Біблійны лексікон: Любоў

Пасля таго, як раней мы даследавалі, што Святое Пісанне кажа пра надзею і веру, сёння скіруем нашу ўвагу на трэцюю тэалагічную цноту – любоў.

 “…Найбольшая з іх любоў”

У папярэдніх разважаннях падкрэслівалася сувязь паміж трыма цнотамі. У нашым духоўным жыцці яны цесна пераплятаюцца і па сутнасці ствараюць адзіны струмень, які жывіць нашыя адносіны з Богам і дазваляе рэалізаваць Божую задуму ў гэтым свеце. Аднак, як сцвярджае апостал Павел напрыканцы знакамітага гімну любові, “цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў” (1Кар 13, 13). Пачынае ж апостал гэты гімн вымоўнай метафарай: “Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы” (1Кар 13, 1). Любоў займае асаблівае месца, бо, коратка кажучы словамі евангеліста Яна, “Бог ёсць любоў” (1Ян 4,8). Здольнасць любіць, якую мае чалавек, адлюстроўвае прыроду самога Бога. Створаныя паводле Божага вобразу і падабенства, мы пакліканыя ўцелаўляць любоў ва ўсіх нашых учынках, словах і спосабе мыслення. У гэтым святле зразумела, чаму галоўная біблійная запаведзь – запаведзь любові. Можна тут дадаць, што любоў – гэта таксама галоўны прынцып інтэрпрэтацыі ўсяго Божага паслання, каторае мы знаходзім у Святым Пісанні, як тлумачыць св. Аўгусцін. Ён жа па-свойму падсумоўвае першую запаведзь: “Dilige, et quod vis fac” (“Любі – і рабі, што хочаш”). Апостал народаў жа сцвярджае: “Любоў ёсць выкананнем Закону” (Рым 13, 10).

Вектары любові

У адказе Пана Езуса на пытанне наконт галоўнай запаведзі ў Пісанні (Мк 12, 28-31) мы знаходзім насамрэч два наказы, змешчаныя разам: любіць Бога “ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй” і “бліжняга твайго, як самога сябе”. Хоць яны спалучаныя, аднак маюць два розныя “рэгістры”. Бог заслугоўвае таго, каб усе сілы душы былі скіраваныя да Яго, бо ад Яго паходзіць наша існаванне. Бо “Ён першы палюбіў нас” (1Ян 4, 19). З іншага боку, любоў да Бога знаходзіць рэалізацыю ў адносінах з бліжнімі – Божымі дзецьмі: “Мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата” (1Ян 4, 21). Ян, “паэт любові”, прыводзіць такі аргумент: “Той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць” (1Ян 4, 20).

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе»: ва ўдакладненні як самога сябе можна цалкам апраўдана пачуць напамін пра здаровую і правільна зразуметую любоў да сябе. Насамрэч, шмат каму не хапае менавіта такой любові, якая, з аднаго боку, не патурае ўласным заганам і свавольству, з іншага ж – не дазваляе прыніжаць у сабе годнасць Божага дзіцяці ў фальшывай пакоры. Вельмі часта праявіць любоў да сябе азначае зрабіць тое, да чаго адчуваеш супраціў (напрыклад, паклапаціцца пра сваё здароўе), а не тое, што спантанна прыходзіць у галаву, хоць часам трэба, наадварот, разняволіцца, каб выйсці з напружання і маркоты.

Але больш важны ўрок адносна правільнага стаўлення да саміх сябе, які мы можам вынесці з Езусавага супастаўлення трох вектараў любові, – гэта ўсведамленне, што сапраўдная любоў да сябе ўзрастае і дасягае паўнаты ў той меры, у якой мы здольныя будаваць камунію – адзінства з Іншым (з вялікай літары) і з іншымі (з малой літары).

“Як Я палюбіў вас”

Пан Езус у Евангеллі адкрывае новае бачанне любові: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адно аднаго” (Ян 13, 34). Арыгінальнасць гэтай новай запаведзі Божага Сына ў тым, што ў яе фармулёўцы Ён узгадвае сваю любоў да нас. Хрыстус указвае на сябе самога як на першы ўзор любові. І гэты ідэал, прызнаемся шчыра, можа выклікаць у нас вострае пачуццё неадэкватнасці, бо чалавеку вельмі складана сваімі высілкамі і стараннем падняцца на тую вяршыню самаадданасці, якую мы бачым у нашым Збаўцу: Ён, “палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13, 1). Таму злучнік як, перш чым заклікаць нас да высокага ідэалу любові паводле прыкладу Хрыста, насамрэч запрашае нас спачатку ўбачыць, як моцна мы любімыя, якой вялікай любоўю палюбіў кожнага з нас Божы Сын. Калі мы не напоўнімся ўсведамленнем гэтай любові, то не зможам любіць так, як вучыць нас Езус.

Варта згадаць, што Ян, які найбольш кажа пра любоў у Евангеллі і таксама ў пасланнях, называе сябе “любімым вучнем” або “вучнем, якога любіў Езус”. Такая прэзентацыя самога сябе – не “хвальба” і не параўнанне сябе з іншымі, нібыта евангеліст – найлепшы з вучняў. Хутчэй, гэта запрашэнне, каб і мы сябе ўсвядомілі “любімымі вучнямі” і пазналі тую любоў, якой Езус унікальным чынам любіць кожнага з нас. Толькі тады мы здольныя любіць, прымаючы дар Ягонага Духа. Любоў, якая не абмяжоўваецца ўзаемнасцю ў адносінах да нашых дабрадзеяў, якая ўмее прабачыць і ахоплівае нават ворагаў, – гэта не тое, што мы можам рабіць сваімі чалавечымі сіламі, але справа Божага Духа ў нас.

Эрас у Святым Пісанні?

Разгляд усіх вымярэнняў любові, якія мы знаходзім у Святым Пісанні, канешне, немагчымы ў межах кароткага артыкула. Аднак пра адно з іх хочацца ўсё ж сказаць, звяртаючыся да цалкам асаблівай кнігі ў Бібліі – “Песні Песняў”. Яна паэтычнай мовай расказвае пра каханне мужчыны і жанчыны, у некаторых месцах выкарыстоўваючы нават эратычныя вобразы. У гісторыі і юдаізму, і хрысціянства гэтая кніга атрымала алегарычную інтэрпрэтацыю: адносіны паміж жаніхом і нявестай становяцца метафарай любові паміж Ягвэ і Яго народам (як пра яе часам кажуць таксама прарокі), паміж Хрыстом і Касцёлам – або таксама паміж Богам і чалавечай душой. Папа Бэнэдыкт XVI спасылаўся на “Песню Песняў” у энцыкліцы “Deus Caritas est”, калі тлумачыў, што эратычнае вымярэнне любові (то бок, цялеснае, якое шукае асалоды) не супрацьстаіць, а дапаўняе “агапэ” – любоў ахвярную. Прывядзем цытату з нядаўняга дакумента Святога Пасаду “Una caro”, прысвечанага каштоўнасці сужэнства: “Сужэнцы пакліканыя «ператварыць імгненне асалоды ў малую вечнасць». Тут маецца на ўвазе дзеянне духоўнай волі, але, перш за ўсё, сувязь з Богам, не аддзяляючы сужэнства, разам са складнікамі асалоды і сексуальнасці, ад любові да Бога: «закаханыя скіроўваюць сваю любоў да Бога», Які на справе «надасць ёй абсалютны адбітак вечнасці»” (UC, 134). Далей жа знаходзім такое сцвярджэнне: “Сапраўды, кожныя адносіны кахання нягучна клічуць бясконцага Трэцяга, якім ёсць сам Бог” (UC, 91).

Яшчэ адна праява любові – гэта сяброўства. Езус называе сваіх вучняў сябрамі (Ян 15, 14-15) – тады ў вячэрніку, і ў кожную эпоху, калі мы толькі жадаем прыняць Яго запрашэнне і жыць Ягоным словам, напаўняючыся Божай любоўю і імкнучыся быць праваднікамі гэтай любові. У разнастайным абліччы любові і ёсць яе прыгажосць. Тое, што аб’ядноўвае розныя яе праявы, – гэта імкненне да сапраўднага дабра бліжняга, гатоўнасць выйсці насустрач іншай асобе, каб сустрэць яе ці яго там, дзе яны сёння знаходзяцца ў сваёй непаўторнасці і крохкасці. Няхай Любоў будзе сапраўды і крыніцай, і мэтай усіх нашых жаданняў!

айцец Віктар Жук SJ

для друку для друку