Як лепш сказаць па-беларуску: жыву ў пасёлку гарадскога тыпу або жыву ў мястэчку?

belmovaУ сучаснай маўленчай практыцы для абазначэння статусу населенага пункта, большага за вёску, але меншага за горад, выкарыстоўваецца перанятае з рускай мовы спалучэнне пасёлак гарадскога тыпу. Такіх месцаў нямала і на Віцебшчыне. Напрыклад, Шуміліна, Ушачы, Падсвілле, Варапаева і інш. Пры гэтым апошнія гады ўсё часцей і ў вусным маўленні, і ў пісьмовай практыцы дасведчаныя носьбіты нашай мовы, журналісты карыстаюцца старым і прыгожым беларускім словам мястэчка, якое надзвычай дакладна адлюстроўвае сутнасць паняцця, выразна характарызуе названы тып населеных пунктаў. Назоўнік мястэчка ўтвораны ад агульнаславянскага слова места – “горад”, гэта значыць, населены пункт, які мае прыметы горада, характэрную для яго інфраструктуру ці прынамсі нейкія яе элементы. І сёння нам наўрад ці варта звяртаць увагу, напрыклад, на тое, што ў асноўным пакуль “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (ТСБМ, Мінск, 1977 – 1984) слова мястэчка падаецца з паметай “уст.” Зразумела, мова з часу выхаду слоўніка ў значнай ступені зведала змены і ў лексічным складзе. І тое, што ў савецкую пару ўспрымалася як састарэлае (бо адрознівалася ад рускага эквівалента), цяпер абсалютна арганічна ўпісваецца ў нашу маўленчую традыцыю. Звернемся хаця б да Вікіпедыі. Тут назоўнік мястэчка заняў сваё месца. Працытуем: Шумі́ліна мястэчка ў Беларусі, непадалёк ад ракі Чарніцы. Адміністрацыйны цэнтр Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці…” Такім жа чынам Вікіпедыя падае і інфармацыю пра іншыя падобныя населеныя пункты. Дарэчы, і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) ужо фіксуе назоўнік мястэчка (с. 407), прызнаючы тым самым за ім статус літаратурнай лексемы.

Калі і надалей трымацца не зусім дарэчнага спалучэння пасёлак гарадскога тыпу, то непазбежна ўзнікае і яшчэ адна праблема: як называць жыхароў гэтага населенага пункта? Гартыппасялковец, проста гарпасялковец? А вось ад назоўніка мястэчка ўтвораны і з поспехам выкарыстоўваецца ў жывой моўнай практыцы назоўнік местачковец – гэта значыць, жыхар мястэчка. Прафесар П. Сцяцко – выдатны знаўца роднай мовы – гаворыць, што местачковец – “натуральнае, свойскае слова. А застарэлым яго хацелі зрабіць бальшавікі, імкнучыся пазбавіць беларусаў, як і іншыя народы СССР, усяго адметнага, свайго, роднага, каб зляпіць з іх “адзіны савецкі народ” (П. Сцяцко. Культура мовы. – Мінск, 2002. – с.130).

Такім чынам, жыхары Шуміліна, Ушачаў, Падсвілля, Варапаева ды іншых падобных даволі буйных населеных пунктаў могуць смела сказаць, што яны жывуць у мястэчку, а не ў пасёлку гарадскога тыпу. Ад гэтага казённага, фармальнага спалучэння варта пазбаўляцца ў нашай мілагучнай мове.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі