Існуе трапная думка, што чакаць і даганяць – самыя складаныя рэчы. І гэта так. Заўсёды хочацца мець вынік тут і зараз.
У 2013 годзе я ўпершыню пераступіла школьны парог у якасці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Першым месцам працы стала ўтульная вясковая трохпавярховая школка, у якой налічвалася каля 150 вучняў. З першых дзён мне было даручана класнае кіраўніцтва ў пяцікласнікаў. Адносіны з дзецьмі склаліся адразу. Пытанні выклікаў толькі адзін клас – восьмы. Перад першым урокам калегі папярэдзілі, што клас складаны і чакаць ад яго вынікаў не трэба. Дарэчы, гэта быў самы маленькі клас у школе. Там навучалася ўсяго толькі сем чалавек.
Празвінеў званок, і я накіравалася ў кабінет, дзе займаліся васьмікласнікі. Адчыніўшы дзверы, мякка кажучы, здзівілася. Закінуўшы ногі на стол, на настаўніцкім крэсле гайдаўся адзін з вучняў. Астатнія вучні прыціхлі ў чаканні маёй рэакцыі. “Ты нічога не пераблытаў?” – спытала я ў вучня. З усмешкай хлапчук мне адказаў: “Я Вам проста грэў месца. Дарэчы, мяне завуць Андрэй”. Клас зарагатаў, а ён, увішна саскочыўшы, накіраваўся на сваё месца.
Пасля заканчэння ўрока мяне перапаўнялі змешаныя пачуцці. Я бачыла, што веды ў вучняў нулявыя, адсутнічаюць арганізаванасць, дысцыпліна і адказнасць. Усе чатыры хлопцы былі заўзятымі футбалістамі. Увесь вольны (і не толькі вольны) час яны прападалі на школьным корце. Дзяўчаты таксама не вызначаліся ўзорнымі паводзінамі. Чырванашчокая Алеся разам з хлопцамі ганяла мяч, не саромеючыся выказваць свае эмоцыі моцнымі слоўцамі. Задуменная і летуценная Надзя падчас заняткаў малявала сардэчкі, пішучы ўнутры імя свайго новага кавалера. А хітравокая Таццяна так і старалася збегчы на чарговую рэпетыцыю ў мясцовы клуб. Яна марыла стаць прафесійнай спявачкай. Усю першую чвэрць я старалася ўтаймаваць дзяцей, шукаючы іх перад урокам то на школьным стадыёне, то ў мясцовым клубе, то ў краме. Асабліва адзначаўся Андрэй, які быў завадатарам і стараўся арганізаваць усё новы і новы сабатаж. На ўроках ён так і сыпаў жартамі, падрываючы гэтым самым дысцыпліну.
У нейкі момант я стамілася ад гэтай барацьбы. Побач былі класы, якія хацелі працаваць, мелі высокую матывацыю, а я мусіла траціць столькі сілы і часу на тое, што не прыносіла плёну.
У лютым школа рыхтавалася да Дня роднай мовы. Мне хацелася зрабіць свята глыбокім, яркім і запамінальным. Пад кіраўніцтвам педагогаў працоўнага навучання старэйшыя хлопцы выразалі з фанеры літару “Ў” – будучы кубак для класа-пераможцы, які справіцца найлепш з усімі заданнямі прадметнага тыдня. Пасля дзяўчаты абклейвалі загатоўку залацістай паперай, а тэхнічныя работнікі дапамаглі зрабіць падстаўку. Я была захопленая падрыхтоўкай заданняў да прадметнага тыдня. А пэўным вечарам напісала вершаваную жартаўлівую пастаноўку пра вучня, які не хацеў рыхтавацца да ўрокаў мовы і літаратуры. Ужо тады ведала, што галоўную ролю ў маленькай пастаноўцы атрымае васьмікласнік Андрэй. Ён як ніхто іншы зможа ўжыцца ў гэтую ролю.
І я не памылілася. Тое, што на ўроках мела адмоўную афарбоўку, на сцэне зайграла іншымі фарбамі. Андрэй арганічна ўжыўся ў ролю. Седзячы ў зале, я бачыла, як гараць яго вочы. Разам з ім ігралі і яго аднакласнікі. З таго моманту ніводнае выступленне не абыходзілася без падлетка і ўсяго восьмага класа. Пазней, удзельнічаючы ў конкурсах педагагічнага майстэрства, я ўсюды брала з сабой менавіта гэты няўрымслівы і гарэзлівы клас.
Найбольш у памяць урэзаўся адзін момант. Мы паехалі ў абласны цэнтр на чарговы конкурс педагагічнага майстэрства. Я чакала свайго выхаду на сцэну. Праз хвіліну трэба было паўстаць перад поўнай глядацкай залай. Мяне трэсла і ад гэтай думкі, і ад таго, што ў калідоры быў скразняк. Нечакана я адчула на сваіх плячах нечыя рукі. Павярнуўшыся, заўважыла Андрэя, які накідваў мне на плечы свой пінжак. “Вы ў нас найлепшая, не хвалюйцеся”, – прамовіў школьнік. У той момант усё стала дробязным: і сцэна, і людзі ў зале. Дзіця, якое падавалася мне безнадзейным, упершыню праявіла сапраўдны акт чалавечнасці і міласэрнасці.
З конкурса ў той дзень я вярталася без узнагароды, але з поўным разуменнем таго, што цярплівасць, дабрыня і чалавечнасць могуць зрабіць многае. У тым ліку і вярнуць у статак страчаную авечку.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!