Марыя – Новая Ева. Некалькі думак з нагоды малюнка

Выява, над якой хацелася б сёння паразважаць, мае назву «Марыя і Ева». Гэта малюнак пастэллю і алоўкам, створаны сястрой Грэйс Рэмінгтан OCSO з ордэна сясцёр-цыстэрцыянак абацтва Місісіпі. Выява размешчаная на віншавальнай паштоўцы і даступная для пакупкі. Асноўным сродкам утрымання сясцёр з’яўляецца прадукцыя і продаж крэмавых трапісцкіх карамелек. Тут можна наведаць іх сайт.

Сімволіка гэтай цудоўнай выявы ў многіх сэнсах прапануе нам кароткі пералік усіх нашых ісцін веры ў Марыю. Сама форма і эстэтычнае афармленне намякаюць на непрыхаваную ўразлівасць Евы і лёгкую радасць Марыі. Як вы маглі здагадацца, з левага боку на малюнку знаходзіцца Ева. У яе вобразе мы бачым саміх сябе, якія спатыкаюцца на шляху, бо ногі спутаныя змеем.

1. Сад

У многіх культурах (уключаючы Старажытнаегіпецкую і Месапатамскую) сад з’яўляецца месцам для гасціннага адпачынку. Яго абвадняюць, апрацоўваюць, абразаюць. Усё прызначана для сустрэчы і зносін. У кнізе Быцця Бог сам шпацыруе па садзе, раскрываючы сваё сяброўства і блізкасць з чалавекам. Сад – гэта падарунак, дадзены чалавеку, каб ён мог яго апрацоўваць і клапаціцца пра яго. На жаль, сад – гэта таксама і вобраз з Бібліі, у якім раскрываюцца негатыўныя пачуцці, зайздрасць і забойствы. Мы можам убачыць гэта ў садзе Сюзаны (Дан, 13), але, перш за ўсё, у вінаградніку Набота (1 Вал, 21).

У прарочых тэкстах сад нагадвае нам пра здаровага і ціхамірнага чалавека.

У «Песні песняў» сад служыць вобразам кахання. Жаніх кажа сваёй каханай: «Ты сад замкнёны, мая сястра, мая нявеста; ты закрыты крыніцай, запячатаны фантан»(«зачынены сад» па-грэцку азначае «рай», – Песні Песняў 4,12).

Нарэшце, у Евангеллі паводле Яна ў раздзеле 18 сад зноў становіцца месцам здрады.

Усё гэта нагадвае, што мы, на самай справе – гэта той самы сад. У нашых сэрцах працягваецца бесперапынная драма вернасці і любові, слабасці і здрады. Аднак разглядаючы малюнак, мы ўзгадваем, што Марыя ў сваёй паслухмянай вернасці разарвала заганнае кола. Па гэтай прычыне яна з’яўляецца «spes nostrae» (Нашай Надзеяй).

2. Арка

Арка займае бачнае месца ў каталіцкай архітэктуры і мастацтве. Яна можа ўвасабляць і сімвалізаваць шмат што: сілу і падтрымку, лёгкасць і адкрытасць, пачатак і канец. У міфалогіі аркі дзвярныя праёмы разумеюцца як парогі ў часе і прасторы (chronos, часовы свет), праз якія чалавек праходзіць, каб увайсці ў іншы від часу і прасторы (kairos, духоўны свет).

Арка – гэта моцны і натхняльны вобраз, але адначасова парадаксальны, бо пабудаваны на слабасці. Леанарда да Вінчы аднойчы напісаў, што «арка – гэта не што іншае, як сіла, выкліканая двума слабасцямі. Бо арка ў будынках складаецца з двух сегментаў круга, і кожны з гэтых сегментаў, будучы сам па сабе вельмі слабым, імкнецца ўпасці, і паколькі адзін супраціўляецца падзенню другога, дзве слабасці ператвараюцца ў адзіную сілу».

Таму калі мы праходзім праз аркі нашых касцёлаў, нам трэба распазнаць гэтую перамену ў часе. І калі разважаем над гэтай выявай, то мы пакліканыя зрабіць тое ж самае. Мы ўступаем у нешта асаблівае. Тут сустракаюцца гісторыя і вечнасць. Смутак Евы і радасць Марыі ўказваюць на гістарычныя рэаліі (смутак Евы адносіцца да смутку чалавецтва на працягу гісторыі), але яны таксама паказваюць на вымярэнне вечнасці: канчатковае збаўленне ад слабасці і граху, наша выратаванне ў Езусе Хрысце, крыніцы нашай вечнай радасці.

3. Плод

Уважлівае вока ўбачыць на гэтым малюнку тры віды «плоду». Першыя два ляжаць навідавоку, мы знаходзім ужо ў дэкарацыі аркі. Здаецца, гэта нейкае пладовае дрэва. Плады выглядаюць здаровымі, смачнымі і спелымі. Гэта па-першае. Другі плод бачым у руках Евы – відавочнае адсыланне да таго моманту, калі яна бярэ плод дрэва пазнання і есць яго (Быц 3). Трэці від плоду схаваны ва ўлонні Марыі: гэта, вядома, Езус Хрыстус. Памятаем, як св. Альжбета ўсклікнула: «… бласлаўлёны плод улоння твайго!» (Лк 1, 42).

У той час як плод Евы быў «добры для ежы», «захапленнем для вачэй» і здольны «зрабіць чалавека мудрым», плод Марыі, Яе сын Езус, здаваўся поўнай супрацьлегласцю. Пасля Яго нараджэння Ёй сказалі, што «меч праб’е Тваё сэрца». У момант пакутаў Хрыста пра Яго можна было б сказаць: “Так было знявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых! Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой. Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што не ставілі Яго» (Іс 52, 14; 53, 3).

Нарэшце, як кажа Павел, Ён быў «для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства» (1 Кар 1, 23).

Хаця і парадаксальна, але Езус – сапраўдны плод. Ён з’яўляецца рэалізацыяй кожнага нашага жадання. У гэтым сэнсе мы маглі б сказаць, што быць хрысціянінам – гэта не што іншае, як усведамленне таго, што Езус – нашае ўсё, наша адзіная ежа, наша ўнікальная крыніца шчасця, наш адзіны «плён».

Праз свой грэх і непаслухмянасць Ева паказана на малюнку як адначасова сумная і бясплённая (яна бясплодная, без дзіцяці). Марыя, наадварот, цяжарная. Жыццё – само Жыццё! – закаранілася ў самой Яе істоце і неўзабаве адновіць жыццё ўсіх мужчын і жанчын. Гэта цудоўны сакрэт, які мы знаходзім намаляваным на радасным абліччы Марыі.

З усяго сказанага мы разумеем, што Марыя – гэта і Маці нашага Пана, і Маці ўсіх хрысціян. Яна – наша Мама!

4. Рукі і позірк

Грэх дзіўна ўплывае на нас. Спачатку ён прапануе нам усё, а потым пакідае нам толькі сорам і расчараванне. І ўсё ж па нейкіх дзіўных прычынах мы, як правіла, імкнёмся да яго. Гэта як сверб, каторы мы не можам ігнараваць, ці шнар, да якога мы ўсцяж дакранаемся. Нават стоячы перад тымі, хто мог бы вылечыць нас, мы часта не хочам дазволіць ім убачыць нашае змаганне.

Сум пачынае пасяляцца ўнутры нас. У той час як Марыя апранута ў блакітнае (колер неба), Ева ахінута каштанавымі валасамі – колер зямлі і глебы. Гэта як быццам бы яна забылася, як падымаць галаву. І сапраўды, грэх выклікае ўнутры нас нейкую хваробу Альцгеймера, з-за якой мы забываем пра сваё паходжанне і лёс: вечныя зносіны з Богам, Які ёсць Любоў. Гэта таксама прыводзіць нас да таго, каб закрыцца ад іншых людзей. Мы перастаём глядзець ім у вочы, баючыся, што яны ўбачаць унутры нас.

Позірк Марыі скіраваны на яблык, але я рызыкну сказаць, што яна глядзіць далей. Яна глядзіць на сэрца Евы. Ніколі не забывайце, што хаця Яна нарадзілася без граху, бязгрэшнасць Марыі – гэта плён адкуплення, якое адбылося праз Яе Сына. Яе чысціня і радасць – гэта чысты дар, чыстае прыняцце. Яна таксама зведала бясконцую міласэрнасць Бога, і менавіта па гэтай прычыне Яна можа з міласэрнасцю глядзець на сэрца Евы. Яе позірк – гэта позірк разумення і матчынага спачування.

У руках Марыі заўважаем два жэсты. Левай рукой Яна хапае руку Евы – тую, якая, верагодна, яшчэ нядаўна сарамліва трымалася за плод грэхападзення – і прыцягвае яе да свайго ўлоння. Марыя вучыць Еву першаму ўчынку ў гэтай хрысціянскай драме: трэба спачатку адпусціць свой гонар і сорам, каб знайсці сэрца Жывога Бога, якое б’ецца.

Такая бясконцая любоў занадта яркая для непрызвычаеных вачэй і глухіх вушэй, каб яны маглі заўважыць і пачуць. Таму дотык павінен стаць ключавым інструментам у гэтым першым руху. Марыя не прапануе тлумачэнняў і аргументаў, яна проста падводзіць Еву да сустрэчы з Богам, Які стаў Целам. Зусім нечакана Пан дае нам адказ. Ён ратуе чалавека, сам становячыся далікатным, вучачы нас яшчэ раз стаць дзецьмі. І нагадвае нам аб неверагоднай прыгажосці сэрцабіцця Найсвяцейшага Дзіцяці ва ўлонні Маці.

Правай рукой Марыя падымае позірк Евы, якая так прызвычаілася да яго прыгнечанай формы. Далікатна дакранаючыся, Яна скіроўвае позірк жанчыны на свайго ўлюбёнага Сына.

Гэта місія і Марыі, і наша ўласная: абвяшчаць радасную навіну Божага прабачэння (Евангелле) і прывесці ўсіх да Яго Найсвяцейшага Сэрца.

5. Святло

Яшчэ адзін элемент, на які я хацеў бы звярнуць увагу, – гэта жоўта-залатое святло, што асвятляе ўвесь малюнак. Гэты колер часта адлюстроўвае боскасць, Божую ласку і Яго прысутнасць. На малюнку мы назіраем, як ён ахінае і ахоплівае абедзвюх – Еву і Марыю.

У сваім Сыне Езусе Хрысце Бог прыбраў усе сумневы. Ён – Эмануэль. Ён з намі. Як у хвіліны нашых няўдач і грахоў, так і ў хвіліны нашай вернасці і паслухмянасці Бог не пакідае нас. Вось там, дзейнічаючы і любячы нас незаўважна. Нават калі Яму давядзецца чакаць тысячы гадоў, пакуль мы нарэшце ахвотна прапануем Яму наша чыстае і шчодрае «так», Ён будзе чакаць.

6. Змей

У Евангеллі ад Лукі 1,42 мы чытаем, што, пачуўшы прывітанне Марыі, Альжбета напоўнілася Духам Святым і гучна ўсклікнула: «Шчаслівая Ты сярод жанчын». Мы можам знайсці гэтую фразу ў двух іншых біблейскіх урыўках Старога Запавету: Суддзяў 5, 24 і Юдыт 13, 18–20. У першым выпадку мы даведваемся, што Дэбора і Барак прамаўляюць блаславенне над Яіляй пасля забойства Сісеры. На гэтым этапе гісторыі збаўлення мы знаходзімся ў перыяд Суддзяў (1220–1040 да Нараджэння Хрыста). Для Ізраэля гэта цяжкі час. Бог выбірае і заклікае суддзяў устаць і весці свой народ як праз унутраную, так і праз знешнюю барацьбу.

У другім фрагменце падзеі адбываюцца значна пазней, прыблізна ў 589 г. да Нараджэння Хрыста, але сітуацыя аналагічная: Ізраэль прыгнятае магутны замежны вораг, якога завуць Навухаданосар. Узія прамаўляе бласлаўленне над Юдытай, якая абезгаловіла Алаферна, генерала Вавілонскага караля Навухаданосара.

У разуменні Лукі (мы можам быць упэўненыя, што ён добра ведаў Стары Запавет) Марыя – гэта жанчына, Якая, вітаючы ў сваім сэрцы і сваім целе Уцелаўленне Слова, канчаткова перамагае ворага. Адказваючы сваім сціплым і верным «так» Божаму плану, Марыя становіцца прычынай збаўлення як для сябе, так і для ўсяго чалавечага роду.

Таму раннія хрысціяне і Айцы Касцёла, калі чыталі пераклад на лацінскую мову ўрыўка з кнігі Быцця 3,15, «Яна струшчыць галаву [змея]», звязвалі гэтае выказванне з Марыяй, Якая дзякуючы вернаму прыняццю Божай ласкі нарадзіла Таго, Хто пераможа змяю, гэта значыць, пераможа д’ябла.

Па гэтай самай прычыне сёння мы, хрысціяне, працягваем прасіць дапамогі Марыі. Сваім заступніцтвам Яна як Маці дапамагае нам у нашай бітве супраць д’ябла і супраць спакусаў у нашым жыцці. З самых ранніх гадоў хрысціянства сярод вернікаў было яснае разуменне таго, што Марыя – гэта Новая Ева, Маці ўсіх тых, хто верыць у Яе Сына і ідзе следам за Ім.

Гарэт Джонсан, catholic-link.org
Пераклад са скарачэннямі кс. Віктара Місевіча

для друку для друку