Здаецца, яшчэ нядаўна галовы вернікаў былі пасыпаны попелам, а ўжо перажылі Пальмовую нядзелю. Прадстаўляецца добрая нагода прыпыніцца і паразважаць аб прамежкавых выніках падрыхтоўкі свайго сэрца да сустрэчы з уваскрослым Збаўцам.
Кожны свядомы вернік у Вялікім посце імкнецца змяніцца ў лепшы бок праз канкрэтныя пастановы. На іх палягае духоўнае ачышчэнне душы і вяртанне да Бога з чыстым сэрцам і новым духам. Але ці не здараецца так, што нешта не атрымліваецца або вызначанае заданне аказваецца занадта цяжкім?
Тады чалавек расчароўваецца, у яго апускаюцца рукі. Існуе пагроза, што вернік увогуле “сыдзе з дыстанцыі”. Пазней перад грабніцай Пана ён схіліць галаву і ахвяруе Езусу свае слабасці. Дзесьці ўнутры разумее: Бог прабачыць.
І гэта так. Але да апошняга не трэба здавацца! Нават у самых складаных сітуацыях можна абагаціцца духоўна, выносячы плён з цяжкасцей. У дадатак, варта суадносіць свой крыжовы шлях з Хрыстовым. Няма нічога ганебнага ў тым, што чалавек перажывае падзенні. Па прыкладзе Збаўцы трэба ўставаць і з пакорай ісці далей на сваю Галгофу, злучаючы ўласныя цярпенні з пакутамі Езуса. З улікам велікапосных пастаноў прапануем запланаваць на кожны дзень па адной справе для дабра ўласнага, Бога і бліжняга.
Тым самым кожны з нас можа больш плённа перажыць астатні час посту, ажыццяўляючы міласэрнасць праз якіясьці дробныя жэсты. Гэта неабавязкова вымагае каласальных душэўных затрат – часам дастаткова ўсмешкі і поціску рукі.
Прапануем прыкладную праграму да завяршэння велікапоснага перыяду. Кожны дзень – новыя прыгоды. Не варта адкладваць на заўтра. Пачні дзейнічаць ужо сёння!
1. Паразмаўляць з чалавекам. Гучыць трохі дзіўна? Але прапанова, насамрэч, літаральная: знайсці час на бяседу не праз сродкі сувязі (інтэрнэт, тэлефон), а праз жывы кантакт з чалавекам. Незаўважна людзі губляюць уменне весці паўнавартасны дыялог…
2. Прыгатаваць сямейную вячэру. Галоўны “інгрэдыент” – родныя за сталом. Не будзе сакрэтам, што ў многіх дамах згаладаліся па гэтай страве.
3. Наладзіць старую рэч. Напэўна, у кожнага дома знойдзецца нешта, што патрабуе рамонту. Няхай наладка няспраўнасцей будзе напамінам пра тое, што сапсаваны прадмет неабавязкова выкідваць – яго можна прывесці да ладу.
4. Усміхнуцца незнаёмаму чалавеку. Нехта добра заўважыў, што кожны змагаецца ў бітве, невядомай нікому. Найменшае, што ў нашых сілах, – падарыць бліжняму ўсмешку. Гэта можа падтрымаць чалавека ў цяжкі час.
5. Памаліцца ў інтэнцыі, у якой ніколі не маліўся. Іх, вядома, мільёны. Няхай велікапосная малітва будзе своеасаблівым адкрыццём на прасторы духоўных медытацый.
6. Ахвяраваць дзённы пост за чысцовыя душы. Як пісала ў “Дзённічку” св. Фаустына Кавальская, клопат пра іх збаўленне акупляецца шматкроць. Пасля асягнення Неба душы пры Божым алтары памятаюць пра чалавека, які за іх маліўся.
7. Пачаставаць бліжняга. Насыціць чалавека ўвагай і клопатам. Няхай жа будзе салодка ад таго, што праз наш дабрачынны жэст нехта адчуў смак жыцця.
8. Папрасіць прабачэння за вінаватага. У акружэнні можа знайсціся асоба, якая не жадае ці проста не лічыць патрэбным перапрасіць кагосьці за крыўду. Існуе магчымасць зрабіць гэта за яе, каб крыху аблегчыць боль таму, хто церпіць несправядлівасць.
9. Павіншаваць сябе з чарговым днём абуджэння. Няхай раніца стане нагодай праславіць Бога за дар жыцця. У сярэднім, у свеце штодня памірае каля 150 тыс. чалавек. Падзякуй Творцы, што прадаўжаеш зямную вандроўку.
10. Пажадаць першаму сустрэчнаму добрага дня. Ці часта мы думаем пра тое, каб пражыць новы Богам дадзены дзень годна? Шмат чаго залежыць ад нас саміх. Хай жа радаснае прывітанне стане напамінам, каб запланаваць добрыя справы.
11. Суцішыцца ўвечары перад запаленай свечкай. Сучасны мітуслівы свет моцна сціскае чалавека ў сваіх абдымках. Шэрагу спраў няма канца. А Бог толькі пазірае за сваім стварэннем і моўчкі чакае…
12. Прапанаваць бліжняму плячо падтрымкі. Нягледзячы на тое, што чалавек можа ветліва адмовіцца ад дапамогі, няма таго, каму б яна была непатрэбная. Можна пасадзейнічаць у вырашэнні нейкага пытання патаемна, але з упэўненасцю, што дапамога нясе добры характар.
13. У сэрцы падзякаваць за ўсе цяжкасці. Некаторым людзям – за магчымасць перажывання складаных пытанняў, Богу – за сілы для іх пераадолення. Вучымся прымаць, бо “тое, што не забівае, робіць нас мацнейшымі!” (Ф. Ніцшэ).
14. Выказаць зацікаўленасць справамі суседа. Як часта людзі шмат гадоў дзеляць сцяну ў кватэры, а нічога адзін пра аднаго не ведаюць. Працягнутая для поціску далонь і пытанне “як справы, сусед?” – першы крок да наладжвання дружалюбных адносін.
15. Адказаць на дзіцячае пытанне. Не адмахнуцца, не высмеяць, а растлумачыць. Размова павінна адбывацца нароўні. Перш чым лаяць маладое пакаленне, хоць што-небудзь зрабі для яго развіцця.
16. Перадаць пасланне “Бог цябе любіць”. Назіраць за акружаючымі і пастарацца адчуць найбольш патрабуючае сэрца, якое прагне Любові. Часам у адносінах паміж чалавекам і Богам патрэбен пасрэднік, які адкрые сляпому вочы на, здавалася б, відавочнае.
17. Засяродзіцца на Божым слове. Далёка не ў кожнага Святое Пісанне з’яўляецца настольнай кнігай. А разважаючы над Бібліяй, можна знайсці адказы на ўсе пытанні, пачуць, што менавіта да Цябе зараз прамаўляе Усявышні.
18. Прапанаваць сяброўства святому. Здараецца, не пра ўсё можам расказаць таварышу, а нават Богу (хоць і разумеем, што ад Яго нічога не ўтоіш). А святы – той жа чалавек, які меў такія ж слабасці і грахоўныя схільнасці. Яму прасцей даверыцца і адкрыцца.
19. Зрабіць нешта добрае непрыяцелю. У корані няправільна адказваць злом на зло. Памятаем: свет пачынае змяняцца з нас саміх.
20. Даць адпачыць Анёлу-ахоўніку. Чалавек па натуры – істота рызыкоўная. Штодня ён трапляе ў нейкія калатнечы, калі Анёлу-ахоўніку даводзіцца абараняць яго душу і цела.
Будзем жа насцярожана ўважлівыя да спакус, каб не збочыць з праўдзівай жыццёвай дарогі.
Усе гэтыя пункты ў сілах здзейсніць кожны хрысціянін. Каб дадаць у праграму ноткі авантурызму, можна напісаць прапановы на асобных картках і раніцай не гледзячы выцягваць адну ці некалькі з іх. Будзьце ўпэўнены, Святы Дух прадставіць Вам неабходныя абставіны для ажыццяўлення любой добрай справы.
Ангеліна Пакачайла, grodnensis.by
для друку