Слова рабяты час ад часу ўжываецца ў публіцыстычным стылі, пераважна ў раённым перыядычным друку. Асабліва калі гаворка ідзе пра тыя ці іншыя школьныя справы, дзе вучні – галоўныя героі аповяду. І значна часцей можна пачуць названую лексему ў вуснай камунікацыі, у тым ліку і ў маўленні настаўнікаў, якія гавораць па-беларуску. Фразы кшталту “Рабяты, супакойцеся!” або “Рабяты пайшлі дадому” мы нярэдка чуем з вуснаў настаўнікаў, уключаючы і прадметнікаў-філолагаў. Але ці варта выкарыстоўваць у нашай мове назоўнік рабяты? Паспрабуем разабрацца.
Слова рабяты практычна не ўжывалася ў беларускай мове ў першай палове ХХ стагоддзя. Так, у прыватнасці, у “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага (Коўна, 1924) зафіксавана: “Ребя, ср. Ребенок м. – дзіця, дзяцё, дзіцятка, дзяцюк” (с. 609). “Беларуска-рускі слоўнік” 1926 года выдання таксама не падае ў беларускай частцы лексему рабяты. Толькі ў другой палове мінулага стагоддзя на хвалі імклівай русіфікацыі беларускай лексікі назоўнік рабяты ўводзяць у нашы слоўнікі і рэкамендуюць выкарыстоўваць як прымальную для нашай мовы адзінку. Напрыклад, у “Руска-беларускім слоўніку” 1982 года чытаем: “Ребята (молодежь обоего пола) – рабяты; веселые ребята – вясёлыя рабяты (т. 2, с. 325). “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” фіксуе слова рабяты з тлумачэннем “хлопчыкі і дзяўчынкі; дзеці” (Мінск, 1980. – Т. 4, с. 551).
Штучнасць слова рабяты ў беларускай мове выразна бачная, калі прыгадаць, што руская форма ребята – гэта множны лік ад ребенок (пар. у рускай мове: котята – котенок, телята – теленок і г.д.). Прафесар П. Сцяцко ў сувязі з гэтым звяртае ўвагу, што ў рускай мове “паказчык множнага ліку —ят-а далучаецца да скарочанай утваральнай асновы: реб-енок → реб-ята. У беларускай літаратурнай мове гэтага не адбываецца: фармант множнага ліку -ят- далучаецца да асновы адзіночнага ліку: арляня → арляняты, ваўчаня → ваўчаняты. Таму структура слова рабяты вымагае бачыць у ім утварэнне ад рабя: рабя → рабяты” (Сцяцко П. Культура мовы. – Мінск, 2002. – C. 416). Але ж такога слова ў нашай мове проста няма.
Падсумоўваючы сказанае, адзначым, што не варта выкарыстоўваць ні ў вусным маўленні, ні тым больш у пісьмовых тэкстах кальку з рускай мовы рабяты. Тут дарэчы прыгадаць, што і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) не падае назоўнік рабяты. Гэта па сутнасці азначае немэтазгоднасць увядзення русіфікаванай словаформы ў любы беларускамоўны кантэкст. Па-беларуску ж у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі мы можам сказаць: хлопцы, хлопцы і дзяўчаты, дзеці. Але не рабяты. А назва знакамітай савецкай камедыі, што ў арыгінале гучыць як “Весёлые ребята”, на нашу думку, найлепш па-беларуску перадаецца праз спалучэнне “Вясёлая моладзь”.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
