Разважанне на XXXI звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 12, 28b–34

“У той час:

Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім,і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.

І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апрача Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго”.

У сённяшнім Евангеллі Пан адказвае кніжніку пра галоўную з усіх запаведзей якая знаходзіцца ў Божым законе: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. І адразу дадае другую: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”, жадаючы, каб ён зразумеў глыбокую сувязь паміж першай і другой.

Абедзве запаведзі з’яўляюцца цэнтрам ​​хрысціянскай маралі моцна звязаныя паміж сабой. І калі ў нас існуе жаданне дасягнуць паўнаты хрысціянскага жыцця, да якога нас заклікае Пан, то іх немагчыма раздзяліць. Папа Бенэдыкт XVI, тлумачачы гэтую сувязь, узяў за прыклад позірк: “Позірк, які пачынаецца з сэрца і не спыняецца на паверхні, выходзіць за межы знешняга і здольны зразумець глыбокія чаканні іншага: чаканне быць выслуханым, чаканне атрымаць увагу; адным словам: мець любоў. Тады магчымы і зваротны шлях: адкрываючыся на іншага чалавека такім, які ён ёсць, сустракаючыся з ім, робячы сябе даступным, я таксама адкрываюся на пазнанне Бога, на адчуванне, што Ён існуе і добры. Любоў да Бога і любоў да бліжняга непадзельныя і знаходзяцца ва ўзаемасувязі (Бенэдыкт XVI, Анёл Панскі, 4.11.2012).

Дадаючы запавет любові да бліжніх, Езус вучыць нас што любоў Нябеснага Айца да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны не з’яўляецца чымсьці тэарэтычным, на яе ўсе мы пакліканыя адказваць. І яна, у сваю чаргу, павінна стаць нашым бескарыслівым абавязацельствам у дачыненні як да Бога, так і да нашых братоў і сясцёр.

Езус не спыняецца на словах ці тэорыі. Наадварот, на працягу ўсяго свайго жыцця Ён жыў гэтым абавязацельствам, гэтым поўным ахвяраваннем Айцу і людзям, аж да моманту канчатковай ахвяры на Галгофе, і запрашае нас наследаваць Яго, стаўшы Яго вернымі вучнямі.

Святы Аўгусцін піша: “Любоў да Бога на першым месцы як запаведзь, але любоў да бліжняга на першым месцы як практычнае выкананне. Той, хто дае вам наказ любові ў гэтых дзвюх запаведзях, не вучыць вас спачатку любові да бліжняга, потым любові да Бога, але наадварот. Аднак, паколькі вы яшчэ не бачыце Бога, любячы бліжняга, вы набываеце заслугу бачыць Яго; любячы бліжняга, ты ачышчаеш сваё вока, каб бачыць Бога” (Трактаты пра Яна, 17, 7-8).

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі