Разважанне на XXX звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 10, 46–52

“У той час:

Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.

Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Езус спыніўся і сказаў: Паклічце яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: Смялей, уставай, Ён кліча цябе. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса.

І адказваючы яму, Езус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб я зноў бачыў. Езус сказаў яму: Ідзі, вера твая вылечыла цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе”.

Чалавек, згаданы ў сённяшнім Евангеллі, хіба быў добра вядомы вучням Езуса, бо евангеліст Марк памятае яго імя і імя яго бацькі. Лёгка ўявіць, як Бартымэй, сын Тымэя, расказвае пра свой незабыўны вопыт, калі ён пакідаў Ерыхон.

Давайце паглядзім на гэтую сустрэчу паміж Бартымеем, сынам Тымея і Езусам, Сынам Давіда. Першы быў сляпы ад нараджэння. Другі — Святло свету і міласэрны.

Слепата і беднасць не перашкаджаюць Бартымею чуць. Седзячы доўгімі днямі “каля дарогі” ён чуў розныя гукі і размовы. Аднак у той дзень яго вушы пачулі нешта новае: там прайшоў Настаўнік з Назарэта, Езус Назаранін. І Бартымей, нягледзячы на папрокі многіх якія хацелі прымусіць яго замаўчаць, пачынае крычаць просячы літасці: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Яго крык быў настолькі моцным, што вымусіў Езуса спыніцца і паклікаць яго. Пакінуўшы тое нямногае, што меў, свой плашч і некалькі манет, Бартымей паспяшыў на сустрэчу з самім Богам. Такім чынам споўнілася тое, аб чым, магчыма, прасіў Бартымей у сваёй доўгай малітве: “Пане, пачуй малітву маю, няхай дойдзе да Цябе мой крык” (Пс. 102, 2).

Такім чынам, Бартымей, крыкнуўшы сваёй верай, атрымлівае ад Настаўніка аздараўленне. І яго гісторыя працягваецца новым жыццём. Цяпер ён ужо не “каля дарогі”, але на дарозе, каб ісці за Езусам. Здаецца, што спраўджваюцца словы святога апостала Паўла: “забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе” (Філ 3, 13).

Часта бывае, што мы не бачым дакладна свайго шляху. Але прыйшоў час адрадзіць нашу веру больш настойлівай малітвай, жадаючы прыслухацца да парады добрага сябра: “Смялей, уставай, Ён кліча цябе!”. І атрымаць сілу, якая падштурхоўвае нас, як Бартымея, падскочыць, кідаючы ўсё, што перашкаджае нам ісці за Настаўнікам: плашч, нашу слепату, наша мінулае і грахі і пайсці за Настаўнікам.

Паспрабуем зрабіць просьбу Бартымэя нашай просьбай. Кожны дзень будзем станавіцца перад Панам, і як той бедны жабрак, які меў патрэбу ў збаўленні і Божым Слове, будзем прасіць: “Настаўнік, змілуйся нада мною, зрабі каб я зноў бачыў”, каб я бачыў, чаго Ты чакаеш ад мяне.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі