“У той час:
Езус сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць.
А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец”.
Галоўнай тэмай Божага Слова ў гэту перадапошнюю нядзелю літургічнага года з’яўляецца другі прыход Хрыста на зямлю. Што Езус кажа сваім вучням у сваёй эсхаталагічнай прамове, гэта значыць у прамове аб апошніх рэчах, якія маюць надысці? Некаторыя з іх скончацца (“зацьміцца сонца, месяц не дасць святла свайго, зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца”), іншыя ўзнікнуць, каб прыцягнуць увагу да канца свету, пра які мы занадта часта гаворым, грунтуючыся на драматычных падзеях, якія мы перажываем. Ёсць нават тыя, хто прадказвае дату, дзень і час канца свету і думае, што яго прагноз споўніцца.
Але людзям пра гэта нічога не вядома. Толькі Бог Творца і Айцец ведае момант канца і пачатку новай вечнай гісторыі стварэння. Тое, што распачата самім Богам, будзе мець часовы канец, але не канчатковы, бо ўсё, што было створана, не прызначана для знішчэння і вечнай смерці, але для збаўлення, перамянення і ўваскрашэння. У Хрысце ўсё будзе адноўлена для жыцця без канца і часу.
Езус кажа сваім вучням: “У тыя дні”. Якія? Іх ніхто не ведае.
“Пасля таго ўціску”. Якога ўціску, калі ўсё жыццё і гісторыя чалавецтва пазначана шматлікімі пакутамі? Што адбудзецца ў той момант? “Зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца”. Апакаліптычнае прадказанне і бачанне, якое мы толькі сабе ўяўляем, выклікае ў нас боль і жах.
Літаратурны жанр, які выкарыстоўваецца, каб паказаць другі і канчатковы прыход Хрыста на зямлю, з’яўляецца апакаліптычным, уводзіць чалавека ў стан вечнага чакання. Чакання чаго? Евангельскі ўрывак кажа пра гэта адразу пасля прадказання канчатковай катастрофы: “Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе”. Хрыстос, суддзя гісторыі, “пашле анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба”.
Заклік да несмяротнага і вечнага жыцця будзе для ўсіх тых, хто жыў святым жыццём і хто заслугоўвае вечнай узнагароды. Таму нам неабходна навучыцца арганізоўваць сваю ўласную будучыню так, як запрашае нас сам Езус: “Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах”.
Бачыць і інтэрпрэтаваць другі прыход Хрыста як пагрозу, не ўваходзіць у логіку Евангелля. Прыход Пана — гэта прыход для жыцця, а не для смерці. Гэта зразумела з Яго першага прыходу на зямлю, з Яго нараджэння ў Бэтлееме.
І таму для нас важна мець сапраўдныя адносіны з Ім, адзіным, хто дае вечнасць, хто больш важны, чым сонца, месяц і нашыя планы. Неабходна памятаць: Бог заўсёды можа даць мне нешта большае. Праблема не ў тым, што ўсё скончыцца, а ў тым, ці жыву я ў адзінстве з Вечным, ці рухаюся да новага і лепшага жыцця.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку