Ехаць на веласіпедзе? Ехаць на ровары? Пашырэнне сінанімічнага патэнцыялу сучаснай беларускай мовы

Апошнім часам у друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі, а таксама ў штодзённай вуснай камунікацыі ўсё часцей ужываецца назоўнік ровар. Раней гэтая лексема была пашыраная хіба што на тэрыторыі Заходняй Беларусі, трактавалася як рэгіянальная, дыялектная: Згадваюцца даўнія часы, калі мы былі малымі мальцамі (школьнікамі) і ездзілі на роварах на возера (Вольнае Глыбокае, 31.07.14); Беларус за паўтара года аб’едзе паўсвету на ровары (Наша ніва, 29.04.15). Літаратурны ж статус меў агульнасавецкі ўзор веласіпед. Але напрыканцы 80-ых гадоў ХХ стагоддзя сітуацыя пачала паступова змяняцца: слова ровар стала імкліва пашырацца ва ўжыванні. Сёння мы маем у літаратурнай мове фактычна два раўназначныя сінонімы – ровар і веласіпед. Гэта значыць, што праз павелічэнне частотнасці выкарыстання назоўніка ровар пашырыліся і сінанімічныя магчымасці нашай мовы. Нярэдка ў межах аднаго кантэксту ўжываюцца абедзве названыя лексемы. Праілюструем гэта на прыкладах з публіцыстычных тэкстаў: Велатаксі (таксі-ровар) нярэдка называюць удасканаленымі рыкшамі (Наша Ніва. 15.06.2011); Скралі новы веласіпед коштам каля мільёна рублёў у 38-гадовай медсястры. А ў Баранавічах жанчына пакінула свой ровар каля крамы… выйшла з пакупкамі – а ехаць няма на чым (Звязда. 29.06.2011); Веладарожка без дарожкі для ровараў (Наша Ніва. 2.11.2011); Частку дарогі да Будслава Тадэвуш Кандрусевіч адолеў на ровары разам з мінскай веласіпеднай пілігрымкай (Наша Ніва. 11.07.2012); …Члены Мінскага роварнага таварыства, журналісты і проста велааматары (Звязда. 15.02.2013). У Віцебску не адбылася запланаваная роварная экскурсія па гістарычных месцах горада… Арганізатар велапрабегу распавёў, што дагэтуль такія экскурсіі ладзіліся двойчы (Народная воля. 13.09.2013).

Назоўнік ровар не падаецца пакуль у акадэмічных перакладных слоўніках. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” фіксуе гэтую лексему з пазнакай абл. (т. 4, с. 710). Але новыя слоўнікі ўжо адлюстроўваюць рэальную моўную сітуацыю. Так, слова ровар занатоўвае “Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы” А. Баршчэўскай і Л. Баршчэўскага (2010, с. 397) і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (2012, с. 722). Таксама варта адзначыць, што і ў мастацкіх тэкстах назоўнік ровар ужываецца дастаткова актыўна: Прывёз хлапец на ровары / Курэй і мёду збан (Р. Барадулін); На каштане лісце шуміць, быццам ровар едзе па асфальце (У. Сцяпан). Пры паралельным існаванні дзвюх сінанімічных лексем варыянт ровар мае ўсё ж пэўную перавагу: усяго два склады, ён карацейшы ў параўнанні з назоўнікам веласіпед, а гэта значыць, што дзейнічае прынцып моўнай эканоміі. Таму няма ніякіх падстаў, каб не прызнаваць лексему ровар як факт сучаснай літаратурнай мовы. Тым больш што ёсць і слова раварыст, спалучэнне роварная дарожка. Гэта значыць, што назоўнік ровар можа без абмежавання выкарыстоўвацца сёння як у вусным, так і ў пісьмовым маўленні.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку