Разважанне на Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Год В

Евангелле Ян 18, 33b–37

“У той час:

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі?

Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?

Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль.

Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль?

Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой”.

“Ты Кароль юдэйскі?”. Такое пытанне Пілат задае Езусу, калі бачыць Яго перад сабой.

Юдэі, каб прымусіць правіцеля асудзіць Хрыста на смерць, змянілі абвінавачанне. Спачатку яны абвінавачвалі Езуса ў тым, што Ён назваў сябе сынам Божым, а перад Пілатам абвінавацілі яго ў тым, што Ён зрабіў сябе Каралём юдэйскім.

Пілат, магчыма, больш з цікаўнасці, чым з сапраўднай зацікаўленасці жадае даведацца, кім насамрэч з’яўляецца Езус, і таму задае пытанне, якое кожны з нас задае самаму сабе: хто такі Езус? Гэтае пытанне настолькі важнае, што сам Езус задаў яго сваім вучням: “А вы кім лічыце Мяне?”.

Гэтае пытанне мае вялікае значэнне. Езус прыйшоў на зямлю, каб запрасіць нас стаць часткай Свайго Валадарства, каб даць нам сваё сяброўства. Езус хоча, каб мы з Ім сябравалі. Езус хоча валадарыць у кожным чалавечым сэрцы.

У дыялогу з Пілатам Езус пераходзіць з безасабовай сферы на асабістую. Пасля пытання Пілата: “Ты Кароль юдэйскі?”. Ён не дае адказ, а пытаецца ў Пілата: “Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?”. Гэтае пытанне можна перафразаваць: “Пілат, а ты кім лічыш Мяне”? Езус хоча паставіць Пілата тварам у твар з фундаментальным пытаннем, бо прызнаць Яго азначае прызнаць Бога, Езус з’яўляецца ўцелаўлёным Словам, Сынам Божым і праз Яго чалавечнасць мы пазнаем самога Бога.

Пілат стараецца пазбегнуць адказу: “Ці ж я юдэй?”. Сапраўды, нялёгка стаяць перад Езусам і Яго Валадарствам. Адчыніць Езусу дзверы свайго сэрца азначае быць гатовым змяніць сваё жыццё, а жыць па-іншаму не заўсёды лёгка. Магчыма, гэтым адказам Пілат праяўляе пэўную абыякавасць да Езуса. Езус жа жадае даць шанец нават Пілату, запрашае яго стаць часткай Валадарства. І робіць Ён гэта адказваючы на ​​пытанне Пілата: “Што Ты зрабіў?”. Іншымі словамі, навошта юдэі прывялі цябе на мой суд? Чаму яны хочуць Тваёй смерці? Езус кажа: “Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль”.

Пілат слухае, але нічога не разумее. Са свайго боку Езус аб’яўляе сябе з надзвычайнай прастатой. У адказе Пілату Езус выразна паказвае адну з характарыстык свайго Валадарства: “Валадарства Маё не з гэтага свету”.

Нават калі Езус гаворыць проста, Пілат яго не разумее. Здаецца, што ён хоча пазбавіцца ад прыкрай праблемы. Ён не мае зацікаўленасці, каб рагледзіць абвінавачванне, каб знайсці праўду, але дзейнічае прагматычна. Быццам бы кажа: пяройдзем да сутнасці таго, што мяне цікавіць: “Ты Кароль ці не?”.

Езус адказвае яму: “Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой”. Гэтыя словы прывядуць Езуса да смерці. Езус памірае, каб сведчыць аб праўдзе.

Якую праўду абвяшчае Езус? Любоў, якую Бог мае да людзей. Любоў, якая вызваляе чалавека ад улады граху і смерці. І таму Бог паслаў свайго Сына як Збаўцу свету, які “ахвяраваў самога сябе на смерць і сваім змёртвыхпаўстаннем перамог смерць і аднавіў жыццё” (IV Эўхарыстычная малітва).

“Ты Кароль юдэйскі?”. Так пачынаецца дыялог Пілата з Езусам. А тым, хто таксама шукае адказ на гэтае пытанне, Езус кажа, што Яго Валадарства — “вечнае і паўсюднае Валадарства, валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою” (Прэфацыя пра Езуса Хрыста, Валадара Сусвету).

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі