У чацвёртым класе ў сувязі з пярэбарамі я мусіла змяніць школу. Мама прывяла мяне ў новы калектыў, дзе мяне сустрэлі равеснікі. Дзяўчаты адразу ж узялі мяне ў сваю кампанію. Кожная хацела пасядзець за адной партай з “новенькай”.
У першыя дні навучання мяне напаўнялі прыемныя пачуцці: падабаліся педагогі, аднакласнікі, атмасфера. На той момант некаторыя рэчы, якія адбываліся ў класным калектыве, яшчэ не заўважаліся. Пазней я звярнула ўвагу на дзяўчынку, каторая сядзела заўжды адна, з ёй амаль ніхто не размаўляў. А калі размаўлялі, то з кпінамі, высмейваючы празмерную вагу і называючы непрыемнымі мянушкамі. Пры гэтым дзяўчынка добра вучылася, удзельнічала ў пазакласным жыцці. У адну з суботаў здарылася сітуацыя, якая цалкам перавярнула мае адносіны да аднакласнікаў.
Я зайшла ў калідор школьнага туалета, каб намачыць анучку і памыць дошку. Праз дзверы быў чутны смех, дзявочыя галасы. Пасля група аднакласніц выбегла вонкі. Я пачула ў адной з кабінак голас сваёй аднакласніцы, з якой пастаянна кпілі. Яна стукала і прасіла, каб дзяўчаты адчынілі дзверы. Я адчыніла дзверы, і ў той дзень мы ўпершыню размаўлялі. Яна расказвала пра рэчы, якія ёй давялося перажыць. Мне стала шкада гэтую дзяўчынку. Мы пачалі сябраваць, давялося таксама цалкам разарваць адносіны з дзяўчатамі, якія ў старэйшых класах пачалі курыць, сустракацца з дарослымі хлопцамі. Было зразумела, што нашы шляхі разышліся. З цягам часу да нас далучыліся некаторыя ўдзельніцы той групоўкі. Ім не падабаліся многія сітуацыі, але быў страх стаць супраць большасці.
Булінг – адвечная тэма школьнага і студэнцкага жыцця. Сістэматычныя агрэсіўныя паводзіны, накіраваныя на аднаго чалавека, часцей за ўсё ўключаюць псіхалагічны ціск, фізічны гвалт, цкаванне ў інтэрнэце. Праз такія паводзіны знішчаецца чалавечая годнасць.
Вучэнне Касцёла аб годнасці чалавека грунтуецца на фундаментальнай ісціне, што кожны створаны паводле вобраза і падабенства Божага. Як падкрэсліваецца ў каталіцкім сацыяльным вучэнні, гэтая годнасць нададзена кожнай асобе, незалежна ад яе паходжання, здольнасцей ці грахоў, і становіцца асновай павагі і справядлівага стаўлення да кожнага. Папа Ян Павел ІІ у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, зацверджаным у 1992 годзе, падкрэсліў, што чалавечая годнасць патрабуе абароны правоў кожнага чалавека. Гэтая годнасць захоўваецца нават тады, калі чалавек не можа яе рэалізаваць праз абмежаванні, пакуты ці грахі. У 2024 годзе Дыкастэрыя веравучэння апублікавала дэкларацыю “Dignitas Infinita”, дзе пацвярджаецца, што кожная асоба валодае годнасцю, якая захоўваецца ва ўсіх абставінах.
У адным са зваротаў да моладзі Папа Францішак падкрэсліваў, што слабым з’яўляецца той, хто ажыццяўляе ціск: “Той, хто здзяйсняе булінг, баіцца, і страх заўсёды з’яўляецца ворагам дабра, а таксама ворагам любові і міру”. Ён назваў булінг эпідэміяй і заклікаў моладзь разам казаць “Не!”, супрацьстаяць здзекам і абараняць адно аднаго. Папа падкрэсліваў, што крыўдзіць іншага, асабліва слабейшага – гэта справа д’ябла, які атакуе слабых.
Булінг таксама адмаўляе прызнанне ў іншым чалавеку твару Хрыста: “Сапраўды кажу вам: што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых Маіх братоў, Мне зрабілі” (Мц 25, 45).
Важна развіваць у дзяцей і моладзі здольнасць да спагады, суперажывання і адказнасці. Калі школьнікі навучацца бачыць у аднагодках не аб’екты для здзекаў, а братоў, створаных паводле аднаго вобразу, гэта стане самай моцнай прафілактыкай булінгу. Маўчанне і абыякавасць да гвалту – гэта форма ўдзелу ў агульным зле.
Сведка Божай любові
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!