Кніга, якой валодае Віка… Чыя яна?Вікіна? Віцына? Вічына?

Мы штодня ў камунікацыі выкарыстоўваем прыналежныя прыметнікі, не надта задумваючыся, ці правільна гэта робім. Яно і зразумела, бо дбае пра культуру мову ў наш час далёка не кожны. Да таго ж нават у людзей з добрым валоданнем мовай, з дастаткова глыбокімі ведамі граматыкі не заўсёды атрымліваецца пазбегнуць памылак.

Таму сённяшні матэрыял нашай моўнай старонкі мы прысвячаем акурат пэўным аспектам ужывання ў сучаснай літаратурнай мове прыналежных прыметнікаў. А за ідэю дзякуем чытачцы “Каталіцкага весніка” спадарыні Лідзіі К. са Смаргоншчыны і яе дачцэ Вікторыі. Вось што піша, у прыватнасці, сп-ня Лідзія: “З цікавасцю сачу за матэрыяламі моўнай старонкі ў “Каталіцкім весніку”. Шмат новага для мяне, хоць і мову нашу ведаю нядрэнна… І вось неяк я задумалася: а як правільна адказаць на пытанне, чыя гэта рэч, калі яе гаспадыня, напрыклад, Віка? Менавіта так завуць маю дачку… Спрабавалі пачытаць уважліва правіла, але толькі больш заблыталіся. То, можа, на старонках газеты знойдзем адказ?”

Адразу падзякуем сп-ні Лідзіі і яе дачцэ за сапраўды важнае, актуальнае пытанне. І мяркуем, што гэтая тэма будзе цікавая для многіх нашых чытачоў, таму паспрабуем крыху разабрацца ў межах нашай моўнай рубрыкі.

Сапраўды, прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў, якія з’яўляюцца ўласнымі імёнамі і прозвішчамі асобаў, прадуктыўна выкарыстоўваюцца ў беларускай мове. Найчасцей, праўда, гэта назіраецца на побытавым узроўні, у неафіцыйнай камунікацыі, у размоўным стылі. І большасці выпадкаў праблем не ўзнікае. Мы без цяжкасцяў ужываем прыналежныя формы ў канструкцыях кшталту Наташына куртка, Каціна паліто, Валіна кніга ці Тамарын партфель. Але практычна заўсёды ёсць складанасці з ужываннем граматычных формаў асобных імёнаў, аснова якіх заканчваецца на г, к, х. Калі, да прыкладу, дзяўчына Вераніка трымае ў руках смартфон, дык ён чый: Веранікін, Вераніцын, Веранічын? Тое ж самае і з Вікай…

У падобных выпадках трэба памятаць, якія чаргаванні гукаў адбываюцца ў беларускай мове. Пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў ад назоўнікаў жаночага роду з асновай на г, к, х назіраецца чаргаванне: г пераходзіць у ж, к – у ч, а х – у ш: Вольга – Вольжын, Вераніка – Веранічын, а калі возьмем для ілюстрацыі размоўную форма Ксюха, то будзе Ксюшын. Гэта так званыя гістарычныя чаргаванні, такія формы фіксуюцца ў помніках беларускага пісьменства ўжо ў ХV стагоддзі. Прыгадаем тут фрагмент з рамана Вольгі Іпатавай “Альгердава дзіда”, дзе аднаго з герояў твора завуць Вольжыч:

— А імя тваё чаму Вольжыч? – настойліва запытаўся Альгерд.

— А Рацібор неяк прыязджаў у селішча, дык загадаў мяне, дваццацігадовага ахрысціць… Якраз тады твой бацька ажаніўся з княгіняй Вольгай, дык мяне і назвалі – Вольжыч.

Такім чынам, адказваючы на пытанне нашай шаноўнай чытачкі, канстатуем, што ад імя Віка ўтвараецца прыналежны прыметнік Вічын. Гэта адзіная магчымая правільная форма. Але, беручы пад увагу пэўныя складанасці ў вымаўленні, параім таксама і іншы шлях, калі перадаць сэнс выказвання можна апісальна, не ўжываючы непасрэдна прыналежнага прыметніка: гэта смартфон Вікі, куртка Веранікі, хустка Вольгі, нарэшце, звяртаючыся да размоўнай формы, гэта парасон Ксюхі.

Спадзяёмся, што прапанаваныя намі тлумачэнні дапамогуць нашым чытачам правільна выкарыстоўваць прыналежныя прыметнікі, што дазволіць пазбегнуць блытаніны і паспрыяе павышэнню культуры беларускага маўлення.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук

для друку для друку