Біскуп Алег Буткевіч удзеліць святарскае пасвячэнне двум дыяканам у Глыбокім

23 мая 2020 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбудзецца святая Імша, падчас якой біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзеліць сакрамант пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыяканам Яўгену Шымановічу і Іллю Саўчанку МІС.

Пачатак у 11 гадзін.

 

 

Дыякан Яўген Шымановіч нарадзіўся 8 студзеня 1991 года. Паходзіць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Андрэя Баболі ў Мінойтах (Лідскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія). Працаваў праграмістам і за плячыма мае навучанне ў Мінскім катэхетычным каледжы. Затым была вучоба ў Філасофска-багаслоўскай Акадэміі Бэнедыкта XVI у Хайлігенкройцы (Аўстрыя), там жа праходзіў фармацыю ў духоўнай семінарыі, належыць да супольнасці “Сям’я Бога Айца” ў Аўстрыі.

Інкардынаваны ў Віцебскую дыяцэзію.

7 снежня 2019 года ў Глыбокім з рук Яго Эксцэленцыі Алега Буткевіча, біскупа Віцебскага, атрымаў дыяканскае пасвячэнне. Дыяканскую практыку праходзіў у Глыбоцкай парафіі.

Дыякан Ілля Саўчанка МІС нарадзіўся 19 чэрвеня 1991 года. Паходзіць з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія).

13 кастрычніка 2018 года на Гары Кальварыі на Марыянках (Польшча) у санктуарыі св. Станіслава Папчынскага брат Ілля склаў вечныя манаскія абяцанні ў кангрэгацыі айцоў марыянаў.

8 чэрвеня 2019 года ў санктуарыі Маці Божай Ліхеньскай у Ліхені (Польшча) з рук Яго Эксцэленцыі Алега Буткевіча, біскупа Віцебскага, атрымаў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці айцоў марыянаў.

Заахвочваем агарнуць малітвай дыяканаў, якія рыхтуюцца да пасвячэння!

Марына Сінкевіч

для друку для друку