Сняцца памерлыя: знак, успамін ці заклік да малітвы?

Ці могуць памерлыя прыходзіць у сне альбо даваць нам знакі? А наяве — ці можна выклікаць духаў памерлых? Такі сон — гэта выпадак ці знак? Ці штосьці значыць, калі ў сне яны выглядаюць шчаслівымі ці наадварот? Ці наогул могуць памерлыя з намі кантактаваць? А калі зусім невытлумачальным чынам мы раптам знаходзім рэч, якая належала ім, альбо без відавочнай прычыны яны прыходзяць нам на думку? Ці варта надаваць значэнне такім эпізодам? Як вернік, я павінен ці, наадварот, не павінен гэтым пераймацца і займацца?

Ці могуць памерлыя прыходзіць у сне?

У адной з імшальных прэфацый пра памерлых мы молімся словамі: «Жыццё верных Тваіх, Пане, змяняецца, але не сканчаецца». Так мы верым. І калі ў Старым Запавеце ідэя жыцця пасля смерці была яшчэ няяснай, то з Хрыстом яна набыла вельмі канкрэтныя рысы, а Ён сам з’яўляецца найлепшым доказам таго, што часовая смерць аніяк не разрывае сувязяў паміж тымі, каго яднае любоў, і не выключае далейшых кантактаў.

Але гэта Езус. Ён уваскрос. А што з тымі, хто памёр і яшчэ чакае ўваскрасення? Мы верым, што не толькі Хрыстус і ўнебаўзятая з целам і душой Марыя, але таксама іншыя святыя (гэта значыць простыя выратаваныя) могуць аб’яўляцца жывучым на зямлі. Няма падстаў лічыць, што такую магчымасць маюць толькі тыя, каго мы афіцыйна ўзнеслі на алтары. І няма таксама ніякай тэалагічнай падставы, каб адмаўляць, што магчымасць кантактаваць з намі могуць мець і тыя, хто толькі чакае ўваходу ў неба, перажываючы сваё ачышчэнне ў чысцы.

Першыя кантактуюць з намі, каб дапамагчы, а другія — галоўным чынам, каб прасіць нас аб дапамозе. Паколькі нас усіх яднаюць духоўныя сувязі (цэнтральным «вузлом» якіх з’яўляецца ўваскрослы Пан), то паміж намі ўсімі магчымы няспынны абмен духоўнымі дарамі, гэта значыць проста любоў.

Як могуць прыходзіць да нас памерлыя?

Ці могуць памерлыя прыходзіць у снах? Няма падстаў сцвярджаць, што не могуць. Біблія ведае некалькі прыкладаў так званых прарочых сноў, калі Бог перадаваў людзям нешта ў больш ці менш ясны спосаб менавіта праз сны. Гэта быў, напрыклад, спосаб, якім Пан Бог вырашаў свае справы са святым Юзафам. Улічваючы, што выратаванне кожнага чалавека — гэта справа, якой найперш зацікаўлены менавіта Ён, мы цалкам можам меркаваць, што Ён не раз дазваляе нашым памерлым «звяртацца» да нас менавіта гэтым шляхам.

А наяве? Што ж, тут Біблія ведае прынамсі адну сітуацыю, калі так адбылося — калі па загаду караля Саула варажбітка выклікала духа прарока Самуіла. І гэта сапраўды быў Самуіл, але ўся справа скончылася для Саула дрэнна. Памерлых нельга выклікаць. Гэтая забарона ўтрымліваецца ўжо ў Торы. А таму, што спроба прызываць памерлых «на заказ» зводзіцца да нашага нявер’я ў тое, што сродкі, якія Пана Бог уклаў нам у рукі, каб мы вялі добрае жыццё, з’яўляюцца дастатковымі. Гэта ў рэшце рэшт адмаўленне даверу да Бога і спроба «вырашыць» нешта па-свойму — больш ці часта менш узвышанае.

Аднак тое, што мы не маем права «прымушаць» памерлых да візітаў, не азначае, што ім не дазволена прыходзіць да нас (з волі Пана Бога). Гэта не абавязкова павінна быць «аб’яўленне». Часам гэта будзе нейкі знак, а часцей — падзея, пра якую нам цяжка будзе вынесці адназначна меркаванне. І, магчыма, менавіта тут крыецца ўвесь сакрэт…

Справа ў любові

Хутчэй за ўсё, сакрэт крыецца ў… свабодзе. Калі памерлыя прыходзяць, то прыходзяць, каб паказаць нам любоў (калі хочуць для нас нейкага дабра) альбо папрасіць аб ёй (бо калі яны пакутуюць у чысцы, то з-за недахопу любові — бо такім з’яўляецца кожны грэх). А ўмовай любові з’яўляецца свабода. Пан Бог і яны не ставяць нас пад сцяну відавочнымі знакамі, якія не пакідалі б нам выбару, а робяць гэта далікатна — пакідаючы прастору для нашай адчувальнасці і свабоднага рашэння.

Адкуль мне ведаць?

Дык адкуль мне ведаць, ці той мой памерлы, які мне сніцца, сапраўды чагосьці патрабуе? Адкуль мне мець упэўненасць, што гэтая падзея — менавіта нейкі знак для мяне? А ці мусіш ты мець упэўненасць? Нават калі гэта толькі твая «празмерна адчувальная» памяць, дык нічога не здарыцца, калі ты зробіш нешта добрае для памерлых. Нават калі менавіта гэты нехта не патрабуе тваёй дапамогі, бо ўжо цешыцца небам, твой высілак не прападзе. Бо не прападае ніякая любоў (хоць нам тут часам здаецца, што і так). У крайнім выпадку Пан Бог «перадасць» твае духоўныя даброты іншаму памерламу, які яшчэ мае патрэбу.

Як я магу дапамагчы памерлым?

Ёсць некалькі спосабаў. Першы — ахвяраванне Эўхарыстыі ў іх інтэнцыі. Першы, таму што Імша з’яўляецца найдасканалейшай ахвярай і малітвай, якую мы ведаем. Варта памятаць пра гэта самім і вучыць гэтаму наступныя пакаленні, каб мы самі таксама маглі калі-небудзь скарыстацца з гэтай найпэўнейшай дапамогі.

Іншы спосаб — ахвяраванне адпуст за памерлых — хоць бы ў лістападзе, які з’яўляецца асаблівым часам нашай памяці пра іх. Асаблівай формай малітвы за памерлых з’яўляюцца, вядома, выпамінкі, хоць сёння гэта традыцыя некалькі занядбаная «катэхетычна», а таму часта ўспрымаецца на магічны лад.

Не толькі малітва!

Кожная малітва за памерлых добрая і патрэбная. Варта выпрацаваць у сабе звычку ўключаць яе ў свае штодзённыя малітвы. Але малітва — гэта не ўсё! Катэхізіс падказвае нам, што за нашых памерлых мы можам ахвяраваць таксама пост, міласціну і ўчынкі міласэрнасці адносна патрабуючых, і гэта будзе для іх вельмі дзейснай дапамогай. Бо ва ўсім гэтым сапраўды ідзе проста пра любоў.

Па матэрыялах Aleteia
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку