Як правільна па-беларуску: “сямейны ачаг” ці “сямейны агмень?”

belmovaПрактыка сведчыць, што абодва прыведзеныя спалучэнні сёння ўжываюцца ў літаратурнай мове. Прычым як у друкаваных, так і ў электронных сродках масавай інфармацыі. І назоўнік ачаг у розных кантэкстах досыць прадуктыўны. Але ці варта яго выкарыстоўваць увогуле? Паспрабуем разабрацца.

Слова ачаг мае выразнае цюрскае паходжанне. Пра гэта сведчыць і аўтарытэтны “Этимологический словарь русского языка” Макса Фасмера (Мінск, 1971, Т. 3, с. 177). Але калі ў рускай мове цюркізмы – з’ява звычайная (параўнаем, напрыклад, амбар, изюм, каблук, карандаш, палач, сарай, утюг, чердак і г.д.), то ў беларускай яны ўжываюцца абмежавана.

В. Ластоўскі ў “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку” (Коўна, 1924) падае да лексемы очаг беларускія варыянты агмень і вогнішча (с. 439). У першай палове ХХ стагоддзя назоўнік ачаг у нашай мове ўжываўся рэдка, а пашырыўся на хвалі татальнай русіфікацыі ў 50-ыя – 60-ыя гады.

Напрыканцы 90-ых гадоў намецілася тэндэнцыя да звужэння сферы функцыянавання ў нашай літаратурнай мове лексемы ачаг. Так, напрыклад, рускае спалучэнне очаг войны па-беларуску стала перадавацца як асяродак вайны. Па аналогіі замацаваліся натуральныя беларускія канструкцыі асяродак культуры (не ачаг культуры), асяродак захворвання (не ачаг захворвання), асяродак супраціву (не ачаг супраціву) і г.д. Падобная сітуацыя захоўваецца і цяпер: назоўнік асяродак ужываецца тады, калі гаворка ідзе пра розныя сітуацыі, але не пра дамашняе ўтульнае “гняздо”.

Назоўнік агмень, як сцвярджае прафесар П. Сцяцко, “этымалагічна больш празрысты, чым пазычанне ачаг” (П. Сцяцко. Культура мовы. – Мінск, 2002. – С. 226). Ён мае выразную матывацыю, якая непасрэдна карэлюе з паняццем агонь у самым шырокім яго сэнсе. Выкарыстанне згаданай лексемы рэгулярна адзначаецца як у тэкстах мастацкай літаратуры, так і ў перыядычным друку: Спадчына, як пупавіна. / І досвіткам лучынай доўжыць / Імгненне прашчураўскага агменю (Рыгор Барадулін); Як-ніяк свой кут, свой агмень у яго ёсць (Аляксей Дудараў); У гэтым доме збіраюцца жыць нашы знаёмыя – нарэшце ў ім запалаў сапраўдны агмень! (“Звязда”, 8.10.10).

Такім чынам, па-беларуску варта казаць сямейны агмень, а не сямейны ачаг або, напрыклад, жанчына стварыла ўтульны сямейны агмень (а не сямейны ачаг).

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі