Спісы абразоў Маці Божай з Беларускіх Марыйных санктуарыяў, што ўжо шосты год запар пілігрымуюць па парафіях нашай краіны прыбудуць у Мосарскі касцёл святой Ганны (Глыбоцкі дэканат) раніцай у суботу 8 жніўня. Урачыстая святая Імша распачнецца ў 10.00.
Мосарская парафія стане 150-м месцам прыбыцця найбольш шанаваных і вядомых Марыйных абразоў за 5 год перэгрынацыі па парафіях Беларусі і замежжа ў суправаджэнні духоўнага куратара перэгрынацыі, ксяндза Станіслава Станеўскага.
Раней перад абразамі ўжо маліліся вернікі 23-х парафій Віцебскай дыяцэзіі. Цяпер пасля некаторага перапынку перэгрынацыя працягваецца па самай маладой дыяцэзіі Беларусі.
Нагадаем, што папярэднічала гэтаму першая малітоўна-пакутніцкая аўтамабільная пілігрымка, калі невялікая група вернікаў з 12 па 18 чэрвеня 2021 года праехалі, на той час, з 8-мі спісамі цудадзейных ікон з Марыйных санктуарыяў Беларусі межамі нашай краіны 3125 км. Пілігрымка адбылася па ініцыятыве тагачаснага пробашча Мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка пасля благаслаўлення абразоў Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Пасля распачалася перэгрынацыя па розных парафіях нашай краіны.
Абразы таксама за гэты час пілігрымавалі ў суседнюю Вільню (Літва), Аглону (Латвія), Чэнстахову (Польшча), а таксама былі прадстаўлены для італьянскіх вернікаў у Рыме, дзе 28 чэрвеня 2023 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане падчас агульнай аўдыенцыі іх благаславіў Папа Францішах, што набыло статус глыбокай агульнанацыянальнай рэлігійнай місіі.
Абразы застануцца ў Мосары ў касцёле святой Ганны (вул. Маладзёжная, 3) да 22 жніўня. Штодня кожны жадаючы можа наведаць мосарскую святыню і ўшанаваць Маці Божую ў разнастайных Абліччах.
Віктар Ведзень
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
