Пілігрымы з Мар’інай Горкі і Рудзенска ўдзельнічалі ва ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў ў Браславе

На прыканцы жніўня вернікі дзвюх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы і святых Пятра і Паўла, апосталаў, у Рудзенску, — скіраваліся ў пілігрымку ў Браслаў, каб паўдзельнічаць ва ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў у санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі.

Дарэчы, пілігрымаў, сярод якіх самому сталаму, Марыі Жыжык, споўнілася 86 гадоў, благаславіў іх душпастыр, ксёндз пробашч Генрых Кучынскі. Святар сам быў таксама кіроўцам у гэтым падарожжы.

Першым прыпынкам быў мемарыяльны комплекс «Хатынь». Тут вернікі ахвяравалі балесныя таямніцы ружанца, успамінаючы закатаваных людзей падчас вайны ў шматлікіх беларускіх вёсках.

Праз 20 кіламетраў дарога прывяла пілігрымаў у беларускі версаль — Мосар. Знаёмства з Мосарам пачалося з малітвы ў касцёле святой Ганны ля парэшкаў святога Юстына. Потым аддалі пашану ля магілы  ксяндзу-пралату Йозасу Бульку.  Вернікі падняліся на Галгофу, прайшлі па ружанцовай алеі, наведалі могілкі. Было нешматлюдна, што дало магчымасць цешыцца квітнеючым лотасам, павольна прайсці пад аркамі і вакол вадаёмаў, пасядзець ля крыніцы. Абавязковым пунктам быў і парафіяльны музей.

І безумоўна пілігрымы наведалі беларускі Парыж, дзе падняліся на зменшаную копію знакамітай Эйфелевай башні, усталяванай таксама па ініцыятыве  Йозаса Булькі.

Дзень 19 жніўня выдаўся насычаным і спякотным. Таму перад канечным пунктам пілігрымы вырашылі заехаць у Міёрскі раён. Наведалі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і адпачылі каля вадаспаду на рацэ Вята.

Браслаў гасцінна сустрэў вернікаў спевам, усмешкамі і ліхтарыкамі. Удзел у працэссіі са свечкамі па вуліцах начнога горада ў гэты аксамітны летні вечар, напоўнены водарам азёр, падарыў трапяткое адчуванне прысутнасці сярод цуда. Марыя быццам атуляла сваім плашчом, і ў гэты момант месяц і зоркі зіхацелі і ўсміхаліся разам з пухаўчанамі. Вернікі ўдзячны Богу за цудоўнае падарожжа і пробашчу за здзейсненую мару. Удзел у святой Літургіі ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў яшчэ доўга будзе саграваць сэрцы.

О, Марыя, Ты нас беражы, Матуля спакою.

Альжбета Баганік, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі