Біблійны лексікон: Воля Божая і наша воля

Працягнем разважанні наконт таго, што азначае просьба “Будзь воля Твая”, якую мы кожны раз скіроўваем да Нябеснага Айца ў малітве “Ойча наш”. Сёння мы пастараемся лепш зразумець, як нашу чалавечую волю прывесці ў згоду з Божай воляй.

Свабодная воля

У мінулы раз мы разглядалі сэнс словаў “воля Божая” і сцвердзілі, што канчатковае жаданне Пана для нас заключаецца ва ўдзеле ў славе Божай разам з Езусам і праз Яго. У нашым разуменні задумы Айца мы сыходзім з таго, што Яго воля – гэта найлепшае, што можа здарыцца ў нашым жыцці. Чалавечая воля, якая побач з розумам адлюстроўвае тое велічнае падабенства да Бога, каторае мы носім у сабе, нам дадзена для таго, каб мы супрацоўнічалі з Божым планам збаўлення.

Заўважым, што ў Святым Пісанні словы, якія адпавядаюць паняццю “волі”, – гэта “памкненне, жаданне, хацець, шукаць, імкнуцца, задума, план, рашэнне, выбар”. Воля – гэта здольнасць, якая дазваляе імкнуцца і дасягаць таго, што нам здаецца прывабным, пажаданым, што мы лічым “дабром” у шырокім сэнсе гэтага слова. Найвышэйшым дабром для чалавека з’яўляецца сам Бог, і як расліна імкнецца да сонца, так і душа чалавека па прыродзе імкнецца да Бога. Аднак, згодна з логікай любові, Ён не прымушае нас выбіраць Сябе, а, хутчэй, прыцягвае, прываблівае, пакідаючы прастору для свабоды.

Слова “воля” часта ўжываецца ў выразе “свабодная воля”: гэтыя паняцці цесна пераплеценыя. Сапраўды, воля звязаная з праяўленнем свабоды, якой валодае асоба, і чалавеку яна дадзеная як адно з вымярэнняў нашага падабенства да Стваральніка. Як наступствы першароднага граху, наша воля аслабленая і можа ператварыцца ў “пародыю” сапраўднай свабоды, гэта значыць, у “сваволле”, калі чалавек кіруецца не сваім сапраўдным дабром, а тым, што яму дыктуюць эгаізм і хваробы душы – пажадлівасць, жаданне валодаць і атрымліваць задавальненне любым коштам. Падумаем тут пра крайні прыклад алкаголіка, чыя воля цалкам несвабодная ў тым, што датычыць сферы ўжывання алкаголю, і па сутнасці разбурае яго жыццё. Аднак для кожнага з нас ёсць сферы несвабоды, дзе мы не ўмеем правільна выбіраць.

“Паводзьце сябе як слугі Божыя і свабодныя людзі, а не як тыя, што выкарыстоўваюць свабоду для прыкрыцця зла”, – папярэджвае апостал Пётр (1Птр 2,16). Паводле скажонага разумення, быць свабодным – значыць быць неабмежаваным ніякімі знешнімі фактарамі (“чужой воляй”), таму, свядома ці несвядома, мы можам успрымаць “Божую волю” як пагрозу для нашай уласнай свабоды. Аднак найвышэйшае прызначэнне і праява свабоды заключаецца ва ўменні любіць, і таму кожны раз, калі мы прымяняем нашу волю, робячы выбар паступаць паводле любові, расцём у сапраўднай годнасці як чалавечая асоба, як дзіця Бога, каторае носіць у сабе падабенства да Яго.

Выхаванне волі

Такім чынам, наша воля мае патрэбу ў выхаванні: у тым, каб навучыцца выбіраць правільна, то бок тое, што ў згодзе з Божай воляй служыць сапраўднаму нашаму дабру. А калі яно сапраўднае, то пазітыўна ўплывае і на жыццё іншых людзей.

Звернемся да прыкладу з Евангелля як да ілюстрацыі такога працэсу выхавання з боку самога Пана Езуса. У эпізодзе Мк 10,35-45 браты Якуб і Ян звяртаюцца да Настаўніка: “Хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім”. Яны агучваюць далей сваё жаданне: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч ад Цябе ў славе Тваёй”. Здаецца, іх просьба згодная з тым, што сказана пра Божую волю для нас – быць у славе побач з Езусам. Аднак відавочна, што ў іх жаданні занадта шмат эгацэнтрызму і асабістых амбіцый.

У рэакцыі Езуса на просьбу братоў бачная педагогіка нашага Пана і Настаўніка: Ён не абураецца на Яна і Якуба ў адрозненне ад іншых вучняў, а выпрабоўвае іхняе жаданне, каб ачысціць яго. “Не ведаеце, пра што просіце”: у гэтых словах Езуса чуецца не імкненне ”вырваць з коранем” амбіцыі вучняў, але запрашэнне да больш глыбокага зразумення, што стаіць за іх жаданнем, каб скіраваць яго ў правільнае рэчышча.

Шчыра гледзячы на паводзіны Яна і Якуба, як у люстэрка, нам трэба дазволіць Богу аздаравіць нашую волю, ачысціць нашыя жаданні: у іх крыецца нешта добрае – вялікая энергія і матывацыя да дзеяння. Толькі з дапамогай нашага нябеснага Настаўніка мы навучымся скіроўваць яе туды, куды сапраўды варта: каб будаваць разам з Ім Божае Валадарства і ў сваім асабістым жыцці, і ў тых грамадскіх абставінах, у якіх знаходзімся. У выхаванні волі з духоўнага пункту гледжання гаворка не пра “сілу волі”, а пра нашу паслухмянасць Божай задуме.

Узорам і прыкладам гэтага для нас з’яўляецца Пан Езус, Які “хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў і … стаў для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення” (Габр 5, 8-9). Паслухмянасць – адмова не ад нашай сапраўднай свабоды, а толькі ад грахоўнага сваволля або, як сказаў бы апостал Павел, існавання “паводле цела”, дзеля таго, каб стаць больш падобнымі ў любові да нашага Збаўцы.

Шукаць і знаходзіць Божую волю

Прапануючы шлях “духоўных практыкаванняў”, св. Ігнацый Лаёла тлумачыў, што яны задуманыя дапамагчы чалавеку “шукаць і знаходзіць Божую волю адносна ўладкавання свайго жыцця, якое спрыяла б збаўленню душы” (ДП 1). У гэтым апісанні ўвага скіраваная на канкрэтыку: дэталі нашага жыцця могуць і павінны адлюстроўваць Божае жаданне, каб Яго Валадарства ахапіла ўсю рэальнасць.

Што ж дакладна прапануе св. Ігнацый як дапамогу, каб нашу волю прывесці ў гармонію з Божай задумай? Перш за ўсё, мы пакліканыя памятаць пра нашы мэту і прызначэнне, не губляючы з вачэй цэласнай карціны ўласнага жыцця і ўсяго стварэння, якое імкнецца праслаўляць Бога. Асноўнае наша практыкаванне – гэта погляд на спосаб дзеяння Пана Езуса: праз сузіранне таго, што і як Ён робіць, паводле сведчання Евангелляў. У штодзённай сустрэчы з Панам у малітве пры дапамозе евангельскіх аповядаў мы не проста “атрымліваем указанні” для ўласных паводзінаў, але ўсведамляем, што як вучні з’яўляемся Яго партнёрамі ў гэтым свеце і пранікаемся Яго Духам. У нашым супрацоўніцтве з натхненнямі Духа Любові мы няспынна маем патрэбу і просім Пана пра ачышчэнне нашых намераў і матываў, імкнучыся да свабоды ад “неўпарадкаваных прывязанасцяў”, то бок эгаізму, карыслівасці і дрэнных звычак. Перад абліччам розных выклікаў мы памятаем, што не павінны даваць сабе рады самі і можам заўсёды шукаць парады мудрых людзей, у першую чаргу ў Касцёле. Урэшце, св. Ігнацый запрашае кіравацца выбарам не проста добрага, а лепшага – таго, што больш (magis) паслужыць Божай славе.

Існуе падрабязны метад прыняцця рашэнняў для тых, хто шчыра імкнецца здзяйсняць Божую волю ў сваім жыцці. Запрашаю скарыстацца ўказаннямі св. Ігнацыя, адкрываючы спасылку праз qr-код. Адкрытыя на цудоўную задуму Бога для нас, Яго ўмілаваных дзяцей, будзем шчыра шукаць, як нам сёння і кожны дзень супрацоўнічаць з Яго святой добрай воляй.

Айцец Віктар Жук SJ

для друку для друку