“А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».
Сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса.
Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой”.
У гэтым евангельскім урыўку словы Езуса нараджаюцца з Яго позірку. Позірк, які перш за ўсё бачыць і ацэньвае паводзіны кніжнікаў і становіцца крытычным і жорсткім словам у адносінах да іх, а таксама перасцярогай для натоўпу і вучняў: “Асцерагайцеся кніжнікаў”. Ён нібы паўтарае тое, што ўжо сказаў вучням: “Але не так няхай будзе сярод вас” (пар. Мк 10, 43), “Не рабіце так, як яны”.
Кніжнікі — гэта людзі, якія выконваюць важную рэлігійную ролю: ім адведзены першыя месцы на прыёмах і ў святынях, яны любяць, каб ім аддавалі пашану, яны выстаўляюць напаказ свае малітвы і ўчынкі. Кажучы простымі словамі, гэта тыя, хто любіць, каб іх бачылі, каб імі захапляліся, але ў той самы момант яны становяцца сляпымі для саміх сябе.
Але позірк Езуса таксама бачыць і ўдаву, якая кідае дзве лепты ў скарбніцу. І гэты позірк становіцца словам, якое заклікае той самы натоўп і вучняў сузіраць навучанне гэтай жанчыны. Усё знаходзіцца пад позіркам Езуса.
“Сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку”. Езус назірае, як натоўп кідае манеты ў скарбонку святыні. І калі кніжнікі і багатыя любяць, каб іх бачылі за выкананнем нейкіх рэлігійных дзеянняў, то бедная ўдава цураецца любой паказухі. Езус бачыць нябачнае, бачыць тое, што стаіць за актам ахвяравання мізэрнай сумы.
Езус уважліва назірае за гэтай жанчынай і звяртае ўвагу вучняў на кантраст які існуе ў гэтай сцэне. Багатыя аддавалі з вялікай паказухай тое, што для іх было лішнім, у той час як удава з разважлівасцю і пакорай аддала “ўсё, што мела, увесь пажытак свой” і менавіта па гэтай прычыне, — кажа Езус, — яна “ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку”.
З-за сваёй крайняй беднасці яна магла ахвяраваць толькі адну лепту, а другую пакінуць сабе. Але яна не хоча раздзяляць ахвяраванне паміж Богам і сабой і аддае Богу ўсе, што мае, пазбаўляючы сябе ўсяго. У сваёй беднасці яна зразумела, што, маючы Бога, яна мае ўсё; яна адчувае, што Бог яе любіць і ў сваю чаргу, яна любіць Яго. Выдатны прыклад жыцця ў веры. Сёння Езус таксама кажа нам, што крытэрыем з’яўляецца не колькасць, але паўната. Ёсць розніца паміж колькасцю і паўнатой.
Можна мець шмат грошаў, але быць пустым. Любіць Бога “ўсім сэрцам” азначае давяраць Яму, Яго провіду і служыць Яму ў нашых найбяднейшых братах, не чакаючы нічога ўзамен. Сутыкаючыся з патрэбамі іншых, мы пакліканы пазбавіць сябе чагосьці неабходнага, а не толькі лішняга. Мы пакліканы даць неабходны час, а не толькі тое, што ў нас засталося.
Пастараемся навучыцца ў беднай удавы пакоры, сціпласці, сапраўднай шчодрасці і жыцця поўнага любові да Бога і бліжняга.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку