Аднойчы:
Езус сказаў вучням сваім: Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.
Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу — кажу ўсім: Чувайце!
У першую нядзелю Адвэнта пачынаецца новы літургічны год, на працягу якога мы становімся ўдзельнікамі цэлебрацыі галоўных падзей жыцця Езуса і святкавання галоўных здарэнняў гісторыі збаўлення.
Адвэнт – гэта час чакання і надзеі, які падрыхтоўвае нас да аб’яўленне Пана напрыканцы свету і, Які кожны дзень прабывае з намі, каб, дзякуючы Яго ласцы і асаблівым дарам, мы маглі ўзрастаць у веры, надзеі і любові.
“Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому!” Наш Бог прыйшоў у дакладны гістарычны момант і стаўся дзеля любові да чалавека чалавекам, узяў на сябе нашы грахі, каб расчыніць для нас дарогу збаўлення. Ён прыйдзе напрыканцы часоў як суддзя, а таксама прыходзіць зараз, у кожным моманце нашага жыцця праз Добрую Навіну і Святыя Сакраманты, праз іншых людзей, іх патрэбы і беды, іх нястачы і абяздоленасць… Наша вера з’яўляецца найдасканалейшай “прыладай”, якая грунтоўна і абсалютна фіксуе і ўказвае, што Езус блізка, Ён надыходзіць, Ён пасярод нас.
“Душа наша чакае Пана: Ён – дапамога і абарона наша. Радуецца ў Ім нашае сэрца,” – кажа псальміст. Чаканне Збаўцы з даверам дапамагае нам знайсці суцяшэнне і адвагу ў цёмныя моманты жыцця. Адвага і ў той жа час давер нараджаюцца з надзеі. Адвэнт – гэта няспынны заклік да надзеі. Адвэнт – гэта і ёсць надзея і чарговы шанец.
Бог прысутнічае ў гісторыі чалавецтва, з’яўляецца “Богам з намі”, крочыць з намі, нам спрыяе і падтрымлівае нас ва ўсіх нашых выпрабаваннях. Пан ніколі не пакідае нас, спадарожнічае нам ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, настаўляе нас і павучае, дапамагае адкрыць сэнс нашага зямнога жыцця, значэнне штодзённасці, напаўняе нас адвагай у выпрабаваннях і цярпенні. Пасярод жыццёвых бураў, Бог заўсёды працягвае нам руку і вызваляе нас ад пагроз і небяспекі. Бог поўны любові, “Бог ёсць любоў”, любоўю імкнецца ахлынуць нашыя сэрцы, агарнуць нашыя жыцці, ахінуць нас саміх.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, суправаджае нас разам з Хрыстом у новым літургічным годзе, дапаможа нам выканаць заданне вучняў Езуса ў веры, надзеі і любові.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
