«Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным«. Да гэтай слушнай думкі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава варта дадаць, што свабода чалавека мае ўсё ж зусім іншае вымярэнне: яна бярэ свой пачатак у яго падабенстве да Бога. Дзякуючы вольнай волі (як зрэшты і розуму) чалавек займае асаблівае месца сярод стварэнняў. У сваім жыцці ён мае магчымасць і здольнасць выбару каштоўнасцяў, прыняцця рашэнняў, распараджэння сваім часам. Адным словам, свабода – гэта неад’емны элемент чалавечай натуры.
Слова “свабода” выклікае моцнае біццё сэрца, асабліва ў тых, хто ведае смак няволі. Абмежаванне, пазбаўленне волі, у сваю чаргу – гэта цяжар, які мы інстынктыўна прагнем скінуць з сябе. Нездарма народная прыказка гаворыць: дзе няма волі, там няма і долі. Гэта разумее нават малое дзіця, якое праяўляе сваё жаданне “рабіць па-свойму” плачам ці тупаннем ножкамі. Аднак вельмі хутка для таго ж дзіцяці становіцца відавочным, што існуе шмат правілаў і чыннікаў, якія ў той ці іншай ступені абмяжоўваюць яго свабоду, а за свае ўчынкі давядзецца несці адказнасць. Нельга пераходзіць дарогу на чырвонае святло, бо можна трапіць пад машыну. Трэба быць паслухмяным бацькам, бо інакш можна атрымаць пакаранне. Прыгадваюцца словы Апостала Паўла: “Усё можна, але не ўсё карысна” (1 Кар 10,23).
Бог стварыў чалавека вольнай асобай, каб той выбіраў дабро. Свабода не з’яўляецца мэтай сама па сабе. Між тым у сучасным свеце можна назіраць своеасаблівы ідалапаклонніцкі культ неабмежаванай свабоды: ідзі за сваімі жаданнямі, рабі толькі тое, што прыносіць задавальненне, тваё жыццё – твае правілы, ты нікому нічога не павінен. Аднак не трэба мець ілюзій, што само валоданне знешняй свабодай дае гарантыю быцця поўнасцю вольным чалавекам. Можна быць вызваленым ад знешняга прыгнёту, але адначасова ўжываць гэтую свабоду ў кепскіх мэтах, трапляючы ў залежнасць. Калі чалавек ставіць сваю волю вышэй за Божую, калі ён перакананы, што можа вырашыць усё, то насамрэч становіцца нявольнікам граху. Гэтая ўнутраная няволя з’яўляецца значна горшай за знешнюю ды і больш небяспечнай, бо яна хаваецца пад выглядам свабоды.
Свабода будзе сапраўдным дабром толькі тады, калі мы карыстаемся ёю дзеля дабра. Не вельмі прыдасца свабода выбару ці свабода слова, калі гэты выбар і гэтыя словы будуць скаваныя эгаізмам, хлуснёй, нянавісцю і пагардай да іншых. Сапраўдным праяўленнем свабоды з’яўляецца любоў. Бог учыніў нас вольнымі істотамі, каб мы былі здольныя любіць: служыць адно аднаму, быць спагадлівымі да нядолі іншых, прагнуць супольнага дабра. “Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму” (Гал 5,13). Сэнс свабоды чалавека ў тым, каб усё больш станавіцца вобразам Бога, Які адзін ёсць Добры (Мц 19,17), каб наследаваць Хрыста, Які аддаў сябе за іншых.
Свабода не толькі імкнецца да дабра, але і вырастае з праўды. Пан Езус кажа: “І пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8,32). Чалавек вольны настолькі, наколькі кіруецца праўдай. Гэтай праўдай з’яўляецца Сам Хрыстус і Яго запаведзі. Нярэдка можна пачуць меркаванне, што Бог і Касцёл знявольваюць чалавека, абцяжарваючы непатрэбнымі абмежаваннямі. Адкуль узнікае такая думка, што вера ў Бога з’яўляецца перашкодай у дасягненні свабоды? Справа ў тым, што свабода, якую прапаноўваюць Бог і вучэнне Касцёла, цяжкая, яна дорага каштуе, яна мае свае межы. Езус навучае: „Імкніцеся прайсці праз вузкую браму” (Лк 13,24). Бо гэтая брама вядзе да збаўлення, да Валадарства Нябеснага. У гэты ж час свет прапануе нам свабоду лёгкую і танную. Такім чынам, адзін шлях вядзе да свабоды, якую дае Хрыстус, а другі – да свабоды ад Хрыста. Аднак свабода без Бога – гэта зняволенне. Менавіта гэта мае на ўвазе Апостал Павел, звяртаючыся да галатаў: “Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся няволі” (Гал 5,1).
Адарванне свабоды ад праўды вядзе да атаясамлівання свабоды з абсалютнай аўтаноміяй, да перараджэння яе ў свавольства, якое супярэчыць любові сябе і бліжняга. Адкідваючы праўду і Божы Закон, чалавек пазбаўляе сябе магчымасці маральнага і духоўнага ўдасканалення: затрымліваецца на тым, што часовае, трапляе ў няволю граху і дрэнных схільнасцяў. А між тым Хрыстус перасцерагае нас: “Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?” (Мц 16,26)
У энцыкліцы Veritatis Splendor (1993г.) Папа Рымскі Ян Павел ІІ адзначае, што чалавек у сваёй свабодзе схільны адварочвацца ад Праўды і Дабра, і ў рэчаіснасці ён сам надта часта выбірае хутчэй зямныя, абмежаваныя і ілюзорныя каштоўнасці. Ён бунтуецца супраць Бога, як першыя бацькі, Адам і Ева, хочучы сам стаць “як Бог” (Бц 3,5). Таму нашая свабода патрабуе вызвалення. А вызваліцелем з’яўляецца толькі Хрыстус.
c. Дар’я Галубкова OV