Словы Маці: што кажа Марыя на старонках Святога Пісання?

Падчас Вялікага тыдня ўвесь хрысціянскі свет схіляе галовы ў смутку. Вялікае значэнне для вернікаў у гэты перыяд маюць сем апошніх слоў Збаўцы на Крыжы, якія асабліва ўшаноўваюцца падчас Вялікага тыдня.

Але Марыя, Маці Езуса, мае не толькі свае сем балесцяў, але і свае сем выразаў, якія Яна прамаўляе на старонках Евангелля. Гэтыя словы заслугоўваюць, каб вернікі іх разважалі як падчас Вялікага посту, так і ў прыватнасці падчас Вялікага тыдня.

1. “Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?” (Лк 1, 34)

Марыя сказала гэтыя словы падчас Звеставання, калі анёл абвясціў Ёй, што Яна зачне і народзіць Сына Божага.

Пад словам «муж» Марыя мае на ўвазе «мужчыну», гэта значыць таго, за каго яна павінна выйсці замуж. Пасланне анёла чымсьці нагадвае вестку, атрыманую некаторымі бясплоднымі жанчынамі Старога Запавету, пра тое, што дзякуючы Божаму ўмяшанню яны сталі маці важных асоб у гісторыі збаўлення, — такіх як Сара, маці Ісаака, Ганна, маці Самуіла альбо неназваная маці Самсона.

Нашы разважанні пра словы Марыі, верагодна, павінны складацца з малітваў аб Божай дапамозе ў пераадоленні жыццёвых перыпетый і разуменні Яго таямніц. Як часта мы маем хвілінку, каб падумаць, што Бог, напэўна, мае план  на наша жыццё (асабліва ў той час, калі свет ахоплены пандэміяй каранавірусу, які ўжо забіў шмат людзей)? Хіба мы не забываем, што хваробы і пакуты з’яўляюцца часткай чалавечага існавання, як бы мы ні хацелі гэтага пазбегнуць?

2. «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». (Лк 1, 38)

У той жа час Марыя выказала абсалютную паслухмянасць Божай волі. Гэтыя словы нагадваюць вернікам, што, вычарпаўшы ўсе спосабы вырашэння нашых праблем, мы аддаём іх у рукі Бога.

Мы павінны часта задаваць сабе пытанне: ці жывём мы сваім жыццём як мага лепш дазваляючы Богу паклапаціцца пра ўсё астатняе? Ці спадзяёмся мы выключна на свае сілы (абмежаваныя), забываючы, што, магчыма, Бог хацеў бы, каб мы знайшлі хвілінку паслухаць Яго і пагаварыць з Ім?

3. Марыя наведвае Альжбету

Гэта павінна было быць звычайнае яўрэйскае прывітанне «Шалом» (Лк 1, 40). Марыя, маючы пад сэрцам Дзіцятка, адправілася «ў горную краіну, у горад Юды», каб наведаць Альжбету, якая павінна была нарадзіць Яна Хрысціцеля. Звычайна яе падарожжа не было прагулкай. Тыя, хто паломнічаў у гэтую горную краіну, сведчаць, што гэта крутая гара з перасечанай мясцовасцю, але Марыя спяшалася дапамагчы сваячцы.

Евангелле ад Лукі кажа нам, што «прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом». Адзін вядомы філіпінскі святар-аглядальнік аднойчы напісаў, што прыклад Марыі быў выразам «хрысціянства ў лепшым выглядзе — клапатлівага, адданага дабрабыту іншых».

Магчыма, нам варта спытаць сябе: ці не паводзім мы сябе часам як «прымадонны» — аддаленыя і неадчувальныя да патрэб іншых? Ці прыкладаем намаганні, каб наведаць вязняў, састарэлых і нямоглых, паслухаць іх паўторныя гісторыі? Ці мы клапоцімся толькі пра нашых начальнікаў і кліентаў? Пакупкі, вячэры ў шыкоўных месцах і праверка «лайкаў» у нашых паведамленнях на Facebook — гэта наш асноўны занятак?

4. »Узвялічвае душа мая Пана і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы” (Лк 1, 46-47).

Гэта першы радок хвалебнага гімну Марыі, вядомы як Magnificat. Марыя зразумела, як атрыманы Боскі дар адлюстроўвае Божую міласэрнасць, вернасць і шчодрасць. Што азначаюць яе словы для нас, хрысціян? Ці мы хвалім і дзякуем Богу, нават калі не атрымліваем таго, у якой інтэнцыі молімся? На самай справе, кожная наша просьба павінна гучаць прыблізна так: «Госпадзе, калі мае праекты і планы адпавядаюць Тваёй волі, дазволь мне зрабіць гэта. Калі не, дазволь мне прызнаць паразу».

5. «Дзіця, чаму Ты зрaбiў нaм тaк? Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі, шукaючы Цябе» (Лк 2, 48).

Марыя прамовіла гэтыя словы, калі яны з Юзафам, шукаючы хлопчыка Езуса на працягу трох дзён, нарэшце знайшлі Яго ў храме, дзе старэйшыя былі ўражаны Яго мудрасцю. Але адказ Езуса ўтрымліваў загадку: “Чaгo ж вы шукaлі Мяне? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?”

У момант Звеставання Марыя сказала «так», і таму, напэўна, падумала, што павінна адпусціць Сына, якога нарадзіла, каб Ён мог выканаць Сваю місію. Гэты біблійны ўрывак скіраваны да бацькоў, асабліва да ўсіх маці, з пытаннем: ці сапраўды мы вядзем сваіх дзяцей шляхамі Госпада — настойлівымі, малітоўнымі, пяшчотнымі, цярплівымі да гневу, дабрачыннымі, спагадлівымі, клапатлівымі, вернымі? Ці паказваем мы ім шлях да ляноты і марнасці?

6. «Не маюць віна» (Ян 2,3)

Гэтыя словы Марыя сказала падчас святкавання вяселля ў Кане Галілейскай, на пачатку публічнага служэння Езуса. Яна звярнула Яго ўвагу на патрэбы чалавека, і пасля гэтага Ён здзейсніў свой першы цуд: ператварыў ваду ў лепшае віно.

Марыя заўважыла патрэбы іншых людзей раней, чым хто-небудзь іншы, таму нам цалкам натуральна верыць, што Яна адчувае нашы патрэбы, перш чым мы іх усвядомім. Гэта таксама дэманструе, што Марыя праз Сваё заступніцтва працягвае несці нашы просьбы да Свайго Сына. Але ці молімся мы да Яе са шчырай любові, ці проста просім неабходныя ласкі для сябе?

7. «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5).

З гэтай жа нагоды Марыя зноў звярнулася да адказных за святкаванне вяселля. Яна адчула волю Сына — прыняць Яе просьбу. Дзеянні Езуса паказваюць, што Ён адказаў на просьбу маці.

Нашы разважанні падчас Вялікага тыдня над гэтым урыўкам павінны прымусіць нас спытаць сябе: ці сапраўды мы робім тое, што нам кажа Езус? Ён заклікае нас любіць адзін аднаго, але на працягу стагоддзяў людзі заснавалі велізарную колькасць рэлігійных сект, члены якіх горача ненавідзяць адзін аднаго!

Сем выказванняў Марыі, выразна прамоўленых у Бібліі, павінны выхоўваць у верных католікаў, асабліва адданых Марыі, разуменне таго, што, хоць мы і маем у сваім жыцці асаблівае пачуццё Боскага Провіду, мы пакліканы жыць усім, чаму навучыў нас Яе Сын. Прамоўленыя Марыяй словы, кажуць нам, што наша адданасць Ёй павінна праяўляцца ў добрых справах.

Пераклад Марыны Сінкевіч паводле credo.pro

для друку для друку