Націск у сучаснай беларускай мове (працяг)

(Працяг. Пачатак глядзі тут>>)

У папярэднім матэрыяле мы гаварылі пра некаторыя тэарэтычныя аспекты акцэнтуацыі (гэта значыць, правілы пастаноўкі націску), а таксама разгледзелі асобныя складаныя выпадкі ў выбары націскных варыянтаў у сучаснай беларускай мове. Нагадаем, што памылкі, звязаныя з няправільнай пастаноўкай націску, назіраюцца сярод розных часцін мовы: у назоўніках, прыметніках, лічэбніках, дзеясловах…

У гэтым матэрыяле працягваем гаворку пра асаблівасці націску ў беларускай мове. Заўважым, што ёсць прынцыповыя адрозненні паміж беларускай і блізкароднаснай рускай мовамі ў плане акцэнтуацыі. Як вядома, у рускай мове націск часта перамяшчаецца на прыназоўнік, напрыклад: зá город, зá полночь, зá руки, пóд руку, пóд гору, нá гору. У беларускай жа мове прыназоўнік ніколі (і гэта неабходна запомніць!) не бывае пад націскам: за гóрад, за пóўнач, за рýкі, пад рýкі, пад гарý, на гарý. Гэта вельмі важна! І калі мы будзем памятаць пра названую вышэй рысу нашай мовы, то гэта дазволіць пазбегнуць прыкрых недакладнасцяў у маўленні.

І яшчэ адзін момант, які не заўсёды бярэцца пад увагу. Націск – найважнейшы чыннік правапісу. Калі вы няслушна паставілі націск, то і напісанне слова будзе няправільным. Скажам, па-беларуску вымаўляецца “нянАвісць” – з націскам на другім складзе, таму паводле правіла якання прыстаўка не- набывае форму ня-: Нянавісць. Калі ж паставіць націск на ўзор рускай мовы – на першы склад, то мы памылімся не толькі ў вымаўленні, але і ў напісанні: “нЕнавісць”.

Больш за тое. Няправільная пастаноўка націску замінае ў камунікацыі, часам зацямняе сэнс выказвання. Падобныя праблемы назіраюцца ў тых выпадках, калі націск размяжоўвае лексічнае значэнне слоў. Г.зн., ад месца націску залежыць сэнс слова. Напрыклад: вага і вага, кара і кара, раса і раса, сталы (напрыклад, сталы чалавек) і сталы, каса і каса, мука і мука. Часам можа змяняцца сэнс усяго сказа, усёй сінтаксічнай канструкцыі. Мяркуем, што выразна бачная адчувальная розніца паміж наступнымі сказамі: “Надвор’е цяпер добрае, і на сонцы грэюцца каты” і “Надвор’е цяпер добрае, і на сонцы грэюцца каты”. Такія словы называюцца графічнымі амонімамі або амографамі. Іх ужыванне дае шмат прасторы не толькі для жартаў, але і для сур’ёзных непаразуменняў.

Разам з тым заўважым, што ў асобных выпадках адхіленні ад замацаванай нормы не варта ўспрымаць як парушэнне культуры маўлення. Прыгадаем тут усім вядомыя радкі Генадзя Бураўкіна:

Гэта я з табой вечарую,
Туманамі цябе я чарую.
Васількоў шапатліваю моваю
Зачароўваю, зачароўваю,
Закалыхваю я цябе.

Паводле акцэнталагічных нормаў націск у словаформе туманамі прыпадае на другі склад. Але рытма-інтанацыйная арганізацыя верша патрабуе ўсё ж ставіць націск на канчатак, на перадапошні склад. У адваротным выпадку будзе парушана рытмічная зладжанасць радка, страфы. Падобную акалічнасць трэба мець на ўвазе, калі мы дэкламуем верш або спяваем песню. І, зразумела, такія выпадкі не могуць трактавацца як парушэнне літаратурнай нормы.

Падводзячы вынікі ўсяго сказанага, заўважым, што кожны адукаваны, культурны чалавек павінен прыгожа, дакладна, а самае галоўнае – правільна выказвацца. І да гэтага трэба імкнуцца, пастаянна ўдасканальваючы свае навыкі не толькі ў пісьмовай форме мовы, але і ў вуснай камунікацыі. Таму заўсёды варта памятаць пра важную ролю націску.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі