гэтым самым, ці так ужо неабходныя нам гэтыя пазычаныя назоўнікі і прыметнікі?”, – задаецца пытаннем сп-ня Наталля. Мы шчыра дзякуем нашым чытачкам за ўвагу да культуры беларускай мовы, за неабыякавасць да роднага слова. І паспрабуем крыху асвятліць узнятую праблему.
Сапраўды, на мяжы стагоддзяў у беларускай мове істотна пашырылася колькасць пазычанняў з польскай мовы, якія сталі дастаткова заўважальныя ў і вусным маўленні, і на старонках перыядычнага друку. Менавіта ў газетным радку новае слова праходзіць своеасаблівы этап сацыялізацыі, гэта значыць, людзі найчасцей знаёмяцца з неалагізмам менавіта ў медыях, а ўжо потым пачынаюць самі яго выкарыстоўваць.
Ужыванне наватвораў мае свае дастаткова акрэсленыя мэты. Падобныя лексемы надаюць напісанаму ці сказанаму пэўную долю экспрэсіі, часам нават маляўнічасці, якая рэалізуецца ў стылявым “эфекце навізны”. Імкненне да пошуку новых лексічных рэсурсаў, зусім незнаёмых ці малазнаёмых пакуль чытачу або слухачу, у значнай ступені сведчыць пра крэатыўны падыход моўнікаў да сродкаў выказвання думкі.
Каб паказаць, што ўжыванне слоў, якія прыйшлі ў беларускую мову з польскай ці праз польскую, з’ява не апошніх гадоў, праілюструем гэта прыкладамі з газет дзесяці-пятнаццацігадовай даўнасці.
Так, ужо тады ў публіцыстычным дыскурсе трывала замацавалася даволі значная група паланізмаў. Характэрна, што многія падобныя лексемы рэгулярна выкарыстоўваюцца на старонках самых розных выданняў, што дае, на наш погляд, досыць аб’ектыўную карціну прысутнасці адпаведнай лексемы ў беларускім лексіконе. Напрыклад, назоўнік стасункі (польск. stosunek), які ужываецца, бадай, не радзей за слова адносіны: Мы вернікі, ходзім у касцёл, там таксама ёсць магчымасць стасункаў (Чырвоная змена, 10.11.10); Пакрысе абжываліся на новым месцы, абзаводзіліся сябрамі, наладзіліся стасункі з калегамі па рабоце (Веснік Глыбоччыны, 23.04.11); Стасункамі з дачкой бацька абсалютна задаволены (Звязда, 29.07.11).
Таксама істотна пашырылася сфера выкарыстання назоўніка страйк (польск. strajk, ад ням. Streik) – забастоўка. Найчасцей гэтае слова фіксуецца на старонках газеты “Звязда”, прычым нярэдка ўваходзіць у склад загалоўка, што само па сабе падкрэслівае асаблівы семантычна-прагматычны аспект лексемы: Грэчаскі страйк перарос у бунт (30.06.11); Еўропу ліхаманіць: страйкі і студэнцкія пагромы (9.11.11); У выніку страйку пацярпелі шматлікія замежныя турысты (17.06.11). Тут важна яшчэ заўважыць, што паралельнае функцыянаванне ў беларускай мове лексем страйк і забастоўка істотна ўзбагачае сінанімічны патэнцыял, дазваляе пазбегнуць шмат у якіх выпадках таўталогіі: Страйк службаў бяспекі паралізаваў працу буйных аэрапортаў Германіі (Загаловак). Больш за 200 авіярэйсаў адменены ў Германіі ў сувязі з забастоўкай работнікаў службы бяспекі ў аэрапортах… (Звязда, 15.02.13); У Эстоніі настаўнікі праводзяць страйк (Загаловак)… Падчас забастоўкі настаўнікаў на вуліцы і плошчы гарадоў выйдуць больш за 15 тыс. чалавек (Звязда, 6.03.12). У прыведзеных фрагментах назоўнікі забастоўка і страйк успрымаюцца як абсалютна сінанімічныя.
А яшчэ побач з шырокаўжывальнымі прыметнікамі вядомы, знакаміты, славуты ў айчынных медыях усё часцей фіксуюцца лексічныя адзінкі выбітны (пол. wybitny), знаны (пол. znany), слынны (пол. sƚynny). Прычым – зноў жа гэта падкрэслім – названыя лексемы намі адзначаныя на старонках розных выданняў, што сведчыць пра іх дастатковую ўжо распаўсюджанасць у беларускай мове: Васіль Сёмуха – адзін з самых выбітных беларускіх перакладчыкаў… (Звязда, 20.01.11); Віталь Скалабан – адзін з выбітных беларускіх архівістаў… (ЛіМ, 30.09.11); Госць з Гродна – знаны творца Юрый Якавенка выклікаў у віцяблян шчырую цікавасць (ЛіМ, 1.04.11); Слынны даследчык энергіі Сонца Аляксандр Чыжэўскі – з Гродзенскай вобласці (Звязда, 3.12.10).
Сярод іншых дастаткова частотных сёння ў беларускім дыскурсе паланізмаў адзначым словы валіза (пол. waliza) – чамадан; замовіць (пол. zamόwić) – заказаць; каляжанка (пол. koleżanka) – калега-жанчына, сяброўка; пастарунак (пол. posterunek) – пост, участак; танчыць (пол. tańczyć) – танцаваць ды некаторыя яшчэ. Можна меркаваць, што мы назіраем працэс паступовага асімілявання пазычаных з польскай ці праз польскую мову слоў. Досыць часта чалавек і не здагадваецца пра іншамоўнае паходжанне той ці іншай лексемы, бо яна арганічна ўпісваецца ў роднамоўны кантэкст. З іншага боку, у маўленні часам адзначаюцца выпадкі бяздумнага, штучнага калькавання асобных адзінак, калі без ніякай патрэбы пэўнае польскае слова ўводзіцца ў беларускі кантэкст. У прыватнасці, пашырылася выкарыстанне ў друку прыметніка выкшталцоны (пол. wyksztaƚcony) – адукаваны. І нярэдка гэтае слова ўжываецца бяздумна, без усякай логікі, як, да прыкладу, у наступных сказах: Яе зграбная выкшталцоная фігура кідалася адразу ў вочы; Гэта быў па-сапраўднаму выкшталцоны сабака… Мяркуем, што ў падобных выпадках ужыванне паланізма выклікае толькі ўсмешку, лёгкую іронію.
Што датычыць назоўніка радзіна (сям’я), то адназначна няма ніякіх падстаў дзеля яго выкарыстання ў нашай мове, прынамсі сёння. Некаму, магчыма, вельмі падабаюцца два апошнія словы, яны маюць да іх нейкую адмысловую прыхільнасць. Але гэта прыватнае меркаванне канкрэтнага моўніка.
Такім чынам, адказваючы на пытанні нашых шаноўных чытачак, адзначым, што наяўнасць і пашырэнне ў беларускай мове паланізмаў – аб’ектыўны лінгвістычны працэс. Але каб слова ўспрымалася як факт літаратурнай мовы, яно павінна рэгулярна фіксавацца і ў вусным маўленні, і ў пісьмовай практыцы, як гэта было паказана вышэй з лексемамі стасункі, страйк, выбітны, знаны, слынны. Што ж да вынесеных у загаловак двух клічных сказаў з паланізмамі, то па-беларуску гэта павінна быць інакш: Які адукаваны хлопец! І з добрай сям’і!
Спадзяёмся, гэты матэрыял дапаможа нашым чытачам лепш арыентавацца ў пэўных асаблівасцях лексічнага складу сучаснай беларускай мовы, што дазволіць падтрымліваць належны ўзровень культуры роднага слова.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
