Тыповыя памылкі ў вымаўленні

У гэтым матэрыяле мы пагаворым пра некаторыя частотныя памылкі ў літаратурным вымаўленні, разгледзім тыповыя выпадкі адхілення ад правілаў, літаратурных нормаў.

Правільнасць літаратурнага вымаўлення рэгулююць арфаэпічныя нормы, іншымі словамі, яны вызначаюць, як трэба вымаўляць галосныя і зычныя гукі, гукавыя спалучэнні, а таксама акрэсліваюць характар інтанацыі.

У беларускай літаратурнай мове найчасцей напісанне адлюстроўвае вымаўленне. Таму кожны, напэўна, чуў спрошчаную, у нечым нават дылетанцкую характарыстыку нашай мовы: як чуеш, так і пішаш. Так, сапраўды, у словах кшталту галава, машына, чалавек напісанне цалкам дублюе вымаўленне. Але, напрыклад, у назоўніках горад, снег, лётчык – не, бо мы вымаўляем горат, сьнех, лёччык.

Таксама ў шэрагу выпадкаў дапускаецца варыянтнасць у напісанні і вымаўленні: канешне і канечне, жаваранак і жаўранак, кафтан і каптан, калодзеж і калодзезь. Што праўда, пры фармальнай правільнасці абодвух прыведзеных варыянтаў перавагу ўсё ж варта аддаваць першым кампанентам у парах як найбольш частотным, замацаваным у найлепшых узорах камунікацыі.

Асноўныя арфаэпічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы наступныя:

  1. Поўнае аканне, г.зн. супадзенне ненаціскных [о], [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных з [а]: горад – гарады, моладзь – малады, цэгла – цагляны, рэкі – рака. Але ў большасці слоў неславянскага паходжання ненаціскное [э] захоўваецца: дэманстрацыя, дэлегат, рэкорд, рэвалюцыя, рэжысёр (не даманстрацыя, далегат, ракорд, равалюцыя, ражысёр). Адначасова ў некаторых лексемах неславянскага паходжання, ужо добра асвоеных нашай мовай, назіраецца поўнае аканне: адрас, літара, рамонт. Зрэшты, гэтае правіла ў асноўным выконваецца носьбітамі мовы, хіба што за рэдкімі выключэннямі.
  2. Няпоўнае аканне, г.зн. супадзенне [о], [э] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам з [а], што на пісьме абазначаецца літарай [я]: вецер – вятры, вёска – вясковы, лес – лясы, мёд – мядовы. У большасці слоў неславянскага паходжання яканне адсутнічае: метро, сезон, герой, легенда. Праўда, на пачатку 90-ых гадоў ХХ ст. рабіліся асобнымі навукоўцамі спробы пашырыць яканне і на іншамоўныя лексемы (г.зн. тады павінна было б вымаўляцца мятро, сязон, гярой, лягенда), аднак у мове гэта не прыжылося. Тым не менш мы нярэдка фіксуем і цяпер у вуснай камунікацыі падобнага кшталту факты. Гэта якраз той выпадак, калі моўнік хоча зрабіць як найлепш, а атрымліваецца наадварот. Разам з тым трэба памятаць, што падпарадкоўваюцца правілу якання, напрыклад, назоўнікі сяржант, яфрэйтар, ужо асіміляваныя беларускай мовай. Да таго ж пад правіла якання трапляюць канструкцыі кшталту не быў, не ён, без іх і г.д. Гэта азначае, што трэба вымаўляць ня быў, ня ён, бяз іх.
  3. Ненаціскны гук [і] у пачатку слоў змяняецца на [й], калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны, і змяняецца на [ы], калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны. Пры гэтым не павінна быць неабгрунтаванай паўзы пры вымаўленні слоў: яна йдзе, сястра й брат, да йнстытута; ён ыдзе, брат ы сястра, ад ынстытута. Пасля заднеязычных [г], [к], [х] гук [i] застаецца нязменным: гарох i боб, снег і дождж, Віцебск і Мінск. Гук [й] вымаўляецца таксама ў займенніках кшталту іх, іншы: не бачылі йіх, разам з йім, нехта йіншы. Як паказвае практыка, у абсалютнай большасці выпадкаў гэты пункт правіла парушаецца. Таму мы прапануем крыху патрэніравацца, прачытаць наступныя спалучэнні згодна з правіламі літаратурнага вымаўлення: з Італіі, у імя, горад і вёска, Гародня і Віцебск, Віцебск і Гародня, луг і поле, поле і лес, пры іх, стол і крэсла, студэнт і выкладчык, кніга і аловак, аловак і сшытак, смех і грэх, вуліца і ходнік, ён ідзе, яна ідзе, вецер і гром, цемра і святло, разам з іншымі, былі з ім.
  4. Гук [г] у беларускай мове (у адрозненне ад рускай) фрыкатыўны, працяжны. Але ў некаторых іншамоўных словах ён можа вымаўляцца як выбухны (як у рускай мове): гузік, гуз, ганак, агрэст, швагер. Праўда, апошнім часам у нашай мове назіраецца выразная тэндэнцыя да вымаўлення працяжнага гука [г] і ў некалі пазычаных лексемах. Тым больш, што словы кшталту агрэст, гузік, гуз, ганак даўно ўжо асвоеныя мовай. Таму ў маўленні можна прытрымлівацца ўжывання фрыкатыўнага [г] незалежна ад паходжання слова. Выключэннямі варта прызнаць словы, дзе ў корані ёсць спалучэнне [зг]: мазгі, рэзгіны, розгі. Адначасова трэба памятаць, што выбухны [г] вымаўляецца ў сярэдзіне іншамоўных слоў перад звонкім зычным: эгзамен, вагзал, эгзотыка, эгзэмпляр, анегдот.

Працяг будзе

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі