Наколькі важны асэнсаваны выбар слоў у маўленні? Ці змяняецца характар успрымання інфармацыі ў залежнасці ад ужытых у тэксце канструкцый? Ці варта аддаваць перавагу менавіта ўласнабеларускім словам?
Гэтыя ды падобныя пытанні сапраўды з’яўляюцца надзвычай актуальнымі, калі гаворка ідзе пра захаванне высокай культуры камунікацыі, пра фарміраванне адмысловага моўнага густу грамадства.
Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца ўнікальнай крыніцай папаўнення лексічнага складу мовы, аказваюць сур’ёзны ўплыў на культуру маўлення. Таму кожная лексема з адценнем навізны або свежае, раней малаўжывальнае ці неўжывальнае ўвогуле слова адразу ж прыцягвае ўвагу чытача, прымушае яго запамінаць новы для яго моўны факт, актывізуючы такім чынам пазнавальную актыўнасць увогуле.
Менавіта мова канцэнтруе і перадае найбольш важныя, сутнасныя нацыянальна-культурныя паняцці, канцэптуальныя элементы карціны свету адпаведнага этнасу. У сённяшніх умовах наша грамадства існуе паміж дзвюма культурнымі плоскасцямі – уласнабеларускай і рускай. Гэта знаходзіць сваё самае непасрэднае адлюстраванне ў мове, уплываючы на фарміраванне нацыянальнага менталітэту ці прынамсі асобных яго элементаў.
У працэсе падсвядомага засваення этнічна маркіраванай інфармацыі вялікую ролю адыгрываюць лексемы з яскрава выражаным нацыянальна-культурным кампанентам – фонавая лексіка, якая адлюстроўвае і шматвяковае духоўнае багацце этнасу, і актуальныя новыя катэгорыі, што спрыяе замацаванню ў свядомасці важных кампанентаў нацыянальнай моўнай карціны свету. Пад фонавай лексікай мы разумеем словы, якія ўтрымліваюць выразныя нацыянальна маркіраваныя прыметы.
Названы аспект тым больш важны цяпер, бо ва ўмовах білінгвізму дзве розныя культурныя плоскасці цалкам супадаць не могуць, хоць і маюць у якасці сродкаў сваёй рэпрэзентацыі нямала агульных лексічных адзінак. Пры такой трактоўцы праблемы на першы план выходзіць якраз уласнамоўны кампанент, словы з выразнай нацыянальнай афарбоўкай – фонавыя адзінкі, якія, акрамя ўсяго іншага, падсвядома прыцягваюць увагу чытача. У сучасных газетных матэрыялах мы ўсё часцей фіксуем мікракантэксты, у якіх якраз і ўжываюцца лексемы з падобным патэнцыялам, што самым непасрэдным чынам уплывае на агульны характар успрымання інфармацыі. Прывядзём колькі прыкладаў: Напярэдадні Успення мы з дачкой прыехалі з лецішча, і адразу з электрычкі, з заплечнікамі за спінамі прыйшлі ў храм (Звязда, 4.12.10); Заўзятары пацягнуліся да “Мінск-Арэны”, каб ускласці там кветкі ў памяць аб гульцах “Лакаматыва” (Наша ніва, 14.09.11); Другое выданне кнігі “Краіна Беларусь” выйшла накладам 3000 асобнікаў (Наша ніва, 11.07.12); Кіроўца, пазбаўлены правоў, збіў насмерць двух мінакоў (Наша Ніва, 25.01.12); Тутэйшая евангельская царква штогод ладзіць летнікі з удзелам соцень маладзёнаў (Наша ніва, 7.11.12); Узялі напракат вясельную сукенку, замовілі кавярню для самых блізкіх і сяброў (Звязда, 24.11.12); У меню ёсць і халодныя закускі і салаты, першыя і другія стравы, гарніры, торты і марозіва, кава, гарбата і алкагольныя напоі (Наша ніва, 27.01.16). Вылучаныя тлустым у прапанаваных мікракантэкстах словы з рознай частотнасцю выкарыстоўваюцца ў сучаснай літаратурнай мове, але ўсе яны валодаюць вялікім этнамоўным – фонавым – зместам. Увядзенне ў кантэкст падобных лексем не проста робіць выказванне больш беларускім, “сваім”, але і істотна ўплывае, скажам так, на вектар успрымання канкрэтнай інфармацыі. Гэта асабліва варазна бачна пры супастаўленні пададзеных фрагментаў з іх магчымымі, верагоднымі дублетамі – традыцыйнымі, звыклымі, штампаванымі, якія па сваёй сутнасці адлюстроўвалі б чужы, небеларускі характар мыслення. Можна сказаць, што наступныя варыянты выказванняў – найбольш верагодныя – былі б проста перакладзеныя з рускай мовы: Напярэдадні Успення мы з дачкой прыехалі з дачы, і адразу з электрычкі, з рукзакамі за спінамі прыйшлі ў храм; Балельшчыкі пацягнуліся да “Мінск-Арэны”, каб ускласці там кветкі ў памяць аб іграках “Лакаматыва”; Тыраж зборніка песень з радзімы Н. Гілевіча даволі невялікі як па сённяшнім часе – 100 экзэмпляраў; Вадзіцель, пазбаўлены правоў, збіў насмерць двух прахожых; Тутэйшая евангельская царква штогод ладзіць лагеры з удзелам соцень маладых людзей; Узялі напракат вясельную сукенку, заказалі кафэ для самых блізкіх і сяброў; У меню ёсць і халодныя закускі і салаты, першыя і другія стравы, гарніры, торты і марожанае, кава, чай і алкагольныя напіткі.
Так, сэнс кожнага тэкставага фрагмента ў цэлым будзе зразумелы чытачу ў абодвух выпадках. Але падобныя сінанімічныя эквіваленты могуць разглядацца не толькі як прыклады лексічнай варыянтнасці, але і як праяўленне адмысловай дыферэнцыяцыі паводле стылістычна-прагматычнага складніка. Гэта становіцца асабліва бачным пры супастаўленні такіх лексем з іншымі, сінанімічнымі, але не надзеленымі згаданымі ўласцівасцямі (як і было паказана намі вышэй). Таму іх культурная канатацыя істотна адрозніваецца. Напрыклад, у прапанаваным раней мікракантэксце Кіроўца, пазбаўлены правоў, збіў насмерць двух мінакоў надзвычай выразна выяўляецца спецыфічна беларускае ўспрыманне вылучаных элементаў тэкставай мікраструктуры. Кіроўца – ад кіраваць, бо транспартным сродкам кіруюць, а не водзяць яго (як у рускай культурнай традыцыі). Вадзіць можна дзіця за руку ці алоўкам па паперы. Тое ж і з назоўнікам мінак: той, хто праходзіць міма, мінае. Тут неабходна памятаць, што семантычныя сістэмы розных моў, няхай і блізкароднасных, утрымліваюць лексічныя кампаненты, якія не супадаюць паводле сваёй унутранай формы і сімвалічнага патэнцыялу. “Мовы… даюць нам розныя спосабы мыслення і ўспрымання, – слушна заўважае вядомы расійскі лінгвіст М. Гарбоўскі. – Розныя мовы – гэта зусім не розныя абазначэнні адной і той жа рэчы, а розныя бачанні яе”…
Важную ролю ў стварэнні пазнавальнага беларускага кантэксту адыгрываюць так званыя экстралінгвістычныя фактары, або інакш – сукупнасць шырокага кола гістарычных, культурных, грамадскіх і г.д. чыннікаў, якія непасрэдна ўплываюць на фарміраванне ўнікальнай канцэптуальнай мадэлі свету беларусаў.
Лічыцца, што мова праз сваю сістэму значэнняў і асацыяцый падключаецца да канцэптуальнай мадэлі свету пэўнага этнасу, афарбоўваючы яе ў нацыянальна-культурныя колеры. І тады культурна значная інфармацыя вельмі цесна знітоўваецца з глыбінным, падсвядомым зместам фонавай лексікі. Як, напрыклад, у наступных фрагментах з публікацый розных беларускіх медыяў: Куражную гульню брамніка “зуброў” заўзятары віталі… А вось нядзельная сустрэча прынесла беларускім заўзятарам расчараванне… Заўзеем за нашых!.. (Віцебскі праспект, 3.03.11); Рэкламная ўлётка з гіпермаркета “Махіма”, якая абвяшчае аб зніжках на прадукты харчавання. Паказаны стары і новы кошты і адсотак, на які праведзена зніжка (Вольнае Глыбокае, 30.06.11); Строй створаны з адмысловага матэрыялу, здольнага змяняць колер у залежнасці ад настрою чалавека (Звязда, 14.11.13); У той дзень, калі ў метро шукалі выбухоўку, у Смалявічах адбыўся ператрус на лецішчы… (Наша ніва, 12.03.14); Таксама гледачоў чакаюць новыя рубрыкі і госці – беларускія знаныя спартоўцы і лекары (Наша ніва, 12.03.14).
Кожны носьбіт беларускай мовы можа па-свойму ставіцца да выкарыстання слоў брамнік, заўзець, выбухоўка, улётка, ператрус і г.д. Кожны можа мець уласнае ўяўленне пра мэтазгоднасць іх ужывання ў штодзённай камунікацыі, тым больш у публіцыстычным тэксце. Але гэта не галоўнае. Урэшце мова з цягам часу сама пазбавіцца ад таго, што не прыжылося, і, наадварот, замацуе тое, што будзе выкарыстоўвацца рэгулярна і ў розных сітуацыях маўлення. У нашым выпадку вельмі важна, што адметныя, інакш кажучы, фонавыя словы ўжываюцца рознымі айчыннымі СМІ. Гэта дазваляе гаварыць пра пэўную тэндэнцыю, нават заканамернасць у арыентацыі на нацыянальна афарбаваныя лексічныя рэсурсы, а не пра выпадковыя, адзінкавыя факты, зафіксаваныя толькі ў асобных публікацыях. Тут назіраецца выразнае адлюстраванне ў значэнні канкрэтнага слова-неалагізма пэўнага комплексу прыметаў прадмета або з’явы навакольнай рэчаіснасці, што ў іншых выпадках можа характарызавацца цэлым спалучэннем ці нават сказам. Гэта значыць, праяўляецца нацыянальная спецыфіка ўспрымання і трактоўкі з’яў і паняццяў.
Новае ці вернутае ва ўжыванне пасля пэўнага перыяду адсутнасці слова можа замяняць сабой іншае, калі абазначаны ім адпаведны фрагмент рэчаіснасці, нейкая сітуацыя становяцца больш частотнымі ў жыцці супольнасці, набываюць большую сацыяльную значнасць і ў нейкай ступені пераасэнсоўваюцца носьбітамі мовы. Таму часам узнікае пэўнае неразуменне ў працэсе міжкультурнай камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных лінгвакультурных супольнасцяў. Гэта, аднак, абумоўліваецца не няведаннем іншай, у нашым выпадку блізкароднаснай мовы, а, хутчэй, неразуменнем тых ці іншых з’яў нацыянальнай культуры, павярхоўная іх трактоўка ці проста нежаданне ўсведамляць адрозны характар іншай культурнай плоскасці.
Яшчэ адзін надзвычай важны фактар стварэння адметнага беларускага кантэксту, этнамоўнага лексічнага фону – выкарыстанне нацыянальна маркіраваных лексем у загалоўках. Як вядома, загаловак у публіцыстычным тэксце (і не толькі ў публіцыстычным) павінен вырашаць найважнейшую камунікацыйна-прагматычную задачу: прыцягнуць увагу чытача да напісанага, зацікавіць яго, урэшце прымусіць пазнаёміцца з тэкстам. Таму, выбіраючы найбольш эфектыўную назву публікацыі, аўтары апошнім часам пачалі праяўляць сапраўдную крэатыўнасць і нестандартнасць мыслення, у структуры загалоўкаў становіцца ўсё менш штампаў і канцылярызмаў. І наадварот, павялічваецца доля і ўзрастае роля ў тым ліку лексем з нацыянальна-культурным кампанентам – фонавых адзінак. Вось колькі прыкладаў такіх загалоўкаў і загаловачных комплексаў з розных айчынных выданняў: Без дахоўкі (Народная воля, 1-3.03.11); Зніжкам кожны рады. Асабліва на Каляды (Звязда, 30.11.11); Гуртам лягчэй і зніжку выбіваць (Наша ніва, 30.11.11); Ветлівасць памежніка, усмешка мытніка (Звязда, 18.04.14); Дзёрзкі налёт на краму: з выбухоўкай і ў бронекамізэльцы (Наша ніва, 5.11.14); Не галалёдзіца – коўзанка! (Звязда, 4.02.15); У Шчучыне адкрыта кнігарня-кавярня (Наша слова, 9.09.15); Кіроўцы, будзьце пільнымі! (Звязда”, 12.01.16); Спадарожнік, суперкамізэлька і штучная скура (Звязда, 10.01.17). Яшчэ раз акцэнтуем увагу, што загалоўкі зафіксаваны намі ў розных газетах, гэта значыць, не выпадае гаварыць пра нейкі выпадковы характар вылучаных лексічных адзінак, пра асаблівую прыхільнасць толькі некаторых аўтараў-журналістаў да адметных беларускіх слоў. Акрамя таго, такія загалоўкі ці загаловачныя комплексы валодаюць несумненнай мастацкай вартасцю, выконваючы па сутнасці амбівалентную функцыю, бо з’яўляюцца ў нейкай ступені рэкламнымі слоганамі: Зніжкам кожны рады. Асабліва на Каляды; Ветлівасць памежніка, усмешка мытніка; Кіроўцы, будзьце пільнымі!; Спадарожнік, суперкамізэлька і штучная скура.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што апошнім часам у мове сродкаў масавай інфармацыі ўсё часцей сталі ўжывацца этнамаркіраваныя словы, лексемы з выразнай нацыянальна-культурнай семантыкай – фонавая лексіка. Падобныя лексічныя адзінкі, асабліва калі ў межах мікракантэксту іх дзве ці нават больш, на падсвядомым узроўні ўспрымаюцца адрасатам як элемент адмысловых фонавых ведаў і асаблівым чынам уздзейнічаюць на яго кагнітыўны апарат. Словы з адметнымі культурна-спецыфічнымі значэннямі адлюстроўваюць не толькі лад жыцця, уласцівы пэўнай моўнай супольнасці, але і лад мыслення.
У аснове семантычных сістэм розных моў, у тым ліку і блізкароднасных (у нашым выпадку – беларускай і рускай, якія існуюць у грамадстве паралельна), знаходзяцца паняццевыя крытэрыі, сфарміраваныя ў свядомасці прадстаўнікоў адпаведнай лінгвакультурнай традыцыі. Вывучэнне і разуменне гэтых лінгвістычных асаблівасцяў бачыцца надзвычай важнай задачай, вырашэнне якой істотна паспрыяе ў фарміраванні моўнай свядомасці і ў павышэнні агульнай культуры грамадства.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку