Май — месяц Панны Марыі

Каталіцкі Касцёл прысвячае месяц май Найсвяцейшай Багародзіцы Панне Марыі. У гэтыя дні таксама існуе традыцыя правядзення т.зв. «Маёвых набажэнстваў». Могуць узнікнуць пытанні: «Чаму Панне Марыі прысвечаны менавіта месяц май?» або «Дзе і калі паўстала гэтая традыцыя?». Для гэтага давайце звернемся да вытокаў гэтай традыцыі і, больш таго, пастараемся, каб яна ўвайшла і ў нашае рэлігійнае жыццё.

Гісторыя

Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ў асновах гэтай традыцыі ляжыць барацьба з язычніцкімі культамі. На Усходзе май прысвячаўся багіні Артэмідзе, а ў Рыме вясной пачыталі багіню Флору. Касцёл, асабліва ў сярэднявеччы, прыклаў нямала намаганняў, каб «ахрысціць» язычніцкую традыцыю і накіраваць яе ў хрысціянскае рэчышча.

Вытокі маёвых набажэнстваў можна знайсці на грэцкім Усходзе, дзе ўжо ў V ст. вернікі ў маі збіраліся і спявалі гімны, якія праслаўляюць Дзеву Марыю. На Захадзе першыя спробы пасвячэння месяца мая Багародзіцы ўпершыню сустракаюцца ў Іспаніі на пераломе XIII — XIV стагоддзяў. Кароль Кастыліі і Леона Альфонс X, аўтар зборніка з 420 песнапеннямі, прысвечаных Панне Марыі (Cantigas de Santa María) звязвае месяц май з Найсвяцейшай Багародзіцай.

Адзін з дамініканскіх містыкаў бл. Генрых Сузо ў сваіх творах успамінае, што, будучы дзіцем, збіраў кветкі і прыносіў іх Марыі. У многіх біяграфіях святых і манаскіх хроніках можна прачытаць пра майскія ўшанаванні Найсвяцейшай Панны. Добрым таму прыкладам служыць св. Філіп Неры, які збіраў дзяцей каля скульптуры Маці Божай, заклікаў іх да малітвы і складаў разам з імі кветкі да яе ног.

Упершыню ж, май быў названы месяцам Марыі ў 1549 годзе ў кнізе Вольфганга Сейдля, «Духоўны май», выдадзенай у Германіі.

Аднак, цэнтрам маёвых набажэнстваў, адкуль яны распаўсюдзіліся па ўсім свеце, стала Італія. У пачатку XVII стагоддзя, маёвыя набажэнствы здзяйснялі італьянскія дамініканцы, у прыватнасці ў Ф’езоле, дзе гарачым прапаведнікам гэтых службаў быў кс. Анджэла Дамініка Ждуінжы. Ён у 1676 заснаваў брацтва Comunella, мэтай якога было шанаванне Найсвяцейшай Панны, асабліва ў маі.

Другім, значным для Марыйнага культу, месцам быў Неапаль. Тут з 1674 у маі ў храме святой Клары здзяйсняліся штодзённыя набажэнствы, на якіх спявалі Марыйныя песні, а ў завяршэнні благаслаўлялі прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Айцом маёвых набажэнстваў лічыцца езуіт а. Ансолані, які жыў на пераломе XVII — XVIII стагоддзяў. Ён арганізоўваў у каралеўскай капліцы спецыяльныя канцэрты марыйных песнапенняў, якія завяршаў бласлаўленнем Сакрамэнтам.

Вялікім прапагандыстам маёвых набажэнстваў быў езуіт а. Альфонс Муццарэллі, які ў 1787 г. выдаў спецыяльню брашуру і разаслаў яе ўсім італьянскім біскупам. Яго малітоўнік вытрымаў каля 70 выданняў. Ён жа ўвёў набажэнства ў рымскім храме Эль Джэзу. Суправаджаючы папу Пія VII у Парыж, ён прынёс гэтае набажэнства і ў Францыю. Затым гэтая практыка распаўсюдзілася ў многіх езуіцкіх кляштарах і навучальных установах.

25 сакавіка 1915 Пій VII напісаў булу, прысвечаную маёвым набажэнствам, даўшы поўную індульгенцыю ўсім, хто прымае ў іх удзел. Гэта яшчэ больш спрыяла распаўсюджванню традыцыі.

У 1965 г. Папа Павел у спецыяльным лісце, прысвечаным месяцу маю, заклікаў вернікаў захоўваць гэтую традыцыю. Ён пісаў: «Хай Тая, што перажыла трывогі і цяжар зямнога жыцця, стомленасць штодзённых клопатаў, цяжкасці і выпрабаванні беднасці і пакуты Галгофы, у гадзіну патрэбы прыйдзе на дапамогу Касцёлу і чалавецтву.»

Ларэтанская літанія

У 1859 г. Папа Пій IX зацвердзіў, існуючую да гэтага часу, форму маёвых набажэнстваў, якія складваюцца звычайна з Ларэтанскай літаніі, пропаведзі і ўрачыстага бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Ларэтанскай літанія — галоўная частка маёвых набажэнстваў. Сваю назву яна бярэ ад італьянскага горада Ларэта, дзе ў мясцовай базыліцы захоўваецца т.зв. Святы дом (Santa Casa), фрагменты жылля Найсвяцейшай Багародзіцы. Менавіта у гэтым горадзе Літанія да Найсвяцейшай Панны была асабліва папулярная. Аднак лічыцца, што з’явілася яна ў XII стагоддзі ў Францыі. Першая яе версія не захавалася. Існавала некалькі варыянтаў тэксту. Адзін з іх у 1575 кіраўнік хору ў Ларэта Канстанцо Порта паклаў на музыку. Гэта і спрыяла папулярызацыі менавіта гэтага варыянту, які стаў вядомым цяпер ва ўсім свеце.

У 1581 г. Папа Сікст V дараваў індульгенцыю, усім хто чытае гэтую літанію. З гадамі ў яе тэкст дадаваліся ўсё новыя і новыя заклікі, што вымусіла ў пачатку XVII стагоддзя Святую кангрэгацыю абрадаў забараніць самавольныя дадаткі. Тым не менш, змены ў тэкст ўносіліся, але ўжо з дазволу Ватыкана. Самае апошняе змяненне было ўнесена ў 1995 годзе, калі было дададзены заклік «Каралева сем’яў».

Што мы можам зрабіць у месяц Марыі?

Для развіцця духоўнага жыцця ў месяц Марыі, мы можам:

1. Разважаць над асноўнымі таямніцамі жыцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Разважанне патрабуе поўнага ўключэння розуму, ўяўлення, а таксама ўсяго сэрца, для таго каб паглыбіцца ў тыя цноты, якія перажыла Маці Божая на працягу свайго жыцця.

Напрыклад, мы можам паразважаць над тым, як паводзіла сябе Марыя, падчас:

— Звеставання (Лк. 1,26)

— Наведвання Лізаветы (Лк. 1, 39)

— Нараджэньне Езуса Хрыста (Лк. 2,1)

— Ахвяравання Езуса ў святыні (Лк. 2, 22)

— Калі Езус быў згублены, а затым знойдзены ў храме (Лк. 2, 40)

— Вяселле ў Кане Галілейскай (Ян. 2,1)

— Ля падножжа Крыжа (Ян. 19,25)

2. Успамінаць пра аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі

У Фаціме (Партугалія); ў Люрдзе (Францыя); а таксама ў Гвадэлупе (Мексіка), Найсвяцейшая Панна Марыя паведамляе нам розныя пасланні, аб той любові, якую Яна адчувае да нас – сваіх дзяцей.

3. Разважаць над чатырма дагматамі аб Багародзіцы:

— Беззаганнае Зачацце: адзіная жанчына, якую Бог, дзякуючы збаўчым заслугам Езуса захаваў ад першароднага граху і адарыў паўнатой Ласкі.

— Яе Боскае Мацярынства: Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца Маці Езуса Хрыста, Сына Божага.

— Яе Вечная Цнатлівасць: Марыя зачала ад Духа Святога, таму Яна заўсёды была Паннай.

— Яе Унебаўзяцце: Найсвяцейшая Панна Марыя, у канцы свайго жыцця, была целам і душою ўзята на неба.

4. Успамінаць і ўшаноўваць Марыю, як Маці ўсяго чалавецтва

Найсвяцейшая Панна Марыя заўсёды клапоціцца пра нас і дапамагае нам ва ўсім, у чым мы маем патрэбу. Яна дапамагае нам перамагчы спакусы і захаваць і застацца ў стане ласкі і еднасці з Богам, каб дасягнуць Валадарства Нябеснага.

Марыя — Маці Касцёла.

5. Разважаць над асноўнымі цнотамі Найсвяцейшай Панны Марыі

Марыя была жанчынай якая жыла ў глыбокай малітве, заўсёды знаходзілася блізка Бога. Была пакорай жанчынай, гэта значыць, сціплай; была высакароднай, не думала аб сваім камфорце, аддавала сябе людзям; мела велізарную любоў, любіла і дапамагала ўсім без розніцы; была паслужлівай і ўважлівай да Юзафа і Езуса; жыла з вялікай любоўю і радасцю; была цярплівай да сваёй сям’і і да акружаюччых; і прымала волю Бога ў сваім жыцці.

6. Жыць сапраўдным і рэальным шанаваннем Марыі

Старацца прыкласці намаганні для таго, каб жыць як яе дзеці. Гэта значыць:

— Глядзець на Марыю як на Маці: гаварыць Ёй усё, што з намі адбываецца, добрыя і дрэнныя рэчы. — Звяртацца да Яе ў любы момант.

— Даказаць нашу любоў Ёй: рабіць тое, што прыемна Марыі і ўспамінаць аб Ёй на працягу дня.

— Цалкам спадзявацца на Яе: усе ласкі, якія нам даў Езус, праходзяць праз рукі Марыі. Яна заступецца перад сваім Сынам за нас і ў нашых цяжкасцях.

— Упадабняцца Яе цнотам: гэта значыць, самым лепшым чынам даказваць нашу любоў да Яе.

7. Чытаць малітвы, спецыяльна прысвечаныя Марыі

Касцёл прапануе нам прыгожыя малітвы, як напрыклад Анёл Панскі (якая звычайна чытаецца тры разы на дзень, раніцай, апоўдні і ўвечары), Каралева Неба (чытаецца ў Велікодны час), Ларэтанская літанія, Святы Ружанец.

У канцы нашага разважання было б не дрэнна працытаваць словы, якія сказаў Папа Рымскі, Бенэдыкт XVI апоўдні 30 красавіка, перад тым як прачытаць малітву «Каралева Неба» «Regina Caeli» перад пілігрымамі, якія сабраліся на плошчы св. Пятра.

«У дні, якія шлі за ўваскрасеннем Пана, апосталы трымаліся разам, суцяшаемыя прысутнасцю Марыі, а пасля Ушэсця чувалі разам з Ёю ў малітоўным чаканні Пяцідзесятніцы. Маці Божая была для іх маці і настаўніцай, і гэтую ролю Яна працягвае выконваць у адносінах да хрысціян усіх часоў. Кожны раз, у велікодны час, мы больш глыбока перажываем гэты вопыт, і, напэўна, менавіта таму народная традыцыя прысвяціла месяц май Марыі — месяц, які звычайна прыпадае паміж Вялікаднем і Пяцідзесятніцай.

Таму гэты месяц, які мы пачынаем, дапаможа глыбей усвядоміць матчыну функцыю, якую Яна выконвае ў нашым жыцці, каб мы заўсёды былі паслухмянымі вучнямі і смелымі сведкамі ўваскрослага Госпада. Даверым Марыі патрэбы Касцёла і свету, асабліва ў гэты азмрочанае немалымі трагедыямі час»

с. Віргінія Хацян, grodnensis.by

для друку для друку