Сустрэча адбылася ў Глыбокім у пятніцу 23 верасня. Распачалася ад самага галоўнага моманту дня – ад Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Пастыр дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
Біскуп Алег нагадаў пра вартасць паслугі катэхета, неабходнасць супрацоўніцтва з бацькамі на шляху ўзрастання ў веры дзяцей і моладзі. А самае галоўнае, што кожны, хто выконвае паслугу катэхета чыніць гэта ў імя Езуса Хрыста і з’яўляецца Яго жывым сведкам.
Якім павінен быць катэхет? Адказ на гэтае пытанне дапамагала знайсці сястра Мажэна Вельгус. Для гэтага запрапанавала ўдзельнікам сустрэчы стварыць партрэт катэхета на аркушу паперы. Усе ўдзельнікі сустрэчы, працуючы ў групах, намалявалі з дапамогай алоўкаў і слоў вельмі крэатыўныя партрэты катэхета.
Кацярына Бародзіч з Дзеркаўшчыны адзначыла, што “ўсе звярнулі ўвагу на сэрца, падкрэсліваючы, што яно павінна быць на ўзор Сэрца Езуса адкрытым і поўным Бога. Фундаментальным для катехета з’яўляецца сувязь з Богам адкуль ён і чэрпае сілы, каб даваць Бога іншым. На ўсіх малюнках была ўсмешка, гэта значыць, што катэхет павінен быць радасным. Ну і вялікія вушы прыдатныя для таго, каб слухаць і чуць”.
Незвычайным элементам аднаго з партрэту стала адна завушніца, прыпамін аб тым, што катэхет павінен быць сучасным і крыху нефармальным.
Найлепшыя якасці катэхета са слоў удзельнікаў гэта ўсё бачыць, добра ведаць сваіх вучняў, мець вялікія вочы, быць актыўным, гатовым выехаць з дзецьмі на адпачынак. Павінен палаць Божай любоўю.
Сучасны катэхет:
— мае ў галаве кампутар, сучасныя тэхналагічныя сродкі, бо ў катэхезе без гэтага не абысціся;
— на партрэце з адным зубам, бо ўсе зубы з’еў на вывучэнні Бібліі і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла;
— удзельнічае сам у жыцці Касцёла і да яго вядзе ўсіх, каму служыць;
— крыху нефармальны, бачыць, перш за ўсё чалавека, а не трымаецца толькі права.
Айцец Анджэй Юхневіч у сваёй кароткай канферэнцыі нагадаў аб тым, што паслуга катэхета – гэта перш за ўсё паслуга ў супольнасці Касцёла. Сапраўды жніво вялікае, а працаўнікоў мала, таму неабходна сустракацца, развівацца, дзяліцца вопытам і перадаваць адказнасць бацькам за рэлігійнае выхаванне дзяцей. Як і ў кожнай паслузе ёсць радасці і поспехі, а цяжкасці трэба вучыцца пераадольваць і шукаць новыя перспектывы.
Актыўнасць удзельнікаў сустрэчы праявілася ў працы ў групах, дзе яны шукалі адказы на пытанні: з якімі цяжкасцямі сустракаецца катэхет у паслузе і як іх пераадольвае? Што з’яўляецца паказчыкам якасці паслугі катэхета? Як развівацца і павышаць кваліфікацыі? З кім павінен супрацоўнічаць катехет? Адказы на гэтыя пытанні будуць апрацаваны і дадуць далейшы накірунак сістэматычнай працы і далейшым сустрэчам катэхетаў на дыяцэзіяльным узроўні.
“Я лічу такія сустрэчы вельмі карыснымі і цікавымі. Сустрэча мяне ўзбагаціла, умацавала, дала адчуць адказнасць за Касцёл. Аднавіла ўва мне тры важныя паняцці: Супольнасць, Адказнасць, Місія”,- адзначыла Кацярына Бародзіч.
с. Марыя Шамовіч, тэкст
Леанід Юрык, фота і відэа