“Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”.
Падчас адной урачыстасці Спаслання Духа Святога Папа Францішак сказаў: “Дух дазваляе нам увайсці ў новую дынаміку братэрства. Праз Брата, якім ёсць Езус, мы можам па-новаму адносіцца да іншых, ужо не як сіроты, але як дзеці адзінага добрага і міласэрнага Айца. І гэта змяняе ўсё! Мы можам глядзець адзін на аднаго як на братоў, і нашы адрозненні толькі памнажаюць радасць і здзіўленне ад прыналежнасці да гэтага адзінага бацькоўства і братэрства” (Урачыстасці Спаслання Духа Святога, 2015 г.).
Сёння Трэцяя Асоба Святой Тройцы, Боская Асоба, Дух Святы, які завяршае справу асвячэння, прыгадвае нам, што гэта Ён стварае Касцёл. Другі Ватыканскі Сабор кажа: “Дух Святы, які праз зерне Слова i абвяшчэнне Евангелля кліча ўсіх людзей да Хрыста i абуджае ў сэрцах паслухмянасць веры, а ў купелі адраджае веруючых у Хрыста да новага жыцця, збірае іх у адзін Божы народ, які ёсць выбраным родам, каралеўскім святарствам, народам святым, людам, узятым Богам ва ўласнасць” (Ad Gentes, 15).
Евангельскі ўрывак, які мы пачулі, парадаксальны. Ён пераносіць нас у “вечар таго першага дня тыдня”, у вечар Нядзелі Уваскрасення. З аповедаў чатырох евангелістаў мы ведаем, што гэты дзень быў напружаным для вучняў: прыход і адыход ад магілы, людзі, якія сцвярджалі, што бачылі Пана, двое вучняў з Эмаўс, якія пайшлі расчараванымі, а вярнуліся радаснымі, слёзы, здзіўленне, але перш за ўсё, радасць, вялікая радасць.
І тым не менш, мы знаходзім вучняў за замкнёнымі дзвярамі “ад страху перад юдэямі”. Аднак, гэтая сцэна мае для нас фундаментальнае значэнне. Яна дае нам зразумець, як Бог адказвае на нашы страхі, якія часта перашкаджаюць нам адказаць на Яго ласку.
Прыходзячы да вучняў, Езус робіць чатыры рэчы: Ён дае ім супакой, Ён паказвае ім Свае раны, Ён давярае ім місію і, разам з гэтым, магчымасць адпушчэння грахоў. Сапраўды прыгожа бачыць, як Пан рэагуе на страх вучняў пакліканнем. Місія, якую давярае Езус вучням, сама па сабе з’яўляецца адказам на іх слабасць і баязлівасць.
Езус не чакае, пакуль вучні стануць адважнымі людзьмі. Ён пасылае іх менавіта тады, калі яны стаміліся, таму што іх спакой і сіла не зыходзяць ад іх чалавечых якасцяў і не ад самых спрыяльных абставін. Яны зыходзяць ад Духа Святога, якога вучні прымаюць у гэты момант. З гэтай хвіліны жыццё апосталаў радыкальна змяняецца. Яно будзе не чым іншым, як толькі абвяшчэннем усяму свету, што Езус уваскрос і з’яўляецца Панам і Збаўцам.
Касцёл быў заснаваны, існуе і заўсёды будзе існаваць дзякуючы дзейнасці Духа Святога. Бо без Яго “дыхання што ж сярод стварэння? Пустата і небыццё” (Секвенцыя на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа). Наша задача заключаецца толькі ў тым, каб дазволіць Яму весці нас.
І таму, сённяшняя ўрачыстасць — гэта цудоўная магчымасць каб з верай прасіць Святога Духа аб ласцы аднаўлення нашага духоўнага жыцця і аб заступніцтве за хрысціянамі ва ўсім свеце.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
для друку