Біблійны лексікон: Валадарства Божае. Ч.4 (заключная)

Біблійны лексікон: Валадарства Божае. Ч.1 >>
Біблійны лексікон: Валадарства Божае. Ч.2 >>
Біблійны лексікон: Валадарства Божае. Ч.3 >>

“Божае Валадарства” – словы, якія так часта гучаць з вуснаў Пана Езуса ў Евангеллі, былі тэмай ужо некалькіх разважанняў у нашай рубрыцы. У сённяшнім заключным матэрыяле мы звернем увагу на “эсхаталагічнае” вымярэнне гэтай рэчаіснасці, якую Божы Сын імкнуўся адкрыць сваім слухачам.

На працягу лістапада мы асаблівым чынам святкуем нашу еднасць са святымі і з памерлымі вернікамі, якія апярэдзілі нас на шляху да вечнасці, а таксама напрыканцы літургічнага года чуем у Божым слове апакаліптычныя тэксты пра “апошнія рэчы”. Гэты час вельмі адпаведны для таго, каб звярнуць наш унутраны позірк на праўду пра тое, што выходзіць па-за межы нашага зямнога існавання. Менавіта ў аб’яўленні Божага (або Нябеснага) Валадарства заключаецца таямніца нашага канчатковага прызначэння. З іншага боку, Валадарства “ўрываецца” ў нашу зямную рэчаіснасць і ўжо прысутнічае тут, у гэтым нашым жыцці, і мы пакліканыя распазнаваць ягоныя знакі і садзейнічаць ягонаму пашырэнню. Варта яшчэ раз падкрэсліць, што Божае Валадарства ў сваёй паўнаце для чалавечага розуму прынамсі ў гэтым зямным існаванні застанецца таямніцай: яно датычыць самога Бога і таму перавышае нашыя здольнасці ўяўлення і разумення. «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго», – сцвярджае апостал Павел (1 Кар 2, 9). Аднак у той жа час Нябесны Айцец жадае, каб наш розум усё больш перамяняўся дзякуючы пазнанню праўды пра сэнс і мэту нашага жыцця, як нам адкрывае Божы Сын, спасылаючы дар Духа Святога. Вобразна кажучы, мы пакліканыя да таго, каб адной нагой цвёрда стаяць на зямлі, а іншай знайсці апору ў небе – Божай прасторы, дзе пануе Ягоны лад.

Ужо – і яшчэ не

Гэты парадокс Божага Валадарства – той факт, што ва ўсёй паўнаце яно настане напрыканцы гісторыі, аднак ужо цяпер прысутнічае ў рэчаіснасці нашага свету, – тэолагі апісваюць як “ужо – і яшчэ не”. Хрыстус шмат разоў узгадвае ў сваім навучанні той момант, калі “Сын Чалавечы прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў” (Лк 9, 26) – момант, калі адбудзецца суд над гісторыяй і кожным чалавекам.

З іншага боку, калі Езусу задалі пытанне: «Калі прыйдзе Валадарства Божае?», Ён адказаў: «Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна, і не скажуць: “Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас» (Лк 17, 20-21). Выказванне “ўнутры вас” можна ўспрыняць таксама як “сярод вас”: тады Пан Езус дае зразумець, што разам з Яго прыйсцем у гэты свет Валадарства Божае ўжо сталася рэчаіснасцю, аднак не ўсе прызнаюць гэта. Напрыклад, хтосьці перамогу Хрыста над злымі духамі інтэрпрэтаваў як Яго супрацоўніцтва са злом! Езус паказвае недарэчнасць такога абвінавачвання і сцвярджае: “Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства” (Лк 11, 20). Сіла, якой валодаў Хрыстус, сведчыла пра рэальнае дзеянне Бога ў гэтым свеце, пра прысутнасць Божага Валадарства.

У Евангеллі мы знаходзім таксама наступныя словы Хрыста: “Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага” (Лк 9, 27). Відавочна, Пан Езус мае на ўвазе тут не “канец свету”, які дагэтуль пакуль не наступіў, але іншую падзею, каторая асаблівым чынам выявіла дзеянне Бога ў гісторыі чалавецтва. Гэтай унікальнай і вырашальнай падзеяй была Пасха Езуса: Яго смерць і ўваскрасенне, што беспаваротна адмяніла рух гісторыі. Пасха Езуса – падзея, не абмежаваная ў часе, і мы сёння маем доступ да яе дзякуючы Духу Святому – Духу Уваскрослага Пана, Які дзейнічае ў Касцёле, містычным Целе Хрыста, дзейнічае ў кожным сакраманце і кожны раз, калі мы з верай клічам “Абба, Ойча!” (пар. Рым 8, 15), а таксама калі пад Яго натхненнем спаўняем учынкі любові. Так Божае Валадарства, пра якое просім, каб яно наступіла “як у небе, так і на зямлі”, становіцца рэчаіснасцю.

  Шлях да Неба – шлях любові

Распавядаючы пра Божае Валадарства, Пан Езус кажа пра момант суда, які пакажа сапраўдную вартасць выбараў, дзеянняў канкрэтнага чалавека (вобраз жніва ў прыпавесцях сімвалізуе той рашучы момант). Гэты суд чакае кожнага пасля завяршэння зямной вандроўкі, аднак тое, што Хрыстус адкрывае нам пра яго, павінна стаць крытэрыем для нашых штодзённых рашэнняў, учынкаў, словаў і думак. Такім чынам Нябеснае Валадарства ўцелаўляецца праз нашу паслухмянасць Божаму Слову. Калі зусім коратка назваць крытэрый Божага суда і адначасова вярхоўны закон Божага Валадарства, можна працытаваць св. Яна ад Крыжа: “Напрыканцы жыцця нас будуць судзіць паводле любові”.

У Казанні на гары Хрыстус папярэджвае сваіх вучняў: “Калі праведнасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 20). Пан Езус ставіць “высокую планку” для тых, хто хоча ў паўнаце спазнаць радасць прыналежнасці да Валадарства нашага Нябеснага Таты. Аднак на гэтым няпростым шляху да Неба Ён не пакідае нас саміх: Ён не толькі дае нам прыклад, але і заўсёды побач, каб падтрымаць нас і адарыць неабходнай нам ласкай, бо самі мы сапраўды не здольныя дасягнуць дасканаласці грамадзянаў Неба. Паўторым тое, што было сказана ў адным з папярэдніх разважанняў: Божае Валадарства – гэта сам Езус, Божы Сын, Які адкрывае нам любоў Айца і дае сілы ісці шляхам любові, каторым Ён сам прайшоў.

“Калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае”, – вось як яшчэ інакш Пан Езус кажа пра доступ да Дому Таты (Мц 18, 3). Няхай жа заўсёды будзем памятаць пра тое, што мы – дзеці Нябеснага Айца, і ўсім сваім жыццём будзем сведчыць пра гэта. А калі прыйдзе наш час, убачым Яго тварам у твар у Яго Валадарстве.

Айцец Віктар Жук SJ

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі