Як жа шмат залежыць ад веры кожнага з нас асабіста! Мы чытаем у Евангеллі, як адна язычніца з вераю прасіла Езуса аб вызваленні яе дачкі ад дэмана. Езусу нават не трэба было ісці да той дачкі, казаць таемныя і моцныя малітвы, ускладаць рукі і г.д. Ён проста сказаў сваё слова, і дачка недзе там, дзе яна ў той час была, стала свабоднаю. Езусу хапіла проста веры гэтай жанчыны (гл. Мк 7, 24–30).
У іншым месцы мы чытаем, што Езус не мог учыніць цудаў у Назарэце з прычыны бязвер’я ягоных жыхароў. Тут усёмагутны Бог чамусьці стаў «бездапаможным» (гл. Мк 6, 1–6). Як жа шмат залежыць менавіта ад нашай веры!
Праблема веры асабіста мне вельмі знаёмая. Я разумею, наколькі яна важная, чытаю ў Евангеллі, як часта Езус папракае тых, каму не хапае веры, бачу, што страх і неспакой часта нараджаюцца там, дзе слабая вера. Адтуль жа бяруць свой пачатак таксама дэпрэсія, адчай і г.д. Але, нягледзячы на важнасць веры, мы не бачым у Бібліі, што нам трэба рабіць, каб наша вера памнажалася. Не ведаем, якія малітвы нам трэба чытаць, колькі пасціцца, у якія пілігрымкі хадзіць, якія ахвяры складаць. Згадзіцеся, гэта крыху дзіўна. Езус так часта папракае ў адсутнасці веры, але разам з тым нібы і не дае выразнага навучання, як памнажаць веру або дзе яе шукаць. Хіба вось малітвы аб веры, якія гучаць на старонках Евангелля: «Дадай нам веры!» (Лк 17, 5) і «Веру, памажы майму бязвер’ю» (Мк 9, 24). Чаму так мала?
Напэўна, для Бога больш важна нашае ўсведамленне таго, што нам не хапае веры, і наша малітва. Думаю, што не мае вялікага значэння, як мы молімся аб веры. Больш важна, калі мы разумеем яе нястачу і бесперапынна просім аб памнажэнні веры, прыходзім з гэтаю агромністаю патрэбаю да Бога. Але ёсць адна асаблівая малітва… Спачатку хачу нагадаць адну гісторыю.
«Тады Ёў устаў і разарваў шаты свае, пастрыг галаву і, упаўшы на зямлю, пакланіўся, і сказаў: Голы я выйшаў з улоння маці маёй і голы вярнуся туды. Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана» (Ёв 1, 20–21).
Можна сказаць, што гэта малітва праслаўлення, але крыху дзіўная малітва. Няма музыкаў, няма прыгожых словаў, прыпеваў, інструментаў… Такое вось «слабенькае праслаўленне». Нібы нават і не малітва, а з іншага боку — малітва. Справа ў тым, што за гэтай простай малітвай Ёва стаіць яго рашэнне — нягледзячы на ўсе беды, узнесці хвалу Богу. Як жа гэтая малітва адрозніваецца ад многіх нашых або ад малітвы наракання габрэяў у пустыні! Яны ўзвывалі перад Богам у страху і без веры, а Ёў проста праславіў Бога малітваю веры.
Такім чынам, малітва праслаўлення Бога, асабліва на фоне праблемаў і цяжкасцяў, а можа, нават найперш на фоне праблемаў і цяжкасцяў, мае вялікую сілу. Гаворка ідзе не столькі пра музыку праслаўлення і спевы, а пра адважнае рашэнне ўзнесці хвалу Богу насуперак сваім пачуццям, страхам і крыўдам. Упэўнены, што такая малітва памнажае нашу веру. Яна дапамагае нам зрабіць вельмі важны крок наперад.
У Бібліі ёсць яшчэ адзін урывак, які вельмі нагадвае малітву Ёва:
«Дрэва фігавае бо не расцвіце, і вінаграднікі не дадуць пладоў; падмане плод аліўкавых дрэў, ды палі не дадуць ежы; знікне ў аўчарні жывёла, і не будзе быдла ў хлявах. Я, аднак, буду цешыцца ў Пану і буду радавацца ў Богу, Збаўцы маім. Пан Бог — сіла мая, і зробіць ногі мае, як у аленя, ды ўзвядзе мяне на вышыні мае» (пар. Абк 3, 17–19).
Шмат гадоў назад я чуў гісторыю пра тое, як у адной супольнасці, дзе часта маліліся менавіта праслаўленнем, нечакана памёр маладым вельмі блізкі і ўсімі асабліва любімы чалавек. І тут нехта вырашыў зласліва пажартаваць: вось цяпер праслаўце Бога! А яны, на здзіўленне ўсім, так і зрабілі! Замест жалобнай паніхіды і слёзаў адчаю, яны ахвяравалі Богу малітву праслаўлення за пражытае жыццё іх любімага брата.
Чаму малітва праслаўлення, асабліва ў цяжкасцях, памнажае нашу веру? Таму што вера расце ў выпрабаваннях!
«Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце іх. Бо ведаеце, што выпрабаванне вашай веры нараджае цярплівасць. А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу» (Як 1, 2–4).
«Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго» (Як 1, 12).
«Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ» (1 П 1, 6–9).
Адважуся сказаць, што Бог сам зацікаўлены ў выпрабаванні нашай веры, пасля чаго і адбываецца рост веры. У гэтым нас пераконвае агромністая колькасць гісторый, ад якіх мы, як правіла, бяжым і з якімі не хочам сустрэцца самі. Але толькі пасля гэтых гісторый і адбываецца рост веры. Праслаўленне Бога ў цяжкасцях — гэта толькі адзін з элементаў правільнага перажывання выпрабавання веры. Асабіста для мяне гэта адзіны адказ на праблему росту веры. Яна расце менавіта ў выпрабаваннях. Бо калі і трэба малітва аб памнажэнні веры, то не для таго, каб проста памаліцца, легчы спаць і прачнуцца з большаю вераю. Малітва асабліва патрэбна ў хвіліну выпрабавання. Гэта будзе малітва адрачэння ад зла, малітва абароны ад зла, малітва веры (напрыклад, псальмы ці проста: «Езу, Ты — мой Пан»), малітва праслаўлення. Гаворка не пра тое, каб верна перачакаць выпрабаванні. Такое «чаканне» нічога не дае, бо выпрабаванні могуць скончыцца, але потым прыдуць новыя. А калі ты не перажыў іх, не перамог, не вырас у веры, не прыняў рашэнняў, не праславіў Бога, ты зноў будзеш курчыцца ў бязраднасці.
Мы кажам, што Абрагам з’яўляецца прыкладам веры і айцом веры. Але заўважце, што Бог выпрабоўваў веру Абрагама. Менавіта так яна і памнажалася… (гл. Быц 22, 1).
Гэтая праблема адкрываецца нам і ў іншых момантах Пісання:
«Прыпомніце, што Ён зрабіў з Абрагамам і з Ісаакам ды што спаткала Якуба ў Месапатаміі Сірыйскай, калі пасвіў авечак Лабана, брата сваёй маці. Бо не спаліў іх для выпрабавання сэрцаў іх, як і нам не адпомсціў, але для напаміну адхвастаў Пан тых, што набліжаюцца да Яго» (пар. Юдт 8, 26–27).
«Праз веру Абрагам, калі Бог выпрабоўваў яго, ахвяраваў Ісаака. Той, хто атрымаў абяцанне, прынёс нават адзінароднага сына, пра якога сказана: „У Ісааку назавецца патомства тваё“. Ён лічыў, што Бог мае моц уваскрасіць, таму і атрымаў яго як правобраз» (Гбр 11, 17–19).
Часта мне як чалавеку хочацца, каб Бог не дапусціў тых альбо іншых выпрабаванняў, бо не заўсёды разумею, чаму нельга было вучыць мяне неяк прасцей, але я разумею, што менавіта правільна перажытыя гісторыі памнажаюць хрысціянскі вопыт, а з ім памнажаюць і веру. Пятру можна было проста маліцца аб памнажэнні веры і проста чакаць, але Езус выпрабоўвае свайго вучня праз складаныя падзеі — суцішэнне буры на моры, хаджэнне па вадзе, перамяненне на гары Табор і праз здраду. Менавіта гэтыя гісторыі памножылі веру Пятра.
Айцец Аляксандр Жарнасек MIC, ave-maria.by
для друку