– Пахвалёны Езус Хрыстус! Будучы выхаваным у хрысціянскай веры, я стаўлюся да нябожчыкаў з павагай, якая належыць людзям, што адышлі ў іншы свет. Апошнім часам, займаючыся краязнаўчай дзейнасцю, я сутыкнуўся з пытаннем: ці можна фатаграфаваць/замалёўваць помнікі на могілках для выкарыстання фотаздымкаў/замалёвак у навуковай (краязнаўчай) дзейнасці?
Юрый
– Хвала на векі! Паважаны Юрый, вялікі дзякуй за пытанне! Я дазволю сабе адказаць больш шырока на Вашае пытанне.
Згодна з канонам 1205 Кодэкса кананічнага права, могілкі належаць да святых месцаў. Пераўтвараюцца яны ў такія праз пасвячэнне або блаславенне. Далей Кодэкс кажа, што “ў святым месцы дапускаецца толькі тое, што служыць ажыццяўленню і падтрыманню культу, пабожнасці і рэлігіі, а забараняецца ўсё, што з’яўляецца не спалучальным са святасцю месца” (кан. 1210). Святыя месцы, у тым ліку і могілкі, апаганьваюцца праз цяжкія шкодныя дзеянні (кан. 1211).
Нормы, якія датычаць парадку, што павінен захоўвацца на могілках, асабліва адносна захоўвання іх сакральнага характару і спрыяння яму, устанаўліваюцца партыкулярным правам (мясцовым біскупам на ўзроўні дыяцэзіі альбо біскупскай канферэнцыяй на ўзроўні краіны, кан. 1243).
На жаль, не кожны ведае, як трэба сябе паводзіць на могілках. І вельмі часта, асабліва ў вялікіх гарадах, на могілках можна ўбачыць розныя рэчы. Кожны з нас калі-небудзь быў сведкам неадэкватных паводзін на могілках. Шмат разоў мы чулі гучныя недарэчныя размовы, а часам нават і смех над магіламі блізкіх.
Калі Касцёл адносіць могілкі да святых месцаў, то і паводзіны там павінны быць адпаведныя. Самым галоўным правілам з’яўляецца тое, што з моманту пераходу могілкавай брамы неабходна захоўваць цішыню. Само па сабе гэтае месца заахвочвае нас да цішыні і разважанняў або, іншымі словамі, прымушае да разважанняў, а цішыня дапамагае разважанням над тым, што чакае кожнага з нас. Таму адназначна варта пазбягаць непатрэбных размоў: пра тое, што здарылася на працы, што мы нядаўна глядзелі па тэлебачанні, хто і які купіў аўтамабіль, як выглядае тая ці іншая асоба і г.д. Справа не ў тым, што на могілках увогуле забараняецца размаўляць, але адведванне могілак – гэта выдатная нагода ўспомніць і пагаварыць толькі пра тых, дзеля каго мы туды прыходзім.
Часта пэўныя могілкі з’яўлюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, манументальным некропалем. Напрыклад, могілкі Салента ў Генуі ці Вялікія Могілкі ў Мілане, або могілкі святога Міхала ў Венецыі ці могілкі Роса ў Вільні. І таму шматлікія турыстычныя аператары ўключаюць іх у праспекты для наведвання з паметкай “Абавязкова да наведвання”.
І ў Беларусі існуюць могілкі, якія можна назваць гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Іх таксама можна наведваць, як “музей пад адкрытым небам”, захоўваючы, вядома, адпаведныя паводзіны, вывучаючы надмагільныя помнікі.
Беручы як прыклад могілкі Стальена ў Генуі, мы бачым, што праект стварэння гэтага месца быў ухвалены мясцовымі ўладамі ў 1835 годзе. Да яго рэалізацыі прыступіў галоўны архітэктар горада Карла Барабіна. На жаль, яму не было наканавана скончыць свой праект, бо ў гэтым жа годзе ён памёр ад жахлівай эпідэміі чумы. Таму ўзвядзенне гарадскіх могілак у 1844 годзе ўзяў на сябе вучань Барабіна – Джавані Батыста Рэзаска.
2 студзеня 1851 года працы завяршыліся. На той час Генуя стала значным культурным цэнтрам краіны, туды з’язджаліся многія таленавітыя і знакамітыя асобы. Жадаючы пакінуць пасля сябе пэўную спадчыну, яны стварылі культуру пахавальнага мастацтва, робячы скульптуры, якія пазней іх нашчадкі ўзводзілі на іх магілах. Да сённяшняга дня могілкі Стальена прыцягваюць да сябе ўвагу шматлікіх мастакоў, вучоных і культуразнаўцаў. Трэба сказаць, што першыя аб’екты пахавальнага або рытуальнага мастацтва з’явіліся яшчэ ў антычныя часы.
Творамі сучаснага рытуальнага мастацтва можна лічыць і мемарыялы, якія ўстанаўліваюцца над магілай. Некаторыя з іх дзівяць прыгажосцю і вытанчанасцю скульптурных формаў, незвычайнымі дызайнерскімі рашэннямі або глыбокім сэнсам, закладзеным у рэалізаваны майстрам вобраз.
На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання Касцёл шанаваў мастацтва, адносячы яго да адной з высакародных спраў чалавека, бо менавіта праз мастацтва чалавек павялічвае пашану і хвалу Божую. Вядома, калі гэтае мастацтва не з’яўляецца дэфармавальным (пар. Статуты Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, 606-607). Пахавальнае мастацтва, у сваю чаргу, з’яўляецца галіной агульнага мастацтва і таму як асобная сфера павінна адпаведным чынам даследавацца.
Такім чынам, падчас мастацкай ці краязнаўчай дзейнасці існуе неабходнасць фатаграфаваць або замалёўваць помнікі, скульптуры ці мемарыялы, а пазней выкарыстоўваць гэтыя фотаздымкі ці малюнкі ў навуковай дзейнасці. А такая дзейнасць (навуковая, мастацкая ці краязнаўчая) не забараняецца Касцёлам. Дастаткова памятаць пра адпаведныя паводзіны на могілках.
З малітвай, кс. Аляксей Ляшко
для друку