Пра матэрыяльнае і духоўнае ўшанаванне памяці памерлых

Могілкі – гэта не месца смутку, а радаснай сустрэчы і надзеі. Крыжы, розныя надмагільныя выявы і надпісы сведчаць аб асноўнай праўдзе хрысціянства: Хрыстос сапраўды ўваскрос! І мы таксама ўваскрэснем!

Часта надмагіллі ўпрыгожваюць рознымі надпісамі, узятымі са Святога Пісання, малітваў, а таксама з літаратуры. Евангелле – гэта Добрая Навіна пра збаўленне, таму некаторыя евангельскія фрагменты могуць выдатна выразіць праўду, пра якую распавядае хрысціянская магіла: веру ў жыццё вечнае.

Звернемся да надмагілляў на старых могілках. Там можна знайсці абразы, рэльефы, барэльефы, а таксама фігуры Хрыста, Маці Божай і святых. Ужо ў антычнасці хрысціяне змяшчалі ў катакомбах – падземных могілках – розныя абразы. Малявалі гісторыю Ноя, Ёны, Майсея, Ахвяру Абрагама, Апошні Суд, Хрыста Валадара, Добрага Пастыра, адлюстроўвалі сакраманты хросту і Эўхарыстыі, а таксама сцэну Уваскрасення.

Бачым, што звычай размяшчаць на могілках выявы Хрыста, Маці Божай і святых моцна ўкараніўся ў хрысціянскай старажытнасці і працягваецца да цяперашняга часу. Гэта найбольш правільна і выражае веру ў Божую міласэрнасць, у вечнае жыццё і еднасць святых. Неабходна таксама памятаць, што Кодэкс кананічнага права залічвае могілкі, як і касцёлы, капліцы, алтары і санктуарыі, да святых месцаў. З гэтага вынікае, што могілкі таксама з’яўляюцца месцамі малітвы і ўшанавання Бога, таму наяўнасць на іх хрысціянскіх сімвалаў і выяў, у адпаведнасці з воляй памерлага чалавека альбо яго блізкіх, таксама з’яўляецца добрай магчымасцю для евангелізацыі – паведамлення іншым пра Бога.

Мы ведаем, што блізкія паклапоцяцца пра наша пахаванне як мага лепш. Аднак існуюць выпадкі, калі хтосьці адзінокі альбо не падтрымлівае адносіны са сваёй сям’ёй, таму пры жыцці рыхтуе надмагілле для сябе. Інакш справа выглядае, калі хтосьці хоча кантраляваць усё не толькі пры жыцці, але і пасля смерці. Тады гэта было б недаверам да Бога, які ў сваім Провідзе клапоціцца пра ўсіх праз добрых людзей. Таксама магчыма, што ў некаторых выпадках усталяванне помніка пры жыцці можа быць знакам гонару – “Я лепш ведаю, як павінна выглядаць мая магіла”. У астатніх выпадках няма нічога дрэннага ў тым, каб замовіць сабе надмагілле.

Будзь то крэмацыя ці традыцыйнае пахаванне, але вельмі важным з’яўляецца пахавальны абрад, бо дазваляе аддаць наша служэнне памерламу, узнесці малітвы Богу ў яго інтэнцыі і выказаць нашу еднасць з ім. Належнае перажыванне смерці і пахавання блізкага чалавека духоўна дапамагае памерлым перайсці ў вечнасць, а таксама прыносіць палёгку жывым у болю і расстанні. У Беларусі пахаванне не абмяжоўваецца толькі цырымоніяй, якую праводзіць святар альбо асоба, упаўнаважаная Касцёлам, але таксама ўключае практыкаванае ў многіх парафіях чуванне пры памерлым, што з’яўляецца прыгожай хрысціянскай традыцыяй.

Калі адзначаць найбольш важны элемент пахавання, то гэта, безумоўна, была б св. Імша за памерлага. У сакраманце Эўхарыстыі мы складваем Богу ахвяру Цела і Крыві Хрыста, каб яе сілай памерлы быў апраўданы і ачышчаны і мог дасягнуць Неба. Пажадана, каб удзельнікі пахавання, асабліва сям’я і сваякі памерлага, не толькі прысутнічалі на св. Імшы, але з верай маліліся і, па магчымасці, прыступілі да св. Камуніі.

Жалоба па памерлых, у залежнасці ад сувязей, што злучаюць з блізкай асобай, якая пакідае гэты свет, можа доўжыцца да года. Гэта добры час, каб маліцца, удзельнічаць у Эўхарыстыі і наведваць магілу блізкай памерлай асобы. Для вернікаў памяць пра памерлых выяўляецца, перш за ўсё, у малітве. Паводле традыцыі, мы збіраемся на св. Імшу за тых, хто адышоў, праз 30 дзён пасля смерці, праз 6 месяцаў, у гадавіну смерці і, вядома, у лістападзе, асабліва ва ўрачыстасць Усіх Святых і Задушны дзень. У многіх парафіях вернікі замаўляюць св. Імшы за нябожчыкаў не толькі ў традыцыйныя дні памяці, але і з нагоды імянін, дзён нараджэння альбо пэўных гадавін.

Культываванне памяці памерлых у хрысціянскім духу фарміруе нашу ўласную ідэнтычнасць, укаранёную ў вечным Богу. Наведваючы могілкі і магілы сваіх блізкіх, а таксама ўдзельнічаючы ў св. Імшах і набажэнствах за памерлых, мы лягчэй знаходзім уласнае месца ў свеце і гісторыі, больш смела бярэмся за задачы сучаснасці і з надзеяй глядзім у будучыню.
Памяць аб продках таксама ўмацоўвае сямейныя сувязі і сувязі паміж пакаленнямі. Таму варта ў сямейным коле, а таксама з дзецьмі, глядзець фотаздымкі тых, каго ўжо няма на гэтым свеце, расказваць пра іх жыццё і перадаваць маладому пакаленню хрысціянскія традыцыі. Успамінаючы членаў сям’і, іх лёс, характары і ўчынкі, мы заўсёды даведаемся штосьці важнае пра сябе.

А. Аркадзь Куляха OCD, Слова Жыцця

для друку для друку