Націск як важны чыннік культуры маўлення

У папярэдніх артыкулах мы разгледзелі некаторыя актуальныя аспекты функцыянавання сучаснай беларускай мовы, у прыватнасці, прааналізавалі працэсы пашырэння яе лексічнага складу праз неалагізмы і паспрабавалі асвятліць тэндэнцыі да ўзбагачэння яе сінанімічных рэсурсаў. Сёння мы пагаворым пра яшчэ адзін надзвычай важны кампанент нашай мовы – націск.

Нагадаем, што націскам называецца інтанацыйнае вылучэнне аднаго са складоў слова. Зразумела, калі ў гэтым слове ёсць некалькі складоў. Склад, на які прыпадае націск, называецца націскным. Усе ж астатнія – ненаціскнымі.

У лінгвістыцы вылучаюцца тры асноўныя тыпы націску, або акцэнтуацыі: сілавы націск, або дынамічны; музычны націск, або танічны (як у літоўскай ці кітайскай мовах), і колькасны. У беларускай мове, як, зрэшты, і ў многіх іншых славянскіх мовах (напрыклад, ва ўкраінскай, польскай, рускай) націск сілавы. Гэта значыць, што націскны гук адрозніваецца ад такога самага ненаціскнога трыма характарыстыкамі: па-першае, ён даўжэйшы; па-другое, ён вышэйшы тонам; па-трэцяе, вымаўляецца з большаю сілаю голасу.

У беларускай мове націск свабодны, г.зн. не замацаваны за нейкім пэўным складам. Але ў некаторых мовах націск фіксаваны, г.зн. прыпадае звычайна на адзін і той жа склад. Так, у чэшскай, фінскай, латышскай мовах націск традыцыйна на першым складзе, у польскай – на перадапошнім, у французскай і турэцкай – на апошнім.

Свабодны націск можа быць рухомы і нерухомы. Калі ва ўсіх словаформах парадыгмы месца націску не мяняецца – ён нерухомы, напрыклад: дрэ́ва – дрэ́вы. І наадварот: рухомым націск будзе тады, калі ў пэўных формах ён перамяшчаецца на іншы склад. Напрыклад: сын сыны, мох – імхі, страхастрэхі.

Ёсць пэўныя словы, якія маюць варыянтны націск. У такіх словах націск можа быць на розных складах, і пры гэтым не парушаюцца літаратурныя нормы: лётаць і лятаць, літасцівы і літасцівы, навокал і навакол, веснавы і вясновы, сняданне і снеданне і інш. Але для большасці словаў і словаформаў нормаю лічыцца толькі адзін націскны варыянт.

Практыка сведчыць, што ёсць словы і словаформы, у якіх памылкі з націскам назіраюцца найбольш часта, можна сказаць, рэгулярна. Так, сярод назоўнікаў найбольш тыповыя памылкі наступныя: Укрáіна (трэба: Украíна), знáхар (трэба: знахáр, як і пчаля́р, гаспадáр), галýб (трэба: гóлуб), дыспáнсер (трэба: дыспансéр), навíна (трэба: навінá); у прыметніках – мáлы (трэба: малы́), стáры (трэба: стары́); у дзеясловах прошлага часу множнага ліку не павінна быць дáлі, прыня́лі, узя́лі, а толькі далí, прынялí, узялí. Або ў другой асобе множнага ліку цяперашняга ці будучага простага часу трэба гаварыць не бярэ́це, нясéце, жывéце, ідзéце, а ставіць націск на апошнім складзе: берацé, несяцé, жывяцé, ідзяцé.

Яшчэ з паўстагоддзя таму асноўнаю прычынаю парушэння акцэнталагічных (націскных) нормаў лічылі ўплыў народных гаворак. Напрыклад, у дыялектах фіксуецца назва крапі́ва, а літаратурнаю лічыцца форма крапіва́. Але ў наш час парушэнні вынікаюць, у першую чаргу, з прычыны фармальнага двухмоўя ў сённяшняй Беларусі: найчасцей няправільна ставіцца націск у тых выпадках, калі да беларускага моўнага матэрыялу дастасоўваюцца рускакамоўныя падыходы. Напрыклад: адзíнаццаць, чаты́рнаццаць, шэсцьдзяся́т замест правільных формаў: адзіна́ццаць, чатырна́ццаць, шэ́сцьдзясят. Або надзвычай частотныя памылкі ў назвах некаторых беларускіх гарадоў, дзе павінна быць, напрыклад, Мазы́р, Нясвíж, Талачы́н.

Працяг будзе.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі