Як лепш сказаць па-беларуску: “гэта мая дача” ці “гэта маё лецішча”?

belmovaНазоўнікі дача і лецішча паралельна выкарыстоўваюцца ў сучаснай мове, але з рознай частотнасцю. Як выглядае сітуацыя з гэтым на практыцы, паспрабуем разабрацца.

Слоўнікі 20-ых гадоў ХХ ст. падавалі слова дача толькі са значэннем апрадмечанага дзеяння – даванне, у рускай мове адпаведнік даяние. У сэнсе даванне грошай, даванне харчоў і г.д. На хвалі нацыянальнага адраджэння ў пачатку 90-ых гадоў ХХ стагоддзя замест слова дача (дом за горадам) стала імкліва пашырацца лексема лецішча. Яна матывуецца словамі лета і летаваць (жыць дзе-небудзь летам, заставацца дзе-небудзь на лета” (“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, т. 3, с. 38). Назоўнік лецішча, як адзначае прафесар П. Сцяцко, утвораны якраз ад дзеяслова летаваць з дапамогай суфікса -ішч-а: лет(ава)цьлецішча. Такія ўтварэнні абазначаюць месца (збудаванне, памяшканне), дзе адбываецца адпаведнае дзеянне (П. Сцяцко. Культура мовы. – Мінск, 2002. – С. 272).

Названы назоўнік выкарыстоўваецца і ў мове мастацкай літаратуры, і ў сродках масавай інфармацыі. “Cлоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) – акадэмічнае выданне – фіксуе названую лексему таксама (с. 371), а гэта сведчыць пра прызнанне літаратурнага статусу згаданага назоўніка. Зрэшты, у публіцыстычным дыкурсе слова лецішча ўжывавецца рэгулярна ўжо больш за два дзясяткі гадоў. Прывядзём колькі прыкладаў: Побач з лецішчам – возера, ручай, лес хваёвы (Чырвоная змена, 10.11.2010); У Севастопалі нам не далі здымаць расійскую ваенную базу і лецішча Януковіча (Звязда, 14.05.2011); Неяк на лецішчы ў знаёмых мы вялі гаворку аб гісторыі Беларусі (Краязнаўчая газета, №40, кастрычнік, 2012); Жыць стала сюды не едуць. Летняе лецішча – і не больш за тое (Наша ніва, 24.10.2012); Раней … я не магла працаваць на лецішчы (Звязда, 28.07.2016).

Як бачым, слова лецішча прадуктыўна выкарыстоўваецца ў самых розных перыядычных выданнях. Імкнучыся да павышэння культуры і вуснага, і пісьмовага маўлення, варта аддаваць перавагу менавіта назоўніку лецішча і не захапляцца чужым для нашай мовы словам дача. Па-беларуску сапраўды прыгожа гучаць фразы кшталту Я будую лецішча; Гэта мае суседзі па лецішчы; Гэта маё лецішча.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку