Калі і як быў напісаны Стары Запавет?

«Адкажыце, калі ласка, на пытанне: «Калі і як быў напісаны Стары Запавет? Чаму ён сёння важны для нас? Дзякуй вялікі за адказ»

Ваш пастаянны чытач Ян

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі:

– Стары Запавет (46 кніг) быў напісаны прыкладна паміж X і I стагоддзямі да н.э., Новы Запавет (27 кніг) – у 50-100 гг. н.э.

Назвы “Стары Запавет” і “Новы Запавет” паходзяць ад лацінскага Anticum Testamentum і Novum Testamentum. Пра якія запаветы яны гавораць?

Стары Запавет – гэта запавет, які быў заключаны паміж Богам і ізраільскім народам на гары Сінай пры пасярэдніцтве Майсея (Зых 19-20). Тады ізраільскі народ паабяцаў быць верным Божаму закону (дзясяці запаведзям), што ў такім выпадку было б знакам і ўмовай запавету. З іншага боку, Бог асаблівым чынам стаў клапаціцца пра гэты народ.

А Новы Запавет Езус заключыў на крыжы. Запавет, заснаваны на ахвяраванні Сябе Пана нашага за грахі ўсіх людзей, усіх часоў. Чалавек быў адкуплены, і брамы раю адчыніліся. Тут варта адзначыць, што гэты запавет быў абвешчаны ўжо прарокам Ераміем (Ер 31,31-34), які жыў на мяжы VII і VI стагоддзяў да н.э.

Такім чынам, розніца паміж Старым Запаветам і Новым Запаветам у асноўным заключаецца ў тым, што Стары Запавет паказвае дзеянне Бога ў ізраільскім народзе (гісторыя збаўлення), адначасова абвяшчаючы прыход Месіі – новага Караля (Езуса Хрыста). З іншага боку, Новы Запавет паказвае нам выкананне таго, пра што мы чытаем у Старым Запавеце. Значыць, Новы Запавет без ведання Старога будзе для нас незразумелы, бо там яго карані.

На чым была напісана Біблія?

Цяпер вернемся да спосабу кампанавання і адпаведна да часу з’яўлення Старога Запавету.

У габрэйскай традыцыі Стары Запавет дзеліцца на тры часткі: Закон (гбр. назва Тора), Прарокі (Невіім) і Псалмы (Кетувім). Такім чынам, назва Святога Пісання на старажытнагабрэйскай мове паходзіць ад першых літар назваў гэтых трох частак – Танах. Езус кажа ў Евангеллі, што ўсе тры часткі Старога Запавету сведчаць пра Яго: “Усё, што напісана пра Мяне ў законе Майсея, прарокаў і псальмах, павінна збыцца” (Лк 24,44).

Увогуле са словам “Біблія” ў нас асацыюецца ўяўленне аб адной вялікай кнізе, якая складаецца як са Старога, так і Новага Запаветаў. Але па сутнасці гэта не адна кніга, а цэлы, строга вызначаны Касцёлам зборнік святых кніг, напісаных у розны час, у розных месцах і з рознымі мэтамі і рознымі, аднак боганатхнёнымі аўтарамі. Варта адзначыць, што тэрміны “сэфер” (гбр.) і βίβλος (грэч) згодна з філалагічным аналізам даюць нам уяўленне пра матэрыял, які ў старажытнасці ўжываўся для пісання, і на падставе чаго, такім чынам, былі напісаны арыгіналы і самыя старажытныя спісы (копіі) святых кніг.

Так, габрэйскія кнігі, відавочна, пісаліся пераважна на пергаменце, г.зн. на вычышчынай і выпрасаванай скуры, бо слова “сэфер” паходзіць ад гбр. дзеяслова “сафар”, які азначае “галіць”, “чысціць” скуру ад валасоў. Грэцкія ж аўтары, верагодна, пераважна пісалі на папірусе, г.зн. на спецыяльна апрацаваным лісці адмысловай егіпецкай расліны. Слова βίβλος або βύβλος першапачаткова значыць “папірус”, адсюль – папірусны скрутак або «кніга».

Гэтае калектыўнае абазначэнне Святога Пісання адным зборным імем – “Біблія,” – несумненна, існавала ўжо і ў старазапаветны перыяд. Так, у сваёй сапраўднай грэцкай форме τα βιβλια сустракаецца ў першай Макавейскай кнізе (1 Мак 12,9.90), а адпаведны гэтаму габрэйскі пераклад дадзены ў прарока Данііла (Дан 9,2), дзе дакументы Святога Пісання абазначаны як “кнігі”, дакладней – пэўныя вядомыя ўсім кнігі, бо суправаджаюцца артыклем “га” (гбр. ה). Адсюль можам вызначыць часавы тэрмін, да якога Стары Запавет ужо функцыянаваў як Святы тэкст Божага народа. А гэта прыкладна канец ІІ – пачатак І стагоддзяў да н.э. У той жа час, калі натхнёныя аўтары запісвалі першыя словы Бібліі, дык гэтага не ведае ніхто, апроч самога Аўтара, які праз зямных аўтараў пажадаў даць Сваё аб’яўленне чалавеку.

Галоўная рыса, якая адрознівае Святое Пісанне – “Біблію” – ад іншых літаратурных твораў і якая надае яму найвышэйшую сілу і бясспрэчны аўтарытэт, – гэта боганатхнёнасць.

Пад ёй мы разумеем тое звышнатуральнае, боскае асвячэнне, якое, не знішчаючы і не абмяжоўваючы натуральныя здольнасці чалавека, засцерагала іх ад тэалагічных памылак, адкрываючы такім чынам спрадвечныя Божыя таямніцы. Іншымі словамі, гэтая боганатхнёнасць кіравала ўсім ходам аўтарскай і пісьменніцкай працы чалавека, дзякуючы чаму апошняе было не проста прадуктам чалавечай дзейнасці, а як бы творам Самога Бога. Па сведчанні святога Апостала Пятра, “ніколі прароцтва не было вымаўлена па волі чалавечай, але вымаўлялі яго святыя Божыя людзі, будучы кіраваныя Духам Святым” (2 П 1,21). У Апостала Паўла сустракаецца нават і само слова “натхнёны” і менавіта ў адносінах да Святога Пісання, калі ён кажа, што “ўсё Пісанне натхнёнае” (θεόπνευστος – 2 Цім 3,16).

Але гэтая “боганатхнёнасць” Святога Пісання і яго аўтараў не знішчала іх асабістых, прыродных асаблівасцяў: вось чаму ў змесце святых кніг, асабліва ў іх выкладанні, стылі, мове, характары вобразаў і выразах мы назіраем значныя адрозненні паміж асобнымі кнігамі Святога Пісання, а тым больш паміж Старым і Новым Запаветамі, што залежыць ад індывідуальных, псіхалагічных і літаратурных асаблівасцяў іх аўтараў.

Што такое “біблійны канон”?

Іншай вельмі важнай прыкметай святых кніг Бібліі, якая абумоўлівае розную ступень іх аўтарытэтнасці, з’яўляецца кананічны характар адных кніг і некананічны іншых. Грэцкае слова κανών, як і семіцкае “кане” (קנה), азначае першапачаткова “трысняговую палку”, або наогул усякую “прамую палку”, а адсюль у пераносным сэнсе – усё тое, што служыць да выпроствання, выпраўлення іншых рэчаў. У больш агульным сэнсе слова κανων атрымала значэнне “правілы, нормы, узор”. Менавіта так яно ўжываецца, між іншым, і ў Апостала Паўла: “Тым, якія паступаюць па гэтым правіле (κανόνι), супакой ім і ласка, і Ізраілю Божаму” (Га 6,16). Грунтуючыся на гэтым, тэрмін κανων і прыметнік κανονικός, які ад яго паходзіць, пачалі прыкладаць да тых святых кніг, у каторых паводле навукі Касцёла бачылі выраз сапраўднага правіла веры, яе узор. Тэрмін “кананічны” прыкладаецца да тых святых кніг Бібліі, якія прызнаны ўсім Касцёлам у якасці боганатхнёных і якія заключаюць у сабе правілы і ўзоры веры. У адрозненне ад кніг “некананічных”, г.зн. хоць павучальных і карысных, але не боганатхнёных, і “апакрыфічных” (αποκρυφος – утоены, таемны), зусім адкінутых Касцёлам. Варта заўважыць, што “кананічнасць” кніг Старога Запавету і Новага такая ж самая.

Трыдэнцкі сабор канчаткова зацвердзіў канон Бібліі Каталіцкага Касцёла, які складаецца з 46 кніг Старога Запавету (або 47, калі Пасланне Ераміі, якое ў каталіцкіх выданнях з’яўляецца 6-м раздзелам Кнігі Баруха) і 27 кніг Новага Запавету. Тым самым гэты сабор 8 красавіка 1546 г. закрыў усе дыскусіі ў Касцёле аб кананічнасці кніг абодвух Запаветаў.

Усе кананічныя кнігі Старога Запавету былі напісаны на старажытнагабрэйскай мове, за выключэннем толькі некаторых, невялікіх частак, напісаных на арамейскай мове (Ер 10,11; Дан 2,4–7,28; Эзд 4,8–6,18, 7,12–26), а таксама некаторых напісаных на старажытнагрэцкай мове: 1-2 Макавейскія кнігі; Кніга Мудрасці; Кніга Мудрасць Сіраха; Кніга Товія; Кніга Юдыты; Кніга Баруха.

Падзел Бібліі на раздзелы і вершы

Нарэшце, трэба заўважыць, што ў старажытным Касцёле не існавала нашага падзелу Біблейскіх кніг на раздзелы і вершы: яны ўсе былі напісаны суцэльным, звязным тэкстам, размешчаным у выглядзе калонак (накшталт вершаў). І калі дзяліліся, то толькі на фрагменты для літургічнага ўжывання. Сучасны падзел на раздзелы мае свой пачатак ад кардынала Стэфана Лангтона, які падзяліў іх каля 1205 г. Такое дзяленне скончыў і зацвердзіў дамініканец Гуг-дэ-Сен-Шыр, які выдаў сваю канкарданцыю каля 1240 г. А ў палове ХVI ст. парыжскі друкар Роберт Стэфан увёў і сучаснае дзяленне раздзелаў на вершы спачатку ў грэка-лацінскае выданне Новага Запавету (1551 г.), а затым і ў поўнае выданне лацінскай Бібліі (1555 г.), адкуль яно паступова перайшло і ва ўсе іншыя тэксты.

Такім чынам, гэтая кароткая прэзентацыя мела на мэце паказаць важнасць успрымання Бібліі як адной боганатхнёнай кнігі, Святога Пісання. Хоць і ў розныя гістарычныя эпохі і рознымі аўтарамі, аднак усё ў кнігах Бібліі так павінна ўспрымацца і чытацца, каб урэшце прывяло да вяршыні Божага адкрыцця – асобы Божага Сына, Які стаў чалавекам.

Літаратура

  1. “Толковая Библия, или Комментарии на все книги Св. Писания Ветхого и Нового Завета”, Т. 1, ред. А.П. Лопухин. – Санкт-Петербург 1904, с. 3-7.
  2. А. Мень. Как читать Библию. Часть первая. – Москва, 2000, с. 49-51.
  3. Э. Янг. Введение в Ветхий Завет. – Заокский, 1998, с. 7-15.
  4. И.Ц. Миронович. Лекции по Священной библейской истории Ветхого и Нового Заветов. – Санкт-Петербург, 2013, с. 50-66.
  5. И.Павлов, А.Сомов. “Канон Священного Писания”, у: Католическая Энциклопедия, Т. 2, ред. Г. Цёрох. – Москва, 2005 с. 745-751.

Біблія – не адна кніга, а цэлы, строга вызначаны Касцёлам зборнік святых кніг.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі