«Хвала Хрысту! Падкажыце, калі ласка, як можна справіцца з духоўнай лянотай да малітвы? Дзякуй за адказ.»
Павел
– Напачатку дзякую Паўлу за пытанне, якое сведчыць пра яго жаданне паглыбляць адносіны з Богам. Лянота і нежаданне маліцца – гэта праблема, з каторай змагаецца значная колькасць вернікаў. Падобна як, напрыклад, рассеянасць на малітве, пазбяганне яе, таксама і лянота можа мець розныя крыніцы. Кароткачасовыя або спантанныя праблемы ў сферы адносін з Богам здараюцца ва ўсіх і нагадваюць пра слабасць нашай чалавечай натуры ды патрэбу ў дапамозе Духа Святога. Калі ж нежаданне маліцца або лянота працягваюцца даўжэй, то трэба шукаць іх прычыны, бо інакш аніякія пастановы ці практыкаванні не дапамогуць. Ёсць вернікі, якія гадамі імкнуцца ўдасканальвацца ў малітве, аднак у іх нічога на атрымліваецца. Адбываецца так не таму, што яны маюць слабую волю, а па прычыне нявырашаных унутраных або знешніх праблем ды прывязанасці да граху.
Малітва – справа любові
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (даступны ў інтэрнэце), які я раю чытаць і разважаць над ім, на пачатку чацвёртай часткі, што прысвечаная менавіта малітве, цытуе словы святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус: “Для мяне малітва – гэта ўздым сэрца, просты погляд на неба, вокліч падзякі і любові як у пакутах, так і ў радасці”. Тэрэза з Ліз’ё малітву спалучае з любоўю. Святая кажа пра сэрца (любоў), просты погляд (пакора), падзяку (удзячнасць Богу) і ўрэшце пра сталасць у малітве ва ўсіх абставінах жыцця (спадзяванне на Бога).
У сваіх творах французская кармелітка найчасцей піша пра любоў да Езуса, жадаючы цалкам спалучыцца з Ім: “Хачу любіць Езуса так, як ніхто яшчэ не любіў Яго”. Для малой Тэрэзы малітва – гэта адносіны любові, штосьці вельмі простае і відавочнае, калі ты блізка з Богам і любіш Яго ўсім сэрцам.
Іншая святая, Тэрэза Авільская, справу малітвы разумее непасрэдна ў катэгорыях любові: «малітва, на мой погляд, не што іншае, як толькі даверлівае і сяброўскае прабыванне з Богам, частая размова з тым, пра каго мы ведаем, што Ён нас любіць”. Паколькі святыя пішуць пра духоўнае жыццё са свайго вопыту, то іх сведчанне становіцца вельмі пераканаўчым для тых, хто імнецца трываць у камуніі з Богам. Малітва – гэта не толькі словы, думкі або гатовыя тэксты, а перадусім любоў. Аналагічна да зямной любові, яна дае крылы для высокіх палётаў.
Бог ёсць любоў! Ён стварыў нас і адкупіў (збавіў) з любові. Варта таксама ўсведамляць, што Бог-любоў прысутнічае ў нашай душы звышнатуральна і асабіста. Гэта вельмі важна, бо любіць у поўнай меры можна толькі асобу. З боку Бога любоў сталая і актыўная, нібы вогнішча, якое пастаянна выпраменьвае цяпло, нібы сонца, якое не перастае праліваць святло, або крыніца, якая заўсёды бруіць. Малітва патрабуе звышнатуральнай любові і асвячальнай ласкі, якая мае тую ж натуру, што і Бог, ды робіць чалавека Божым дзіцём, здольным да з’яднання і камуніі з Богам. Ужо ў сакраманце хросту мы атрымліваем гэтую ласку. Яна пабуджае волю чалавека да малітвы, якая, са свайго боку, патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі, часу ды развіцця. Інакш моліцца дзіця, інакш малады чалавек, а яшчэ інакш хтосьці ў гадах. Падобна да любові, малітва мае свае перыяды і формы развіцця. Калі мы ўсведамляем, што Бог рэальна прысутны ў нашым жыцці, што Ён вельмі блізкі і нас любіць, то тады малітва становіцца чымсьці простым, натуральнай патрэбай, бо той, хто любіць, хоча быць з любімым і мець з ім адносіны.
Лянота
Сярод сямі дрэнных звычак (заганаў), якія заглушаюць і зацямняюць сумленне, а таксама адкрываюць чалавека на зло і робяць яго схільным да граху па звычцы, катэхізіс змяшчае ляноту. Гэта свайго кшталту трывалыя адносіны да жыцця, нежаданне выконваць фізічныя, разумовыя альбо духоўныя намаганні. Прасцей кажучы, чалавек апанаваны лянотай, марнуе, а нават забівае дадзены Богам час.
Я прачытаў неяк словы, якія выдатна ілюструюць сутнасць ляноты: “каб мне так хацелася, як не хочацца…”. Магчыма, кожны чалавек мае моманты, калі наогул нічога не хочацца. Не адразу гэта лянота. Прычына можа быць у іншым: хтосьці, магчыма, перагружаны працай, стомлены або ў выніку нейкіх жыццёвых абставін ці падзей адчувае слабасць. Грэх пачынаецца тады, калі ўнутраныя ці знешнія складанасці эфектыўна адцягваюць чалавека ад дзеяння, якое ён павінен здзейсніць. Тут асабліва важнае слова «павінен». Чым важнейшы абавязак, ад якога чалавек ухіляецца, тым большая яго віна. Такім чынам, мы разумеем, што чым больш сур’ёзны абавязак, тым цяжэйшы грэх.
Зграшыць можна не толькі думкай, словам ці ўчынкам, але і занядбаннем. Мы памятаем словы Езуса пра Апошні суд (Мц 25,31–46), на якім людзі, каторыя стаялі леваруч ад Сына Чалавечага, пачулі абвінавачанне ў тым, што не выканалі тое, што павінны: не накармілі галодных, не далі піць сасмаглым і г.д. Асаблівым тыпам ляноты з’яўляецца духоўная лянота, якую ў тэалогіі называюць “акедыя”. Гэта грэцкае слова азначае “бесклапотнасць, расчараванне, млявасць, стомленасць, смутак”. Першапачаткова акедыя адносілася да жыцця манахаў і пустэльнікаў як форма спакусы. Асаблівым момантам нападаў злога духа лічыўся поўдзень, калі сонца бязлітасна пякло ў пустыні, што выклікала стомленасць людзей, адданых малітве і аскезе. Менавіта таму акедыю яшчэ называюць дэманам поўдня. Вельмі актуальнымі з’яўляюцца тэксты пра акедыю Эвагрыя Пантыйскага (345 – 399), які заўважае, што малітва, каторая дагэтуль прыносіла радасць, раптам траціць свой смак. Тое ж сцвярджае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў 2094 нумары: “Нуда альбо духоўная лянота вядуць да адкідання радасці, якая паходзіць ад Бога, і да агіды адносна Божага дабра”.
Ляноце спадарожнічае свайго кшталту сум, які вынікае “з няздольнасці паверыць у веліч нашага чалавечага паклікання, якое мы атрымалі ад Бога” (Ёзэф Ратцынгер, Погляд на Хрыста: практыкаванні ў веры, надзеі і любові). Будучы Папа Бэнэдыкт XVI такую паставу называе “дзіўнай нянавісцю чалавека да ўласнай велічы” ды раіць імкнуцца да таго, што праўдзівае і вялікае, каб не дапусціць пашырэння ў сабе ўнутранага суму па прычыне пустэчы.
Перамога малітвы
Клайв Стэйплз Льюіс у кнізе «Разважанні над псальмамі» пісаў, што калі мы выконваем свае рэлігійныя абавязкі, то становімся падобнымі да людзей, якія капаюць каналы ў бязводнай зямлі, каб, калі нарэшце з’явіцца вада, яны былі гатовыя. Калі табе не хочацца маліцца, то скажы пра гэта Пану Богу, як дзіця сваім бацькам: “Тата, мама, мне не хочацца”. Гэта дасць пачатак шчырасці перад Богам.
Кожны чытач “Каталіцкага Весніка” вывучаў замежную мову. Можа, хтосьці робіць гэта і цяпер. Мы дакладна ведаем, што нельга загаварыць на невядомай мове ўжо пасля першых заняткаў, бо трэба шмат вучыцца і пазнаваць. Часам патрэбна змяніць метад таксама ў малітве (сталаму чалавеку могуць не падысці малітвы для дзяцей, хоць мне асабіста вельмі падабаюцца, напрыклад, Эўхарыстычныя малітвы з удзелам дзяцей). Малітва патрабуе часу і сталасці, каб гэта прыносіла плён. Час мы разумеем тут як чаканне дзеяння Пана Бога, а не як хвіліны, адведзеныя для малітвы. Сталасць у малітве – гэта зарука цноты малітвы. Дзеля гэтага варта планаваць малітву на працягу дня і не прапускаць яе без важнай прычыны.
Я асабіста ведаю людзей, якія прысвячаюць малітве шмат часу і застаюцца ёй вернымі. Яны здабылі цноту малітвы – вельмі карысны дар. Трэба распачаць маліцца і пастаянна пазнаваць Бога ды самога сябе. Чым большае пазнанне, тым большая любоў і жаданне маліцца. Святая Тэрэза ад Езуса заахвочвае да малітвы таксама ў час сухасці або рассеянасці. Прыклад такой малітвы пакінула нам святая Тэрэза Калькуцкая, якая спазнала “цёмную ноч” у адносінах з Богам, аднак засталася вернай духоўным практыкаванням. Спецыяліст у справах духоўнасці святы Ігнацый Лаёла звяртае ўвагу на неабходнасць пастаяннасці ў духоўных практыкаваннях. Святы Айцец Францішак прыгадвае важнасць веры і трываласці ў малітве.
Дзеля развіцця малітвы патрэбная таксама вонкавая дапамога, напрыклад, з боку духоўнага кіраўніка. Я ўжо неаднойчы раіў нашым чытачам звяртацца з праблемамі ці пытаннямі да сваіх мясцовых душпастыраў, кансэкраваных асобаў або да людзей, якія вылучаюцца духоўным вопытам. Менавіта асабістая размова з такім чалавекам, падмацаваная ласкай Духа Святога, можа значна дапамагчы ў развіцці адносін з Богам.
Малітва – гэта змаганне, у якім чалавек можа стаць пераможцам, аднак не сваёй сілаю, а дзякуючы ласцы Бога. У Пасланні да Рымлянаў (8,26) чытаем, што Дух Святы падтрымлівае нас у малітве. Такім чынам малітва – гэта не толькі наша справа, але і справа Духа Святога, таму раю перад кожнай малітва заклікаць Яго такімі ці падобнымі славамі: Дух Святы, прыйдзі да нас, Дух святла і любові, Дух Агонь, прыйдзі і нас распалі!
Жадаю Паўлу і ўсім нашым чытачам ахвотнага духу для плённай малітвы!
Айцец Аркадзь Куляха OCD
для друку