На пытанне адказвае кс. Павел Эйсмант.
Паважаны чытач! Вы правільна акрэслілі ваш “дыягназ” – залежнасць ад гаджэтаў. Шмат людзей не расстаюцца са смартфонам ні на хвіліну, але не могуць сваю залежнасць “назваць па імені”. А гэта – першы неабходны крок для вызвалення: усведамленне сваёй праблемы. Што гэта азначае? Па-першае, што менавіта я (а не мой сябар, аднакласнік, калега ці ўвогуле ўсе людзі) залежу ад гаджэтаў. Па-другое, што залежу менавіта ад смартфона, г.зн. не магу без яго жыць і мне вельмі цяжка (а часта нават немагчыма) самому выйсці з гэтага стану.
Чаму так адбываецца? Бо я заўважаю ўнутры сябе штосьці, што мяне “змушае” няспынна зазіраць у смартфон, г.зн. кіруе маімі паводзінамі насуперак маёй волі. Апостал Павел так апісвае гэтую з’яву: “Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу” (Рым 7, 15). Падчас карыстання прыладай чалавек нібыта атрымлівае заспакаенне ўласнай цікаўнасці, пэўную асалоду. Але пасля гэтага ён усведамляе сабе, што шмат каштоўнага часу змарнавана ўпустую, заданні, якія трэба было выканаць, не выкананы, а магчымасць зрабіць штосьці добрае беспаваротна страчана. Тады ўнутры ўзнікаюць незадавальненне такім станам рэчаў, дакор сумлення, часта таксама злосць на сябе і на іншых.
Яшчэ адна прычына, па якой чалавек становіцца залежным ад смартфона, – гэта тое, што ён моцна аблягчае нам жыццё. З дапамогай прылады, якую мы пастаянна носім з сабой, мы можам бескантактна аплаціць пакупкі ў краме, паездку ў гарадскім транспарце, выклікаць таксі, пракласці маршрут, падлічыць крокі ў фітнэс-прыкладанні, замовіць дастаўку… Канешне, нельга забыцца, што з дапамогай смартфона мы яшчэ можам перапісвацца ў чатах, абменьвацца выявамі, рабіць фотаздымкі, правяраць электронную пошту, чытаць навіны, глядзець відэаролікі, гуляць у гульні… І патэлефанаваць іншаму чалавеку, бо смартфон – гэта, перш за ўсё, тэлефон! Занадта частае карыстанне ім выпрацоўвае моцную прывычку, якой і з’яўляецца залежнасць.
Калі нават падчас святой Імшы я не магу стрымацца і з непакоем і хваляваннем зазіраю ў смартфон, каб не прапусціць “чагосьці важнага” – а Імша павінна для мяне як хрысціяніна быць найважнейшай падзеяй, – гэта азначае, што я не валодаю сабой, і мне патрэбна дапамога звонку.
І тут мы ставім адвечнае пытанне: што рабіць у гэтым выпадку?
Па-першае, не займацца самадэградацыяй, г.зн. не ўнушаць сабе, што я – поўны нявольнік, няздольны выправіць сітуацыю. Гэта не так. Выйсці з фонагалізму (бо такім тэрмінам акрэсліваецца залежнасць ад смартфона) цяжка, але магчыма.
Па-другое, трэба ведаць механізм залежнасці ад смартфона, які, дарэчы, аналагічны іншым залежнасцям, такім, як прывычка лаяцца, гуляць у азартныя гульні, паліць тытунь, і нават такім “моцным” залежнасцям, як алкагалізм і наркаманія. Для таго, каб стаць свабодным ад прылады, трэба ад яе адмовіцца ці прынамсі моцна абмежаваць карыстанне ёй (што для залежнага чалавека амаль адно і тое ж). Падчас святой Імшы тэлефон павінен быць выключаны, або яшчэ лепей пакінуць яго дома. Найбольш ідэальны варыянт – гэта перайсці на кнопкавы тэлефон. Але калі гэта здаецца немагчымым, тады на дапамогу могуць прыйсці розныя прыкладанні-абмежавальнікі, якія будуць блакаваць доступ да тых прыкладанняў, ад якіх адчуваецца найбольшая залежнасць (варта адразу паставіць на іх складаны пароль, які нельга будзе адразу ўспомніць, а таксама забарону на іх выдаленне). Паўсюдна вядома, што залежнасць пачынае знікаць пасля трох тыдняў абмежаванняў. Аднак варта і пасля “чуваць” і не дазволіць сабе зноў увайсці ў залежнасць. Без самадысцыпліны аніяк. Але калі залежнасць ад гаджэтаў вельмі моцная, варта скарыстацца дапамогай псіхатэрапеўта.
Па-трэцяе, важнай справай з’яўляецца даць штосьці “ўзамен” залежнасці, г.зн. я павінен заняць сябе чымсьці карысным у той час, калі раней “сядзеў у смартфоне”. Найлепш чалавека займае фізічная актыўнасць, спорт. Можна займацца ўлюбёнай справай, хобі. Аднак варта таксама спрабаваць паўдзельнічаць у дзейнасці, якая прынясе карысць іншым. Гэта і дапамога бліжнім (сястрычцы ў выкананні дамашняга задання, бацькам у прыбіранні дома, бабулі, якая адчувае сябе адзінокай, у прысвячэнні ёй свайго часу), і ўдзел у парафіяльных групах і рухах, і валанцёрская дзейнасць, напрыклад, у “Карытас”. Важна не даць сабе магчымасці застацца сам-насам з прыладай, а, наадварот, адкрыцца на міжчалавечую камунікацыю, якой сёння так не хапае людзям.
І, па-чацвёртае, варта памятаць пра духоўны складнік залежнасці. Наш духоўны праціўнік, сатана, часта выкарыстоўвае залежнасці чалавека, каб яшчэ больш уцягнуць яго ў грэх. Таму трэба выкарыстоўваць цэлы арсенал духоўных сродкаў, якія нам даюць Пан Езус і Касцёл: штодзённая рэгулярная малітва і рахунак сумлення, частая споведзь, штонядзельны (рэкамендуецца па магчымасці нават штодзённы) чынны ўдзел у святой Імшы, прыняцце святой Камуніі, чытанне Святога Пісання і адпаведнай духоўнай літаратуры. Гэта – духоўная зброя, якая дапаможа выстаяць падчас моцных спакус і ў выніку перамагчы ў барацьбе з залежнасцю.
З павагай, кс. Павел
для друку